Сувязь не толькі гістарычная…

№ 49 (1332) 08.12.2017 - 16.12.2017 г

7 і 8 снежня ў Мінску і Брэсце прайшлі Дні культуры Інгушэціі — так рэспубліка адзначыла свой 25-гадовы юбілей.

/i/content/pi/cult/669/14780/5.jpg

Для святкавання наша краіна была абрана невыпадкова, паколькі Інгушэцію і Беларусь звязваюць вельмі трагічныя падзеі, якія адбыліся падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1941 годзе інгушскія салдаты аднымі з першых пачалі абараняць Брэсцкую крэпасць, ваявалі ў складзе воінскіх частак. Іх подзвіг шануюць у нашай краіне і дасюль — памяць аб героях увекавечана ў музеі Брэсцкай крэпасці і таксама ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

Вялікі ўклад Інгушэціі ў гісторыю Беларусі адзначыла першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга: “Я спадзяюся, што нашчадкі гэтых герояў, нашы сучаснікі, павінны працягваць традыцыі сяброўства і развіваць сувязі ва ўсіх сферах, у тым ліку духоўнай і культурнай. Лічу, што Дні культуры раскрыюць перад беларусамі ўсе скарбы і багацце інгушскага народа і стануць добрым камянём у фундаменце сяброўства і ў культурнага супрацоўніцтва.”

Урачыстае адкрыццё Дзён культуры адбылося 7 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а на наступны дзень інгушскія артысты з творчай праграмай наведалі Брэст, дзе ў Палацы культуры працягнулі святкаванне.

У культурнай праграме ўдзельнічалі інгушскія творчыя калектывы, салісты Дзяржаўнага ансамбля народнага танца “Інгушэція”, спевакі Алаудзін Эсмурзіеў і Рахман Бекаў, артысткі Лема Нальгіева, Рагда Ханіева, таксама акцёры рэспубліканскіх тэатраў. У фае філармоніі разгарнулася вялікая выстава жывапісу мастакоў з Інгушэціі, былі прадстаўлены нацыянальныя касцюмы і лялькі, госці маглі азнаёміцца з інгушскімі кнігамі, фотадакументальнымі матэрыяламі на тэму “Інгушы — абаронцы Брэсцкай крэпасці“. Акрамя гэтага ў рамках Дзён культуры былі праведзены майстар-класы па жывапісе і розныя мерапрыемствы, дзякуючы якім беларусы змаглі яшчэ больш дазнацца пра культуру самабытнага каўказскага края.

Фота аўтара
Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"