Чалавек з фотаапаратам

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Аляксандр ЛАСМІНСКІ вядомы не толькі як фатограф, чые здымкі гродзенскіх краявідаў змешчаныя ў фотаальбомах і на білбордах, але і як завадатар ды каталізатар самых розных культурных пачынаў у Гродне. Пра некаторыя з іх ён і распавядае.

/i/content/pi/cult/668/14777/114.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 47.)

Фотаклуб у эпоху “мыльніц”

Мне часта задаюць пытанне: а ці не “састарэў” наш фотаклуб “Гродна” ў эпоху даступнай лічбавай тэхнікі, калі фатографам сябе лічыць ледзь не кожны першы? Я абсалютна перакананы, што наша роля наадварот стала больш важнай: той арміі аматараў трэба ж недзе вучыцца! А куды яшчэ яны могуць звярнуцца, каб атрымаць прафесійныя кансультацыі ды зарыентавацца ў свеце сучаснай фатаграфіі? А такія арыенціры проста неабходныя для плённай самарэалізацыі. І менавіта таму мы не так даўно пачалі ладзіць своеасаблівыя курсы майстэрства для ўсіх ахвотных — прычым абсалютна бясплатныя.

Не выключана, што нехта з навучэнцаў атрымае належны штуршок, каб зрабіцца сапраўдным прафесіяналам. Я гэта кажу з пэўнасцю, бо ў мяне было нямала вучняў, якія ў нечым мо і пераўзышлі настаўніка — але, што вельмі радуе, пра яго не забыліся! Згадаю хаця б Сяргея Грыца, які сёння вядомы далёка па-за межамі Беларусі. А ў свой час гэта быў сціплы хлопец з Навагрудка. Рады, што клуб дапамог яму стаць фатографам.

Да ўсяго, менавіта фотаклуб здатны пацягнуць маштабныя і доўгатэрміновыя праекты. Напрыклад, летапіс Фестывалю нацыянальных культур, які мы вядзём ад самага яго пачатку, зрабіўшы ўжо не адну выставу і фотаальбом па гэтай тэме. Значнасць гэтага шматгадовага пачыну бачыш толькі на адлегласці — праглядаючы назапашаныя дзесяцігоддзямі фота, разумееш, як эвалюцыянаваў фестываль. Для гісторыі гэта мае вялікае значэнне.

Аграном, які любіў Бацічэлі

Фотаклуб заўсёды быў месцам сустрэч інтэлігенцыі — прычым не толькі творчай. Не раз даводзілася заседжвацца за гарбатай з Героем Сацыялістычнай Працы, а затым і Героем Беларусі Аляксандрам Іосіфавічам Дубко — на той момант яшчэ старшынёй калгасу “Прагрэс-Верцялішкі”, які лічыўся ўзорным ва ўсесаюзным маштабе. І ведаеце, пра што мы тады гаварылі? Пра мастацтва часоў Рэнесансу! Абмяркоўвалі карціны Бацічэлі, Рубенса, Рафаэля, якія мой суразмоўца мог апісаць у дэталях — прычым усляпую, нават не маючы перад вачыма іх рэпрадукцый. І выказваў свае меркаванні ён настолькі грунтоўна, нібы быў па адукацыі мастацтвазнаўцам, а не аграномам.

Фактычна, наша знаёмства пачалося па ініцыятыве Аляксандра Іосіфавіча. Даведаўшыся пра фотаклуб, ён прапанаваў зладзіць выставу ў Доме культуры Верцялішак, прапанаваўшы самыя камфортныя ўмовы, якія толькі магчыма. Нават рамы зрабілі па нашым патрабаванні. І такія выставы сталі ладзіцца рэгулярна. Я прывозіў зборы не толькі гродзенскіх фатографаў, але і найлепшых творцаў з Літвы.

А як прыгожа Дубко ўмеў прамаўляць з трыбуны! Ягоная мова заўсёды была пазбаўленая розных “ну…”, “м-м-м…” ды іншых паразітаў. Але меў і хібы: пэўна, паддаўшыся ўсеагульнаму ўплыву, тады ўжо губернатар стаў казаць “средствА” — звыклая, пагадзіцеся, памылка. Я ж, як журналіст, заўсёды лічыў сваім абавязкам вучыць людзей культуры мовы. Падчас адной з нарадаў на свой страх і рызыку напісаў цыдулку, дзе паказаў правільны націск, падпісаў сваім прозвішчам і адправіў Дубко. Ён прачытаў у прэзідыуме, усміхнуўся. І ў завяршэнне нарады кажа: “Усім вялікі дзякуй, а асабліва — Аляксандру Ласмінскаму!” Вось такі гэта быў чалавек! Даступны, дэмакратычны і культурны ва ўсіх сэнсах слова.

/i/content/pi/cult/668/14777/115.jpgУ кожным падворку па музеі

Чаго найперш не хапае Гродна? Мабыць, музеефікацыі гістарычнага цэнтра. Мару, што праграма “Спадчына”, распрацаваная ў свой час з маім непасрэдным удзелам і прынятая гарвыканкамам, паспрыяе адкрыццю хаця б 5 — 6 музеяў. Прычым тут не трэба вялізных экспазіцый — для кожнага хопіць і пары ўтульных залаў у старых камянічках. Шпацыруеш ты надвячоркам па Савецкай — і бачыш шыльду “Музей нумізматыкі”. Настрой добры, чаму б не зайсці?

Балазе, у фондах нашага гісторыка-археалагічнага музея — тысяч дваццаць манет з усіх кантынентаў, якія цяпер без справы ляжаць у скрынях. Гэта ж гатовая экспазіцыя! Апрача яе, можна зрабіць і залу для зменных выстаў з калекцый нумізматаў і, вядома, шапік Нацыянальнага банка, дзе прадаюцца сучасныя калекцыйныя манеты. Вось вам гатовы турыстычны аб’ект!

Заходзіш у суседнюю арку — а там музей філатэліі. У часы перабудовы, калі праз Гродна хадзілі міжнародныя цягнікі, многія спрабавалі вывезці за мяжу вельмі каштоўныя маркі, але мытня гэтыя спробы спыняла, і ўнікальныя калекцыі асядалі ў фондах нашага Гісторыка-археалагічнага. У яго сховішчы ёсць нават самыя рэдкія расійскія маркі! Адпаведна, будзе з чаго фарміраваць экспазіцыю. І, зразумела ж, у музеі знойдзецца месца і для філатэлістычнай лаўкі і сучасных беларускіх калекцый.

Ідзем далей па Савецкай — і бачым шыльду “Музей фатаграфіі”. Гэта галоўная мая мара, і буду ўдзячны лёсу, калі яна ўрэчаісніцца ўжо пры маім жыцці. Далібог, мае мінскія сябры гатовыя перадаць для музея добрую сотню калекцыйных фотаапаратаў. Яшчэ там можна аднавіць атэлье гродзенскага фатографа пазамінулага стагоддзя — а ў нас іх была цэлая плеяда. І абавязкова павінна быць мемарыяльная зала знакамітага Пятра Шумава. Чулі пра такога? Не? Ну так, гэтае імя ў нас пакуль мала каму вядомае, трэба яшчэ прыкласці шмат намаганняў, каб вярнуць яго на Беларусь.

Уявіце сабе — сын царскага чыноўніка, прысланага ў Гродна пасля паўстання 1863 года для ўмацавання кантролю, ён сам становіцца рэвалюцыянерам! Восем арыштаў, чатыры гады ў гродзенскай турме… А калі хмары зноў згушчаюцца, ён уцякае ў эміграцыю ў Парыж і каб неяк там пракарміцца, пачынае кар’еру фатографа. З нуля, уяўляеце! І што б вы думалі — дасягае папросту нечуванага поспеху, чуе кампліменты ад самога Агюста Радэна, які называе яго сваім улюбёным фатографам, робіць процьму здымкаў знакамітасцяў, якія мы часта бачым у падручніках, не ведаючы, хто іх аўтар. Усе лічылі за гонар патрапіць у яго атэлье!

Сёння ўжо ёсць дамоўленасць аб вяртанні на Беларусь часткі спадчыны Шумава. Зразумела, такой постаццю Гродна мае поўнае права ганарыцца.

Шыкоўныя сутарэнні

Што яшчэ мяне даўно хвалявала, дык гэта сутарэнні дамоў у гістарычным цэнтры Гродна. Вы ж, напэўна, бывалі ва ўтульных віленскіх кавяраньках, размешчаных у старых падвалах? Там яны прыведзеныя да ладу і актыўна выкарыстоўваюцца на радасць турыстаў. А нам што перашкаджае? Пагатоў, на той жа Савецкай ёсць такія лёхі, дзе можна ледзь не на аўтамабілі ездзіць! Пабудаваныя яны грунтоўна — столь трывалая. Але нікому доўгі час да іх справы не было.

Неяк я зладзіў экскурсію па падвалах Савецкай тагачаснаму мэру Гродна Барысу Казялкову, і ўбачанае яго ўразіла. Чалавек гэта ініцыятыўны, і, спусціўшыся ў адно з сутарэнняў, ён адразу правёў там імправізаваную планёрку. У выніку, згадалі мы пра адно акцыянернае таварыства, названае ў гонар французскага горада-пабраціма, якое спецыялізуецца на выкшталцоных кандытарскіх вырабах. Кантрольны пакет акцый — у гарвыканкама. Адразу было прынятае рашэнне запрасіць добрых архітэктараў, тыя
неўзабаве зрабілі дыхтоўны праект.

На цэнтральнай вуліцы Гродна з’явілася кавярня “Раскоша”, ад якой у захапленні ўсе турысты. Ганаруся, што і я таксама прыклаў руку да яе стварэння. А паколькі ўсё атрымалася ўдала, інвестары зацікавіліся і іншымі сутарэннямі. У будынку непадалёк — там, дзе крама “Оптыка” — яны ажно двухпавярховыя! Наколькі я ведаю, ужо зроблены эскізны праект для іх.

Галівуд па-над Нёманам

Я ўжо прызвычаіўся да сваёй ролі заўсёднага парушальніка спакою — якая многім, мусіць, не надта падабаецца. Усе ведаюць, што калі ў твой кабінет уваліцца гэты вар’ят Ласмінскі, пра спакой можна забыцца. Памятаю, сустрэўся неяк на вуліцы з віцэ-губернатарам Віктарам Лісковічам і выказаў здіўленне: чаму гэта ў нас адкрылі алею галівудскіх зорак? Ён пагадзіўся і тут жа спытаў: дык а што вы прапануеце наўзамен? Я адказваю: ну як, у нас жа свой Галівуд быў, гродзенскі! Тут здымаліся ці не ўсе лепшыя беларускія фільмы, агулам каля пяцідзесяці. Я і сам у свой час дапамагаў з выбарам пляцовак Ігару Дабралюбаву, Валерыю Рубінчыку, з іншымі рэжысёрамі супрацоўнічаў.

Пагаварылі мы, разышліся — і тут раптам званок ад памочніка віцэ-губернатара. Аказваецца, змест нашай размовы патрапіў у пратакол даручэнняў, і цяпер ужо не адкруцішся: кроў з носу трэба выконваць! Адной з разыначак мінулага дня горада стала адкрыццё алеі беларускага кіно на той жа Савецкай. Яшчэ адна гарадская адметнасць! А цяпер пайшлі далей — ужо ўсталявана некалькі прыгожых інфармацыйных табло з кадрамі з фільмаў і тлумачэннямі на некалькіх мовах — чым не новы турыстычны маршрут?

Падтрымка Божай Маці

У нашай Каложы знаходзілася цудатворная ікона Багародзіцы, датаваная канцом XVII стагоддзя. У 1915 годзе яна была эвакуіраваная ў Расію, дзе яе сляды згубіліся. Будучы дэпутатам гарсавета, у якога ў акрузе калісьці знікла святыня XVII стагоддзя, я паставіў перад сабой задачу пачаць пошукі абраза, заручыўшыся дапамогай Беларускай праваслаўнай царквы. Была доўгая перапіска з рознымі расійскімі ўстановамі, але выніку яна не прыносіла. Аднойчы падчас экскурсіі ў Каложу з дэлегацыяй горада Хімкі Маскоўскай вобласці, расказаў ім пра мару многіх гараджан знайсці абраз.

Праз месяц мне патэлефанаваў тагачасны намеснік кіраўніка адміністрацыі Хімак, з якім у Гродна ўсталяваліся сяброўскія сувязі, і сказаў: “Мы перадалі ваш запыт асабіста Патрыярху Алексію, і ён асвяціў дошку для новага спісу гродзенскай іконы. Копію рабіць забаронена, бо яна жыватворная, але новы спіс — можна. Таму чакаем ад вас дакладныя апісанні”. А ў мяне яны былі, разам з друкаванай каляровай выявай 1867 года. І ў 2006 годзе ікона вярнулася ў Гродна — хай і ў выглядзе новага спісу. Яе прывезлі і ўрачыста ўручылі мясцовым уладам падчас Фестывалю нацыянальных культур.

Мяне пахрысцілі ў сталым узросце, хаця, прызнаюся, у храмах бываў зрэдку. Але, калі мяне чакала вельмі сур’ёзная аперацыя з непрадказальным вынікам, напярэдадні прыязджаў у Каложу памаліцца, пацалаваць той абраз. Дзякаваць Богу, усё прайшло добра. Я жывы і зноў поўны сіл. Вось адсвяткавалі 45-гадовы юбілей клуба, які ўжо год як мае званне Заслужанага аматарскага калектыву Беларусі, рыхтую выставу ў Маскве, потым і ў Мінску ў мяне будзе персаналка, новыя фотаальбомы выйдуць. Планаў столькі, што яшчэ на адно жыццё хопіць.