Куды вядзе брукаванка

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

Усе мы прызвычаіліся, што калі гаворка ідзе пра помнікі матэрыяльнай спадчыны, на ўвазе маюцца велічныя гмахі храмаў, старыя замкі, палацы… Аднак гэты пералік далёка не вычарпальны. Летась у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў патрапіў даволі цікавы і ўнікальны для такіх “збораў” аб’ект — сапраўдная старая брукаванка.

/i/content/pi/cult/669/14782/7.jpg

Каленна-ручная праца

Збочыўшы з асфальтавай шашы на выездзе са Стоўбцаў у бок Новага Свержаня, трапляеш на старую разбітую гравійку, на якой паступова пачынае “праяўляцца” брук — спачатку толькі месцамі. Але ўжо хутка адкрываецца сапраўдная і даволі якасная брукаваная кладачка, а далей — і традыцыйная для такіх дарог абсада з ліпаў, якія сваім галлём спляліся шатамі.

Пасля роўні асфальту па такім гасцінцы не тое што ехаць — нават і ісці цяжка. Але ж хочацца, бо чароўныя краявіды, якія ты бачыш наўзбоч, папраўдзе вабяць.

Статус помніка
нададзены не ўсяму старадаўняму тракту, які лучыць Новы Свержань з Мірам, а толькі невялічкаму яго фрагменту. Як адзначыў у сваім заключэнні член Навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны доктар архітэктуры Армэн Сардараў, толькі гэты кавалак трасы працягласцю трошкі больш за кіламетр знаходзіцца ў даволі добрым стане і цалкам захаваў такі гістарычны элемент, як абсадка дрэвамі. Астатнія часткі гасцінца ў лепшым разе часткова іх страцілі.

Стаўбцоўшчына — край выключна знакавы для беларускай гісторыі і культуры. Таму і не дзіўна, што там актыўна развіваецца краязнаўчы рух. Варта толькі залезці ў інтэрнэт — не заязджаючы нават у самі Стоўбцы — каб зразумець, як віруе тут культурнае жыццё. Калі ж завітаць сюды, стане відавочным, што віруе яно не віртуальна. Як адзначыла намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама Святлана Жыбуль, менавіта мясцовыя краязнаўцы паднялі калісьці пытанне пра “старую дарогу” і дамагаліся ўключэння яе ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў:

— Шмат якія брукаванкі ў Беларусі ўжо знішчаныя, а былі ж яны паўсюдна. У лепшым разе іх “закаталі” ў асфальт… І вось такая ідэя мемарыялізацыі гасцінца даўно ў нас гучала сярод неабыякавых людзей. Улады яе падтрымалі, была праведзеная пэўная работа, і мы дамагліся, каб нашаму брукаванаму гасцінцу надалі статус каштоўнасці.

Метадыст па краязнаўстве раённага цэнтра культуры Наталля Радомская, якая займалася афармленнем усіх дакументаў, таксама адзначае моцную дапамогу ў справе аховы спадчыны ад мясцовай грамады, без якой нічога, магчыма, і не атрымалася б:

— Увесну мы ладзілі першы суботнік. Разам з намі, з усёй “культурай” раёна, працавалі і “ўласнікі” гасцінца з мясцовага дарожна-рамонтнага ўпраўлення, і ўсе мясцовыя краязнаўцы, багата сабралася і валанцёраў з тутэйшых грамадскіх аб’яднанняў. Увосень мы працягнулі гэтую традыцыю і правялі чарговы суботнік на брукаванцы. На жаль, гэтым разам ужо толькі сіламі “культуры”…

І калі сама дарога рабілася, як любіць адзначаць краязнаўца, публіцыст і актывіст экалагічнага руху Валерый Дранчук, “каленна-ручным спосабам”, дык і цяперашні яе дагляд і чыстка адбываецца ўсё так жа — уручную.

— Пакуль не распрацаваны і не зацверджаны праект зон аховы дадзенай гістарычна-культурнай каштоўнасці, — тлумачыць Наталля Радомская, — нават да канца і не зразумела, якім чынам трэба праводзіць рамонтныя работы і што наогул можна рабіць, а чаго — нельга.

Аднак у аддзеле ІРКСМ спадзяюцца, што хутка праект будзе распрацаваны і зацверджаны, пасля чаго можна весці гаворку і пра канкрэтныя работы, і пра шмат якія нюансы ў яго развіцці як культурнага і турыстычнага аб’екта.

З абсадамі, але без “галавы”

Адзін з галоўных змагароў за стаўбцоўскую брукаванку Валерый Дранчук дагэтуль рэгулярна ўздымае пытанне гасцінца — хаця, здавалася б, пасля таго, як той ужо трапіў у Дзяржспіс, можна трошкі супакоіцца. Аднак мясцовы актывіст упэўнены, што гэта толькі пачатак работы. Бо ўнесці ў спіс мала, трэба яшчэ і захаваць.

“Галава” гасцінца — тыя самыя першыя амаль два кіламетры дарогі, якія месцамі захаваліся не вельмі добра, але шмат дзе — у даволі прымальным стане, — на сёння з’яўляюцца, бадай, найбольш праблемным момантам у далейшым развіцці аб’екта і інтэграцыі яго ў культурнае жыццё, турыстычныя праграмы дый самі практыкі захавання гістарычнай спадчыны.

Валерый Дранчук актыўна змагаецца за ўключэнне ў Дзяржспіс і гэтага фрагмента помніка беларускай гісторыі дарог. Паводле яго слоў, калі ён застанецца без абароны, у далейшым гэта можа прывесці да поўнага заняпаду і ўсёй астатняй дарогі. На сёння, як перакананы краязнаўца, варта паставіць хаця б знак — ахоўную дошку — на пачатку ўсяго тракту і спыніць распрацоўкі пабудовы аб’яздной дарогі па гэтай яго “галаве”.

Святлана Жыбуль з гэтым не згодная: ахоўную дошку не толькі па логіцы, але і па законе неабходна ставіць там, дзе яна і была пастаўленая — на пачатку менавіта таго фрагмента дарогі, які мае адмысловы статус. Іншая справа, што прапанаваная Валерыем Дранчуком ідэя пра пастаноўку шыльды на павароце з асноўнай шашы сапраўды падаецца слушнай. З той папраўкай, што ставіць варта не ахоўную дошку, а стэнд ці ўказальнік, які не толькі ўказваў бы кірунак да брукаванкі, але і нёс бы пэўныя інфармацыйныя функцыі.

— Аднак рабіць гэта можна будзе адно пасля зацверджання Міністэрствам культуры праекта зон аховы, — дадае ён. — Толькі тады будзе зразумелы статус прылеглых да брукаванкі тэрыторый і вызначаны рэжым іх выкарыстання і абслугоўвання.

Да пытанняў пра перспектывы развіцця парэштак брукаванага гасцінца “К” звярнулася да архітэктара Дзмітрыя Савельева, які будзе займацца распрацоўкай згаданага праекта. Паводле яго слоў, пакуль што вельмі рана казаць пра канкрэтныя меры па захаванні і самой гістарычна-культурнай каштоўнасці, і прылеглай да яе тэрыторыі, — у тым ліку таго ўчастку брукаванай дарогі, які звязвае тракт з шашой.

— Падобна на тое, што гэты гістарычны кавалак таксама з’яўляецца старажытным, але толькі дэталёвыя даследаванні могуць гэта выявіць. І іх вынікі, безумоўна, будуць уплываць на далейшы лёс помніка. На дадзены момант ёсць пэўная інфармацыя, што па “спрэчным” участку мусіць прайсці аб’яздная дарога. На мой погляд, стварэнне яе ў гэтым месцы — неадназначнае рашэнне. Вядома, яна можа вырашыць транспартнае пытанне, але ж толькі часткова. Па-першае, далей дарога ўсё адно ідзе па Новым Свержані, дзе забудова шчыльная, месцамі нават адсутнічаюць ходнікі. Па-другое, там таксама знаходзяцца помнікі архітэктуры, і павелічэнне трафіку можа негатыўна адбіцца на іх. Таму нават калі і не разглядаць “галаву” брукаванага гасцінца як каштоўны помнік гісторыі, выкананне аб’яздной дарогі па такім маршруце немэтазгоднае.

Дарога як частка музея

Бадай галоўнае ў далейшым лёсе помніка — стаўленне “гаспадара” каштоўнасці да праблемы яе захавання і выкарыстання, а таксама яго “ўключэнне” ў даследаванні і папулярызацыю. Мясцовае дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне нельга пакідаць сам на сам з аб’ектам і яго праблемамі. З ім трэба весці сумоўе, і планы на будучыню выпрацоўваць разам.

— А пакуль варта праводзіць далейшыя даследаванні: гістарычныя, і тэхнічныя, інжынерныя і археалагічныя… Перадусім мусяць быць даследаванні! — кажа Дзмітрый Савельеў. — Бо распрацоўка праекта зон аховы — гэта толькі першасная, але далёка не апошняя задача.

Наперадзе іх багата. Трэба вызначыць функцыі дарогі, максімальныя нагрузкі на яе і транспарт, які зможа па ёй ездзіць:

— Наогул, калі мы вядзём гаворку пра помнікі гісторыі і культуры, варта памятаць, што гэта не толькі “фізічная абалонка”, але і нематэрыяльнае ўвасабленне — функцыі, успрыманне, уяўленні людзей і іх стаўленне, — тлумачыць архітэктар. — Акрамя захавання самой структуры помніка, матэрыялу, з якога ён выкананы, важна па меры магчымасцяў захоўваць і першапачатковыя функцыі, бо гэта таксама каштоўнасць. Таму поўнае абмежаванне руху транспарту — не
вельмі добрае рашэнне.

Напэўна, варта было б разглядаць будучыню брукаванага гасцінцу праз гістарычную палітыку, скіраваную на рэалізацыю мемарыяльных практык адносна спадчыны Стаўбцоўшчыны. І спадар Савельеў, і спадарыні Жыбуль і Радомская кажуць пра магчымае асацыяванне суседніх гістарычна-культурных каштоўнасцяў, размешчаных вакол горада, у адзіны культурна-турыстычны комплекс. Валерый Дранчук, які часта выступае з крытыкай мясцовых уладаў, адным з выйсцяў са складанай сітуацыі таксама бачыць у стварэнні музея пад адкрытым небам.

— Гэта ж менавіта тут у нас размешчаная наша “турыстычная зона”, куды ўваходзяць і іншыя помнікі спадчыны: Успенская царква, Петрапаўлаўскі касцёл і вадзяны млын у Новым Свержані, — дадае Наталля Радомская. — А побач — музейныя комплексы, звязаныя з жыццём народнага паэта Якуба Коласа. Сапраўды запаведны край.

Без сумневу, стварэнне адзінага турыстычнага кластару магло б паспрыяць захаванню і, што яшчэ больш важна, далейшаму даследаванню і папулярызацыі мясцовых каштоўнасцяў ды наогул гісторыі Стаўбцоўшчыны. Гэта была б моцная база не толькі для турыстычных забаў, але і для адукацыйнай работы па гісторыі роднага краю.

Ідэя, неаспрэчна, добрая — пры належнай яе прапрацоўцы. Цяпер справа за самым складаным — за рэалізацыяй.

Фота аўтара