Скарбонка пакуль не вычарпаная

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Папулярны тэлепраект у падарожжы па краіне
У адзін з лістападаўскіх дзён мінакі ў раёне мiнскай Плошчы Перамогі маглі бачыць, як у два аўтобусы рассаджваліся знаёмыя ім па блакітным экране і выступах на розных падмостках людзі. Яны разам з яшчэ не надта “засвечанымі” артыстамі з’язджалі ў Маладзечна. Там, у Палацы культуры, меліся адбыцца здымкі чарговага канцэрта ў рамках праекта “Залатая калекцыя беларускай песні”, стваральнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры і СТБ. Тэлевізійшчыкі прыхапілі ў тур карэспандэнта “К”.

/i/content/pi/cult/668/14772/112.jpgЧас вярнуцца “дадому”

За дзень да канцэрту ў горад адправілі асвятляльнае, гукавое і здымачнае абсталяванне, экран, пакрыццё падлогі. Да нашага прыезду сцэна ўжо была гатовая. Артысты ўтваралі ў зале групоўкі, у якіх вяліся ажыўленыя размовы. Перыядычна хтосьці пакідаў калег і згодна з графікам рэпеціраваў уласны выхад. Аператары, што адказвалі за святло, саўнд і карцінку, займаліся сваімі справамі. Увогуле, панавала перадсвяточная, а таму некалькі нервовая атмасфера, усе з нецярплівасцю чакалі таго моманту, калі павінен быў раздацца гром — спярша з песень, а пасля з апладысментаў. Пра “надвор’е” ў маладзечанскім Палацы культуры тэлегледачам краіны паведамлялася ў выпусках навін СТБ — у прамых уключэннях з мерапрыемства. Я ж ангажаваў на размову аднаго з супрацоўнікаў умоўнага гідраметцэнтра — дырэктара здымачнай групы Веру Пазняк.

Як распавяла яна, “Залатая калекцыя беларускай песні” стартавала ў 2010 годзе і амаль па канец 2016-га за межы Мінска не “выстаўлялася”. А ў мінулым снежні артыстычны дэсант упершыню высадзіўся па-за сталіцай — у Маладзечне. Такім чынам, у тым жа горадзе, з якога пачаўся рэспубліканскі тур, практычна роўна праз год праект і адзначыў сваё гастрольнае нараджэнне. У гэтым сезоне яго ўбачылі яшчэ і жыхары Бабруйска, Гомеля, Салігорска і Полацка. (22 лістапада, пасля Маладзечна, прыняў праект і Гродна, а 6 снежня гэтую серыю канцэртаў закрые фінальны з лепшымі нумарамі, які адбудзецца ў Палацы Рэспублікі, прычым артысты ў ім выступяць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, а не інструментальных “мiнусовак” і часам лёгкага “жывога” найгравання паверх іх, як гэта практыкавалася ў туры.) Пляцоўкі падбіраліся зыходзячы з жадання прымаючых бакоў і таго, ці змогуць іх характарыстыкі задаволіць такі складаны тэхналагічны працэс, як “жывая” тэлездымка. Сёй-той з гаспадароў, з радасцю адгукаючыся на ўдзел у праекце, усё ж выказваў сумнеў у тым, ці раскупяць людзі білеты. Аншлагі, як запэўніла мяне спадарыня Пазняк, гэтыя асцярогі развеялі. Нейкія з канцэртаў заяўляліся канкрэтна “тэматычнымі”, як у Маладзечне, дзе “...Калекцыя...” мела і падзагаловак — “Зорныя дуэты”: у іх аб’ядналіся сольныя артысты, сола-выканаўцы з гуртом, гурты (тандэмы нараджаліся адмыслова пад горад на Ушы). У іншых акцэнты былі не гэтак відавочныя.

Нароўні з раскручанымі кампазіцыямі праект уключаў (і, мабыць, будзе ўключаць, бо рэйтынгі паказваюць, што ён карыстаецца попытам у тэлеаўдыторыі, то бок працягу яго чакаць варта) і забытыя песні, некаторыя сапраўды незаслужана, за што яго стваральнікам трэба сказаць асобнае “дзякуй”. Як і за тое, што ў канцэртах задзейнічалі мясцовых выканаўцаў, для якіх, вядома ж, было важна падзяліць сцэну з прызнанымі аўтарытэтамі — хай і кароткія, але такія творчыя зносіны несумненна пойдуць на карысць “зоркам” рэгіёнаў. Ды і іх з’яўленне на адным з цэнтральных каналаў дарагога каштуе. І яшчэ “СТБэшнiкi” заслугоўваюць падзякі за тое, што падчас канцэртаў у абавязковым парадку агучваліся імёны і прозвішчы аўтараў песень. Ну а пра значэнне, якое канал надае “Залатой...”, кажуць і такія дэталі: у Маладзечна прыехаў генеральны дырэктар СТБ Юрый Казіятка, а яго намеснік, кіраўнік і прадзюсар праекта Павел Каранеўскі, на “эстрадны баль” трапіў проста з “карабля” — раніцай прыбыўшы ў Беларусь з Масквы. І “будаваў, будаваў, будаваў” падчас прагону артыстаў, раздаючы каштоўныя ўказанні і ўносячы карэктывы ў канцэртныя нумары. (Асіставала яму рэжысёр Вікторыя Альшэўская.) Дарэчы, калі я правільна зразумеў, частка артыстаў затрымалася ў горадзе яшчэ на суткі: на наступны дзень гасцінны Палац урачыста адзначаў уласнае 15-годдзе, і тэлеканал не мог пакінуць і гэтую падзею без сваёй увагі.

/i/content/pi/cult/668/14772/113.jpg...і іншыя афіцыйныя асобы

Напэўна, чытачам “К” будзе цікава даведацца, што думаюць аб праекце самі “дэсантнікі”. У кулуарах Палаца культуры я і пачаў адлоўліваць рэспандэнтаў. І “ўлоў” пагутарыў са мной не толькі на зададзеную тэму...

Колішні першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, які ўжо некалькі гадоў займае пасаду дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, вядомы не толькі па дзвюх гэтых іпастасях: меламаны памятаюць і пра тое, што ён выдатна спявае. Уладзімір Міхайлавіч працаваў над песняй амаль паўтара месяца, а ў дзень канцэрта пакінуў тэатр на волю трупы: “Тэатр — гэта машына, для якой трэба задаць правільны вектар, і тады ён ужо адзін дзень зможа абысціся без свайго дырэктара... А да арганізацыі праекта я маю самае непасрэднае дачыненне: ён пачынаўся падчас маёй працы ў Міністэрстве культуры. Але як удзельнік, я на ім упершыню”.

Спявак Аляксандр Сухараў знакаміты яшчэ і тым, што на некаторыя свае канцэрты ў розных гарадах Беларусі адпраўляецца... пешшу: “Да Маладзечна яшчэ б ішоў і ішоў... Цяпер я пакуль зрабіў перапынак у такіх паходах, думаю над тым, як можна перазагрузіць гэтыя мае акцыі. Ёсць ідэя падключыць да іх іншых артыстаў, але ці захочуць яны, ці маюць неабходную фізічную форму?.. Да плюсаў праекта занясу тое, што ён падняў найвелізарны пласт беларускай музыкі — ад кампазіцый, скажам, пяцідзесяцігадовай даўніны да хітоў цяперашніх. Колькі выдатных песень, здавалася б, мы назаўжды страцілі, а тут ім вярнулі жыццё. Да мінусаў — тое, што для падрыхтоўкі матэрыялу адводзілася мала часу, гэта і адбілася на якасці некаторых фанаграм”.

Дырэктар “Пілот FM” і “Душэўнага радыё”, спявак, кампазітар, паэт-тэкставік, прадзюсар Анатоль Чэпікаў: “Ідэя праекта падабаецца: гэта і як бы падвядзенне вынікаў у беларускай папулярнай музыцы мінулага стагоддзя, і заяўка з песень часоў цяперашніх. Мне здаецца, што па вялікім рахунку апошнія прайграюць. Так, сярод сучасных ёсць творы, якія таксама могуць увайсці ў скарбніцу “залатых”, але тады былі сапраўды песні — меладычныя, напеўныя. Сёння часцяком коўдру на сябе цягнуць аранжыроўкі, за якімі хаваецца нейкая першапачатковая невыразнасць. Не хапае ж гэтаму праекту, на мой густ, нумароў пастановачных, хоць з нейкай тэатралізацыяй. Можна было б паспрабаваць адзін з канцэртаў зрабіць наогул у форме музычнага спектакля”.

Вячаслаў Шарапаў пасля свайго сыходу з Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” бажыўся, што калі ён і будзе з’яўляцца на сцэне ў якасці выканаўцы, то вельмі рэдка і па выпадках выключных. Дадзены праект такім і стаў: “Песня “Зорка з нябёсаў” нашага з Анжалікай Пушновай дуэта ўпершыню прагучала амаль чвэрць стагоддзя таму і менавіта ў Маладзечне. Карысць такім маладым выканаўцам, як мая партнёрка, ад падобных нацыянальна арыентаваных праектаў — велізарная. Па-першае, гэта дотык да сапраўдных узораў беларускай эстрады, што, на жаль, чамусьці апынуліся забытымі. Па-другое, толькі звяртаючыся, хай і кароткачасова, да такога высокага ўзроўню матэрыялу і можна расці прафесійна”.

Людміла Палкоўнікава, музычны рэдактар праекта, легенда беларускай тэле- і радыёжурналістыкі: “У нас у “куфэрку” яшчэ поўна песень, якія можна смела ўключаць у “...Калекцыю...”, калі яна працягне сваё існаванне. Да мяне ўвесь час звяртаюцца аўтары з папрокамі: “А чаму вось гэтую маю песню не праспявалі, а вось такую маю памятаеце?” Памятаем! Вельмі спадзяюся, што для многіх і многіх добрых песень, створаных і выкананых не адзін дзясятак гадоў таму, знойдзецца месца і ў нашых канцэртных праграмах, і ў тэлеэфіры”.

Працягу быць?

Гром такі рушыў услед — з песень і апладысментаў. А завяршыўся канцэрт і зусім маланкай — дуэтам Вікторыі Алешка і Анатоля Ярмоленкі: 70-годдзе народны артыст, як і належыць мэтру, сустрэў на сцэне — песняй “Мая Беларусь”. Наша Беларусь, якую ў гэты вечар уяўляла з сябе зала Палаца, не пашкадавала асаблівых, доўгiх воплескаў у адрас юбіляра. І вось ужо развітваюцца з публікай дзейныя асобы гэтай “...Калекцыі...”, але хочацца верыць, не развітваецца сама яна! Было б жаданне СТБ, а артысты з задавальненнем адгукнуцца на прапанову аб удзеле ў праекце, пра што яны мне ў адзін голас і казалі. Ды і не ўсе яшчэ пляцоўкі краіны, здольныя на належным узроўні прыняць яго, расчынілі для “Залатой…” свае дзверы. Так што... працяг будзе?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"