“Залатая пчолка”: сабраць нектар творчасці

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Для многіх дзяцей Беларусі, краін далёкага і бліжняга замежжа паласатая руплівіца найперш асацыіруецца з Клімавічамі. І тут няма нічога дзіўнага: працавітая збіральніца нектару-мядку з’яўляецца сімвалам Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці, што ўжо восьмы год запар збірае юныя таленты ў невялікім гарадку на Магілёўшчыне. Разнамоўныя творчыя калектывы імкнуцца трапіць сюды, ведаючы пра высокі статус конкурсу, а жыхары Клімавічаў і навакольных вёсак клічуць сваякоў і сяброў у госці менавіта напрыканцы мая, калі фестывальная Клімавіччына асабліва прыгожая, святочная і шчырая. Форум рэальна ўзняў прэстыж і вядомасць рэгіёна, паўплываў на інфраструктуру горада, ператварыў яго ў надзвычай цікавы аб’ект для аматараў музыкі, турыстаў, прадпрымальнікаў і маладых спецыялістаў сферы культуры. Узлёт раённага конкурсу да міжнароднага прызнання стаў штуршком для агульнага культурнага ўздыму краю, у якога ёсць багаты вопыт значных пераўвасабленняў і пераўтварэнняў.

Cinema, тэатр і дзіцячыя балі

З’яўленне маштабнага мерапрыемства такога кшталту ў рэгіёне — рэч невыпадковая. Як запэўніла дырэктар мясцовага краязнаўчага музея Людміла Андрушкова, у краі культура заўсёды была на высокім узроўні. Чаго варты толькі той факт, што на пачатку XX стагоддзя ў Клімавічах існавала сіnеmа! Зала на 140 месцаў штодня не магла змясціць усіх жадаючых паглядзець “жывыя карцінкі”. А тапёрам працаваў Мікалай Клаус — у будучым вядомы беларускі кампазітар. Тады ж карыстаўся папулярнасцю і Народны дом, у якім часта выступалі запрошаныя тэатральныя трупы. Адметна, што рэквізіт, дэкарацыі і касцюмы прыезджыя не прывозілі, а арандавалі на месцы. Клімавіцкая княгіня Марыя Мяшчэрская адкрыла ў вёсцы Клімен бясплатную школу для хлопчыкаў і дзяўчынак з бедных сем’яў. А ўзімку княгіня ладзіла дабрачынныя прыёмы для дзятвы. Можа, тыя балі і сталі прадвеснікам фестывальнай вясёлкі дзіцячага мастацтва...

Упершыню ж гул сучаснага творчага вулля клімаўчане пачулі ў 1996 годзе. Ініцыятарам быў Іван Баршчоў, які ў той час працаваў намеснікам старшыні Клімавіцкага райвыканкама. Ён імкнуўся на сур’ёзным узроўні прыцягнуць мясцовую малечу да пошукаў асабістай творчай адметнасці. А назву фестывалю прыдумала дырэктар РЦК Людміла Цімаховіч. У наступную вясну ў “пчаліную хатку” зляцеліся прадстаўнікі раёнаў Беларусі і Расіі. Ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама ўбачылі, што малады фестываль хутка набірае моц, а яго арганізатары здольны зрабіць для дзяцей яшчэ больш, і надалі святу статус абласнога. З 2001 года распачаўся новы адлік — фестываль набыў статус міжнароднага.

 /i/content/pi/cult/164/1477/Kult1.jpg
Сёлета на VIII Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці прывезлі лепшыя вакальныя і харэаграфічныя нумары, творы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва прадстаўнікі Беларусі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Эстоніі. Заснавальнікамі міжнароднага свята выступілі Міністэрства культуры краіны, Магілёўскі аблвыканкам і Клімавіцкі райвыканкам.

— Сёння Клімавічы — гэта маленькая планета дзіцячага сяброўства, якая паступова расце ў памерах, аб’ядноўваючы бліжняеі дальняе замежжа, — зазначыў на адкрыцці мерапрыемства начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец. — Удзельнікі фэсту ўзнімаюць аўтарытэт не толькі Магілёўскай вобласці, але і ўсёй нашай рэспублікі. Дзякуючы гаспадару — старшыні Клімавіцкага райвыканкама Віталю Грышанаву — і яго згуртаванай камандзе фестываль здзейсніўся і будзе праходзіць надалей на гэтай цудоўнай зямлі яшчэ, спадзяюся, цягам многіх дзесяцігоддзяў.

Поўныя соты натхнення

У доўгім жыцці цудоўнага мерапрыемства, пра якое гаворыць начальнік абласнога ўпраўлення культуры, сумнявацца не даводзіцца. Ужо з восені работнікі Клімавіцкага райвыканкама бяруцца за вырашэнне арганізацыйных пытанняў, каб будучае майскае свята прайшло як мае быць. Віталь Грышанаў аб’ядноўвае вакол сабе прадстаўнікоў упраўлення сацыяльнай аховы, аддзелаў ідэалагічнай, арганізацыйна-кадравай працы, фізічнага выхавання і спорту і, канешне ж, усіх культасветработнікаў. Да кожнай дробязі каманда прафесіяналаў падыходзіць з адказнасцю.

— Нават простую сустрэчу фестывальных гасцей на Клімавіцкай зямлі імкнёмся ператварыць у прыгожы рытуал, — распачынае гаворку начальнік аддзела культуры Вольга ХАЎРАНКОВА.— Гэта мой дзесяты фестываль, і цягам десяцігоддзя я асабіста сустракаю замежныя дэлегацыі. Нягледзячы на тое, што стрэлкі могуць паказваць і дзве, і тры, і пяць гадзін ночы, я разам з касцюміраванай пчолкай і дзяўчынай у нацыянальным строі выходжу да прыезджых. Дзеці адразу прачынаюцца, выбягаюць з аўтобусаў на вуліцу, радуюцца ўбачанаму. Прыемная дробязь настройвае і малых, і дарослых на добры лад, які не пакідае іх усе фестывальныя дні. Дадам, што за кожным калектывам, нават калі ў ім ўсяго два чалавекі, замацоўваецца куратар (работнік аднаго з аддзелаў райвыканкама). Ён паказвае гасцям сталовую, суправаджае іх на рэпетыцыі, канцэрты, мерапрыемствы— адным словам, прысутнічае паўсюль, нібы клапатлівая матка-пчала.

— Каб трапіць у такую адмысловую ауру, патрэбна толькі даслаць да вас заяўку?

— Сёння фестываль дасягнуў такога ўзроўню, калі перад афіцыйным спаборніцвам праводзіцца экспертны адбор выканаўчай дырэкцыі ў Магілёве. Мы адпраўляем туды відэа- і гукавыя матэрыялы вакалістаў і харэографаў, а таксама творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Праз “сіта” павінны прайсці як замежныя, так і беларускія прадстаўнікі. Але абмежаванняў ніякіх няма, акрамя ўзроставых: для малодшай групы — ад 9 да 12 гадоў, для старэйшай — ад 13 да 16.

— Замежныя калектывы хутка адгукаюцца на запрашэнні?
 /i/content/pi/cult/164/1477/Kult2.jpg

— Так, бо шмат чулі пра фестываль. Сувязі наладжвае Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Менавіта яны дамаўляюцца з гарадамі-пабрацімамі населеных пунктаў Магілёўскай вобласці, абавязкова — з памежнымі расійскімі абласцямі — Смаленскай і Бранскай. Звяртаюцца да пасольстваў розных краін, у першую чаргу — СНД. Паказальным, на мой погляд, стаў той факт, што сёлета ў Клімавічы прыехала больш за тысячу ўдзельнікаў “Залатой пчолкі”!

— Ці змянілася за 10 гадоў стаўленне гараджан да форуму?

— Калі мы пачыналі, далёка не ўсе клімаўчане маглі прыйсці і паглядзець выступленні. Тады не было прыгожага амфітэатра, канцэрты ладзіліся на плошчы. І горад, папраўдзе, не быў так падрыхтаваны для прыёму гасцей, як сёння. Але штогадовы міжнародны фэст змяніў і псіхалогію нашых людзей: яны самі імкнуцца, каб замежныя дэлегацыі, наведаўшы Клімавічы, адчулі, што гэта адзін з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі.

Таму да канца мая стараюцца на сваім падворку парадак навесці, хаты падфарбаваць, плот адрамантаваць, а дзесьці і камунальным службам дапамагчы. Не дзіўна, што мы апошнім часам стала займаем у вобласці вядучыя месцы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Напрыклад, летась Клімавічы, сярод гарадоў з колькасцю насельніцтва да 25 тысяч, выйшлі па добраўпарадкаванні на першае месца ў рэспубліцы, сёлета — ужо на першым месцы ў вобласці.

— Красамоўна пра народную любоў да фестывалю сведчыць адсутнасць свабодных месцаў пад час канцэртаў…

— Дарослыя ўрэшце адчулі смак да дзіцячай творчасці. Члены журы, у якіх немалы досвед у гэтай справе, не раз адзначалі, што такой зацікаўленасці не бачылі нідзе. І дзесяць гадоў таму, калі я працавала на першым фестывалі, дык нават конкурсныя праслухоўванні не праходзілі без гледача. Мне падаецца, што гэта вялікі плюс тым людзям, якія жывуць тут. Вельмі прыемна, што павага да таленавітых дзетак выліваецца не толькі ў шчырыя апладысменты,але і ў нешта больш матэрыяльнае. Прыемна, калі ў аддзел культуры ці ў райвыканкам прыходзяць прадпрымальнікі, прадстаўнікі арганізацый раёна і прапануюць сваю дапамогу. Скажам, сёлета два нашы банкі заснавалі спецыяльную намінацыю і напрыканцы ўручаюць пераможцам музычную апаратуру, тэлевізары, лічбавыя фотаапараты.

 /i/content/pi/cult/164/1477/Kult3.jpg
— Гэта радуе, але ж, пэўна, такое маштабнае мерапрыемства патрабуе моцнай фінансавай падтрымкі?

— Апошнія два гады аплаціць харчаванне дзяцей дапамагае Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, значна дапамагае аблвыканкам, уносячы ў бюджэт артыкул расходаў на “Пчолку”. Калі ж закладваецца раённы бюджэт, то ў першую чаргу разглядаюцца фестывальныя пытанні. Адзначу, што за апошні час фінансаванне значна ўзрасло. Крыху тых грошай зароблена ў выніку рэалізацыі платных паслуг. Ва ўстановах культуры Клімавіччыны — 33 іх віды. Акрамя стандартных дыскатэк і танцавальных вечароў, у 28 клубных установах існуе такая паслуга, як фатаграфаванне і відэаздымка. Клімавічы ўваходзяць у зону, што пацярпела ад радыеактыўнага забруджвання, да нас прыязджае шмат замежных дэлегацый. Яны любяць наведваць краязнаўчы музей, фатаграфавацца там ці запісваць убачанае на відэакамеру, што мы дазваляем за пэўную плату. Дзеці аж не стрымліваюць захаплення, калі здымаюцца на памяць з жывёламі з кутка прыроды. А пад час фестывалю няма адбою ад ахвотных атрымаць маментальнае фота. Калі раней здымкі рабіліся на фоне парку, дык сёння аддзел культуры спецыяльна набыў касцюмы раставых лялек — і адразу павялічыўся грашовы даход.

— І надзіманыя горкі, што зараз стаяць у гарадскім парку, таксама “культаддзелаўскія”?

— Канешне! Між іншым, іх можна будзе выкарыстоўваць і пасля заканчэння “Пчолкі”. Мы імкнёмся зарабляць грошы ў розных сферах. Напрыклад, “на ўра” праходзяць і гульнёвыя праграмы ўзорнага калектыву “Гарэзы” раённага Цэнтра культуры. Вялікі пералік платных паслуг прапаноўвае і Клімавіцкая ЦБС.

Дарэчы, бібліятэкары робяць і раздрукоўваюць на каляровым прынтэры календары, буклеты, дыпломы, граматы для прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў. У раёне пражывае шмат студэнтаў, таму попытам карыстаецца пошук у сусветным сеціве літаратуры для напісання рэфератаў, курсавых і дыпломных работ. Працуе і інфармацыйны цэнтр, які гатовы знайсці неабходнае нават для самага патрабавальнага наведвальніка. У нас дзейнічае цэнтралізаваная камп’ютэрная бібліятэчная сістэма, таму чытач у любым аграгарадку раёна можа зайсці тое, што шукае.

— Вольга Мікалаеўна, сярод вашых падначаленых шмат моладзі. Не баіцеся, што пасля адпрацоўкі адукаваныя спецыялісты з’едуць ад вас і чарговы форум прыдзецца арганізоўваць з новай камандай?

— Як начальнік аддзела культуры з падобным не сутыкалася. Па-першае, “Залатая пчолка” зрабіла Клімавіччыне добрую рэкламу, таму ў вачах выпускнікоў раён выглядае вельмі прывабна. Па-другое, калі я сустракаюсяз выпускнікамі ўстаноў культуры і кажу, што мы забяспечым кожнага жыллём, вочы юнакоў і дзяўчат загараюцца імпэтам. За гэта трэба падзякаваць старшыні райвыканкама Віталю Грышанаву, які ніводнаму маладому спецыялісту не адмовіў у выдзяленні блока ці пакоя ў інтэрнаце. Праз аддзел моладзі райвыканкама яны бяруць у банку пазыку на мэблю, мы ж забяспечваем іх сталай заработнай платай, каб змаглі своечасова ўсё пагасіць. Я прыкладаю масу высілкаў, каб маладым спадабалася тут і яны засталіся менавіта ў нашым раёне. Сёння ў мяне працуюць маладыя людзі з Асіповічаў, Магілёва, Бабруйска, і я не чула, каб яны імкнуліся хутчэй пакінуць першае працоўнае месца.

— А калі малады спецыяліст вырашыць прадоўжыць адукацыю?
 /i/content/pi/cult/164/1477/Kult4.jpg

— Ведаеце, мой прынцып, канешне ж, — каваць свае кадры. Лічу так: калі ты прыйшоў да нас з сярэдняй адукацыяй, дык проста абавязаны атрымаць вышэйшую. У раёне для гэтага створаны ўсе ўмовы. Толькі летась са 158 спецыялістаў раёна 15 паступілі на завочнае аддзяленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, з іх 11 — у Смаленскі універсітэт культуры на бясплатнае навучанне! Мне было прыемна, калі начальнік адміністрацыі па культуры і фізічнай культуры Смаленскай вобласці патэлефанаваў і пахваліў клімаўчан, бо аказалася, што абітурыенты з беларускай адукацыяй на ўступных іспытах паказалі сябе значна лепш, чым іх расійскія калегі, нават у веданні гісторыі Расіі.

Вёска на гасцяванні ў горада

Асноўным месцам дзеяння на час фестывалю становяцца Клімавічы. Але і 147 вясковых населеных пунктаў раёна не застаюцца ўбаку. Калісьці ўдзельнікі “Пчолкі” давалі канцэрты ў сельскіх установах культуры. Вяскоўцы на месцы маглі пабачыць юныя таленты Еўропы і Азіі.

Цяпер падобную практыку давялося адмяніць, бо для дзяцей, асабліва малодшай узроставай групы, такія шматлікія выступленні на працягу некалькіх дзён даваліся вельмі цяжка. Таму аддзел культуры змяніў тактыку: вяскоўцаў запрашаюць у цэнтр. Дабрацца да месца галоўных падзей вяскоўцы могуць на рэйсавых аўтобусах, дзяцей вязуць у горад на школьных аўтобусах, а работнікаў культуры, каб тыя набраліся досведу, пракансультаваліся ў спецыялістаў, прывозяць на аўтатранспарце аддзела культуры райвыканкама.

У Клімавічах можна прайсціся па падворках народных майстроў у гарадскім парку, набыць там унікальныя рэчы.

Малеча з задавальненнем бярэцца за стварэнне малюнкаў на асфальце і на мальберце, удзельнічае ў гульнях, арганізаваных раённым Цэнтрам культуры, у спецыяльнай забаўляльнай праграме культурна-аздараўленчага праекта “Свет мёду і здароўя”, спаборнічае ў лыжна-ролерных слаламах, перамагае супернікаў у шахматных і шашачных партыях. Сем’ямі вясковыя жыхары ідуць на канцэрты дэлегатаў і зорак эстрады. Неверагодна, але нават бабулі дапазна не разыходзяцца, з аднолькавай цікавасцю глядзяць як нумары дзяцей, так і дыскатэку з выступленнямі “Da Vinci”, “Atlantica” і “Litesound”.

Мядовыя ручайкі талентаў

Пасля такіх паездак ды праглядаў дзеці самі просяць бацькоў адвесці іх у гурткі, студыі, спецыялізаваныя школы.

Сярод падлеткаў становіцца прэстыжна заваяваць права на ўдзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця-закрыцця, заслужыць права вынесці сцяг фестывалю.

Каб толькі трапіць у групу дапамогі, дзеці паміж сабой спаборнічаюць. Заняткі танцамі, вакалам ці жывапісам дапамагаюць удзельнікам форуму дабіцца перамогі. “Пчолкіна” сцэна стала першай прыступкай да ўзлёту Ксюшы Сітнік, Андрэя Кунца, Мішы Ліла.

Да высокай фестывальнай планкі падцягваюцца клімавіцкія навучэнцы: летась стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі сталі 10 юнакоў і дзяўчат! Па чатыры стыпендыяты падрыхтавалі дзіцячая школа мастацтваў і мастацкая школа, двух выхаваў раённы Дом рамёстваў. Натуральна, многія потым паступаюць у сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы і абавязкова знаходзяць сваё месца ў мастацтве.

Без сумневу, што для агранкі такіх яркіх дыяментаў патрэбны дасведчаныя настаўнікі. Педагогі на Клімавіччыне як на падбор — таленавітыя і энергічныя. Узяць хаця б калектыў мастацкай школы. Работамі іх вучняў захапляліся ў Тайландзе, Расіі, Японіі. Узначальвае школу цудоўны мастак і педагог Сяргей Петрачэнка. Пятнаццаць яго навучэнцаў атрымалі ў свой час стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі! Сяргей Уладзіміравіч задае тон рабоце ўсёй школы. Ды і сам не пакідае творчасць — менавіта па яго эскізах каторы год запар афармляецца галоўная фестывальная сцэна.

Фестываль як рухавік прагрэсу

Дасягненні культасветработнікаў Клімавіччыны, моц фестывальнага руху выклікалі якасныя змены ў гарадской інфраструктуры. Дзякуючы форуму, звернута ўвага на даўгабуд у цэнтры, і вучні сярэдняй школы № 3 змаглі неўзабаве пераехаць у новы будынак. Вялікі наплыў гасцей паспрыяў адкрыццю фізкультурна-аздараўленчага комплексу, у басейне якога, да слова, кожны дзень пад час свята ладзяцца заплывы маленькіх удзельнікаў фэсту. Плануецца рэканструкцыя РЦК: для конкурсных праслухоўванняў ён ўжо малы. Губернатар Магілёўскай вобласці Барыс Батура ўжо выдаткаваў 121 мільён рублёў на падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для ўзвядзення будынкаў аддзела культуры і бібліятэкі.

“Пчолка” яднае культуры Паступова фестывальныя Клімавічы становяцца не толькі ўтульным краем, дзе гасцінна прымаюць прадстаўнікоў з усяго свету, але і месцам, дзе заключаюцца пагадненні міжнароднага ўзроўню ў сферы культуры. У гэтым годзе на Магілёўшчыну з цікавай прапановай прыехалі прадстаўнікі Усерасійскага дома народнай творчасці.

— Паміж імі і Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы дасягнута папярэдняя дамоўленасць пра тое, што пераможцы рэгіянальных фестываляў вобласці змогуць удзельнічаць у выніковым конкурсе аналагічнага ўсерасійскага форуму,— паведаміў “К” дырэктар названай беларускай установы Алег Хмялькоў. — Ліст аб жаданні цеснага супрацоўніцтва з намі прывезлі і спецыялісты Карагандзінскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра баўлення вольнага часу і народнай творчасці. За амаль 70 гадоў свайго існавання наш Цэнтр, незалежна ад ведамаснай прыналежнасці, імкнуўся дапамагаць клубным работнікам, бо, як я люблю паўтараць, клубная дзейнасць мае самую вялікую ўдзельную вагу ў культуры і мастацтве — 60 працэнтаў. Як вядома, усе нашы заслужаныя артысты калісьці пачыналі з аматарскіхкалектываў.

Мы будзем з задавальненнем наладжваць сувязі з іншымі краінамі. Падобны досвед у першую чаргу патрэбны для развіцця мастацкай самадзейнасці, бо міжнародныя стасункі становяцца стымулам для развіцця творчай асобы.

* * *

У Беларусі нямала раёнаў, якія ладзяць разнапланавыя фестывалі. Аднак ці многія з рэгіёнаў змаглі зрабіць мерапрыемствы жывымі, самадастатковымі? Ці многія фэсты развіліся і здолелі аб’яднаць вакол сябе жыхароў раёнаў, спецыялістаў розных сфер, дасягнуць калі не міжнароднага, то хаця б рэгіянальнага ўзроўню?

“Залатая пчолка” Клімавіччыны па гэтых параметрах стала майстар-класам для культасветработнікаў усёй рэспублікі.

 

Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецкарэспандэнт
Мінск — Клімавічы — Мінск
Фота Юрыя ІВАНОВА