Рамяство ад Бога і зямлі

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

“Ганчар у жаночым родзе” — пра гліну, маёліку, каларыт і любоў да народа
Феміністкі будуць задаволеныя. Гаворка пойдзе пра жанчыну-прыгажуню, якая прафесійна займаецца ганчарнай справай. Даволі рэдкі выпадак на беларускіх абшарах. Гліна — не надта далікатны матэрыял, таму рамяство глінамеса збольшага — прэрэгатыва мужчын. Людміла КАВАЛЬЧУК — шчаслівае выключэнне. У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці цяпер працуе выстава яе керамічных работ. Варта дадаць і тое, што кераміст працуе ў ганчарных майстэрнях Віцебскага цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў “Дзвіна”.

/i/content/pi/cult/668/14773/IMG_0508-11111111111_opt.jpeg— Калі вы адчулі сябе ганчаром?

— Не адразу. Калі стала адчуваць матэрыял, з якім працую. Менавіта з гэтага і пачынаецца любы майстар. Але ганчарным кругам я практычна не карыстаюся, толькі формамі, у мяне — ручная лепка. Так, я — ганчар, бо з гэтым рамяством атаясамлівалася мастацтва кафлі. Маюцца на ўвазе тыя ж формы з румпай для аб’ёмнай дэкаратыўнай рэчы, якая дадае печы прыгажосці і цяпла.

— Наколькі моцным быў творчы ўплыў вашага мужа і мастака-кераміста Валерыя Віктаравіча, светлая яму памяць?

— Каб не Валера, я, напэўна, і не занялася б гэтым рамяством. Мы ажаніліся вельмі рана (мне яшчэ і дзевятнаццаці не было). Разам пачалі вывучаць кераміку як дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Спачатку гэта была парцаляна і кожны распрацоўваў тут сваю тэму. Рабілі плячо ў плячо. Але, працуючы разам, мы не заміналі адно аднаму ў развіцці творчай індывідуальнасці. Кожны ішоў сваім шляхам.

— Няўжо і спрэчак не было?

— Толькі ў бытавых пытаннях. Творчых канфліктаў не ўзнікала. Кожны разумеў на ўзроўні падсвядомасці, што ў момант самавыяўлення перашкаджаць нельга. Калі і былі парады, дык толькі ненавязлівыя. Іх можна было і не прымаць. Так што ў агульнай майстэрні кожны з нас знаходзіў свой куток. Усе здзіўляліся: “Як вы можаце поруч працаваць?” А мы збольшага бачыліся толькі пасля таго, як работы былі выкананы.

— Вернемся да гліны. На крузе вы не працавалі, але жаночыя пальцы штодзённа мелі кантакт з, так бы мовіць, грубай сырой субстанцыяй. Дык што для вас гліна? Не толькі матэрыял, а яшчэ і нешта сакральнае?

— Сяброўка неяк прапанавала мне працаваць з бацікам, урэшце — з акварэллю, бо тут фізічныя нагрузкі — мінімальныя. Але я нават і ўявіць не спрабавала, што займуся нечым іншым. Ад гліны не магу адарвацца фізічна! Мне трэба пастаянна датыкацца да яе, трымаць у руках. Гэта ўжо нейкая залежнасць у плане таго, што хачу бачыць канчатковы вынік менавіта ў кераміцы. Бацік і акварэль можна дапісаць — выправіць. Урэшце ўсё змыць і напісаць нанова. А маёліка — роспіс па сырой эмалі; палівай пакрываецца чырвоная гліна, потым пэндзлем адразу наносіцца той малюнак, які трымаецца ў галаве. Тут альбо атрымаецца, альбо давядзецца выкідваць. Затое канчатковы вынік апраўдвае ўсе цяжкасці працэсу. Каларыт — непаўторны. Прываблівае і ўзаемадзеянне гліны з агнём. Абпальванні — два. Спачатку абпальваецца форма, пакрываецца белай эмаллю. І пасля роспісу выраб абпальваецца яшчэ раз са шматлікімі дабаўкамі. І калі ён выходзіць з печы, глыбокі непаўторны колер нагадвае цуд, які немагчымы пры выкарыстанні іншага матэрыялу. Гэта і прымушае займацца керамікай. З кавалка гліны, з земляной пароды, няхай сабе і ачышчанай, як след падрыхтаванай, атрымліваеш тое, што ты задумаў як творца. Яднанне матэрыяльнага і духоўнага! І яднанне мінуўшчыны і сучаснасці, бо тэхналогіі — XVIII стагоддзя, а сюжэты — сённяшнія.

/i/content/pi/cult/668/14773/20171120_101911-1111_opt.jpeg— Богава рамяство?

— Абсалютна так.

— Народныя майстры-рамеснікі — у тым ліку і глінамесы — адраджаюць традыцыю. А ці прыўносяць яны ў традыцыю штосьці сваё — як гэта робіце вы?

 — У нашай майстэрні цэнтра “Дзвіна” ёсць печы старадаўняй канструкцыі. Разам з сучаснымі ганчарамі ладзім пленэры па адраджэнні беларускай ганчарнай традыцыі. Печка загружаецца вырабамі пяці-шасці майстроў. Пасля абпалу ніхто і ніколі не пераблытаў аўтарства тых гаршкоў ды глякаў. І гэта значыць, што кожны прыўнёс у архаічную форму нешта сваё, адметнае. Класічныя збаны адрозніваюцца адзін ад аднаго роўна настолькі, наколькі адзін майстар знешне адрозніваецца ад другога. Свае нюансы ў прапорцыях, эрганоміцы вырабу. Прычым чысціня ды прастата формы застаюцца архаічнымі.

— Сярод збаноў маёй калекцыі ёсць адзін, у ручку якога і палец цяжка прасунуць. А форма вырабу — ідэальная. Усё думаю, чаму такая ручка? Мо гэта жарт-здзек майстра над сквапным замоўшчыкам таго збана?

— Цалкам верагодна. Ніколі майстар-прыкладнік проста так не адыдзе ад строгай утылітарнасці сваёй рэчы. Усё павінна быць зручным і аптымальным. Кітайцы, да прыкладу, робяць чайны посуд так, што пры яго выкарыстанні не пральецца міма кубка і кропля напою, а накрыўка — не спадзе. Усё разлічвалася стагоддзямі. Галоўнае правіла — зручнасць і прыгажосць.

— Давайце звернемся да фальклорнай тэматыкі і дробнай керамічнай пластыкі Мікалая Пушкара. Ён хоць і ўкраінец, але ў згаданым жанры — беларускі класік. Вы — руская па паходжанні і таксама сказалі сваё важкае слова ў нашай нацыянальнай кераміцы. Заканамернасць? Або доказ таго, што нацыянальнае мастацтва — арганічная частка сусветнага?

— Тут да месца і Уладзіміра Мулявіна згадаць. Не ў нацыянальнасці справа, а ў тым, наколькі ты змог прасякнуцца духам,
культурай, гісторыяй гэтай зямлі. Мой муж-беларус прывёз мяне на Беларусь, калі я фарміравалася як асоба. Таму і змагла адчуць гэтую зямлю, зразумець яе, палюбіць. Толькі пры такіх умовах і адбываецца тая метамарфоза, пра якую вы кажаце.

/i/content/pi/cult/668/14773/20171120_101841-222222_opt.jpeg— Вельмі важнае для мяне пытанне. Пушкара іншым разам абвінавачваюць у тым, што ён занадта спрошчана, нават парадыйна паказваў у сваіх работах вобраз беларуса. Вы, напэўна, знаёмыя і з творчасцю маскоўскага мастака Васі Шульжэнкі, які падобным чынам адлюстроўвае на сваіх палотнах вобраз рускага чалавека з глыбінкі. Вы як да ўсяго гэтага ставіцеся? Ці можа любоў да народа (а яна, па маім меркаванні, прысутнічае ў жывапісе Васі) прымаць такія формы?

— Цяжка параўнаць творчасць кінарэжысёраў Андрона Канчалоўскага і Мікіты Міхалкова. І першы, і другі здымаюць Расію. Карціны, падавалася б, дыяметральна розныя па гучанні. Але менавіта Міхалкоў зазначыў, што трэба вельмі любіць сваю Радзіму, каб зняць такі фільм, як “Курачка Раба” Канчалоўскага — працяг стужкі “Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж”. Любіць і зневажаць адначасова нельга. Калі ж творца шукае толькі недахопы, нельга назваць ягонае мастацтва стваральным. Пра Пушкара хочацца сказаць асобна. Мы ў свой час сустракаліся з гэтым майстрам. Вельмі пазітыўны чалавек. І што самае цікавае — ён заўжды ляпіў сябе! Літаральна ў кожнай глінянай фігурцы — ён.

— Ваша майстэрня ў “Дзвіне” адкрытая для дзяцей?

— Канечне! У нас два гурткі керамікі, адзін з іх узначальвае мая дачка Алена. Я ёй гэты досвед перадаю, а яна — дзецям-гурткоўцам.

— Пра якую канкрэтна карысць для юных керамістаў тут можна казаць?

— На кончыку нашых пальцаў — нервовыя канчаткі, якія даюць развіццё мозгу. А дзеткам яшчэ і веданне кампазіцыі перадаюць, уменне штосьці ўвасобіць у канкрэтным матэрыяле. Словам, развіваецца асоба.

— Пра якія перспектывы марыце?

— Калісьці на месцы нашай “Дзвіны” працавалі заводзікі па вырабе кафлі. Вельмі хочацца мець у Віцебску нейкі гістарычны інтэрактыўны куток мясцовай маёлікі — з музейнай часткай і майстар-класамі. А таксама і з большымі магчымасцямі для самарэалізацыі.

Фота Настассі ПРУДНІКАВАЙ

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"