Драматургі Беларусі, яднайцеся!

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Ды не паміж сабой, а з тэатрамі
Мінулым тыднем у Бабруйску завяршыўся VI Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Зараз у сталіцы праходзіць Тыдзень сучаснай беларускай драматургіі “Канцэнтрацыя”. Маўляў, нашы п’есы forever? Прыемна, канешне. Але бабруйскі фэст не толькі раздаў узнагароды. Ён акрэсліў шэраг праблем — у фарміраванні фестывальнай праграмы і далейшым развіцці самога форума і, шырэй, нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/668/14769/Sindrom-Medei-7356-444_opt-SS.jpg

У спектаклі "Сіндром Медэі" журы вылучыла дзвюх актрыс — Людмілу Сідаркевіч і Гражыну Быкаву.

Драма з эксперыментам

Падзел конкурснай праграмы на такія намінацыі, як “Спектакль тэатра драмы” і “Эксперымент” (пры двух розных складах журы), аказаўся даволі ўмоўным. Бо да эксперыментальных былі аднесены папраўдзе моцныя, высокапрафесійныя ва ўсіх сэнсах спектаклі (пераважна тэатраў лялек), адпаведныя сучаснай эстэтыцы: “Сіняя-сіняя” Магілёўскага тэатра лялек, адзначаная як найлепшы спектакль (рэжысёр — Ігар Казакоў), а таксама за сцэнаграфію (Таццяна Нерсісян) і мужчынскую ролю (Мікалай Сцешыц); лялечна сталічная “Ладдзя Роспачы” (найлепшая рэжысура — Аляксея Ляляўскага); “Камедыя Юдзіфі” гродзенскіх лялек (найлепшая жаночая роля — у Ларысы Мікуліч); “Скарына” Магілёўскага драмтэатра (найлепшая мужчынская роля другога плана — у Васіля Гальца). Прэміі за найлепшую п’есу і жаночую ролю другога плана журы ўвогуле “пашкадавала-зэканоміла”: маўляў, эксперыменту тут не было.

А вось у намінацыю “Драма” патрапілі спектаклі, мякка кажучы, усялякія, сярод якіх былі і да болю традыцыйныя, і амаль што аматарскія. Адзіным, хто вылучаўся і каго, паводле пастановачнага ўзроўню, так і хацелася прылічыць да “эксперыменту”, быў “Сіндром Медэі” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (гэты калектыў прадставіў на фэсце адразу два годныя спектаклі). Здавалася нават, што “Медэю” наўмысна змясцілі ва ўлонне больш традыцыйных спектакляў, каб спрасціць працу журы. Ажно не!

Адметную пастаноўку Кацярыны Аверкавай, што спалучыла жанры антычнай трагедыі, эпічнай араторыі (прычым уласнага музычнага аўтарства) і сучаснага дакументальнага тэатра, узбагаціўшы ўсё пластыкай Яўгена Карняга, вылучылі хіба крытыкі ў час штодзённых абмеркаванняў. Журы ж тут адзначыла толькі дзвюх актрыс: Людмілу Сідаркевіч і Гражыну Быкаву (за ролю другога плана). Найлепшай мужчынскай роляй быў названы Пясняр Сяргея Жбанкова ў аднайменным спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага. Затое “Кропкі на часавай восі” гаспадароў фестывалю — Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — сабралі ажно пяць узнагарод. І першая з іх, здаецца, ахоплівае ўсё і адразу — найлепшы спектакль у сваёй намінацыі. Акрамя таго, Дзмітрый Багаслаўскі быў адзначаны за найлепшую п’есу. Таццяна Траяновіч — за найлепшую рэжысуру. Валянціна Праўдзіна — за найлепшую сцэнаграфію. Аляксандр Парфяновіч — за найлепшую мужчынскую ролю другога плана (насамрэч, тая роля — галоўная, але не ва ўсім спектаклі, дзе звыклых цэнтральных роляў няма, а ў адной з васьмі навэл, што яго складаюць). Сенсацыя? Неверагодны прарыў? Хутчэй, аванс, выкліканы шчырым жаданнем падтрымаць тэатр у няпросты для яго час — на шляху пераменаў да сучаснай еўрапейскай эстэтыкі.

Але ўсё роўна відавочна, што да чарговага фестывалю цяперашні расклад намінацый давядзецца змяняць. Ці ўвогуле адмовіцца ад конкурсу? Драматург Сяргей Кавалёў, да прыкладу, прапанаваў звыклы, усім зразумелы падзел на беларускую класіку, сучасную драматургію і дзіцячыя спектаклі. Апошнія сёлета ўвогуле не былі прадстаўлены (маўляў, не набралася б мінімальная для конкурсу колькасць). А ў пазаконкурснай сацыяльнай праграме дэманстраваліся замежныя казкі. Але ж існуюць у нас і добрыя беларускія, якія да Бабруйска, на жаль, не даехалі — той жа “Самы маленькі самалёт на свеце” Магілёўскага тэатра лялек паводле аповеду Святланы Бень, уганараваны Нацыянальнай прэміяй. Дый спектаклі па навейшых беларускіх п’есах, як заўважыла рэдактар Цэнтра беларускай драматургіі Настасся Васілевіч, у праграме адсутнічалі. Можа, яшчэ і таму, што маладое пакаленне драматургаў, як адзначыла тэатральны крытык Людміла Грамыка, “закрыта”, не імкнецца да актыўных кантактаў з нашай тэатральнай грамадскасцю. А вось на расійскія фестывалі яны ездзяць з ахвотай.

Узяцце крэпасці

Самым, бадай, актуальным на фестывалі былі чыткі сучасных беларускіх п’ес. Два гады таму кожны з такіх паказаў, зладжаных двума профільнымі Цэнтрамі — беларускай драматургіі і эксперыментальнай рэжысуры, суправаджаўся настолькі бурнымі дыскусіямі, што тыя самі ператвараліся ў “эксперыментальныя спектаклі” (з актыўным удзелам бабруйскіх артыстаў, многія з якіх безапеляцыйна выступалі супраць). Тым не менш, прамым вынікам тых чытак стаў пастаўлены Аленай Сілуцінай “Лондан”, што назбіраў суквецце прызоў на міжнародных фестывалях. А ўскосным — цяперашнія ўганараваныя “Кропкі…” Але, як высветлілася, кропку ці, тым больш, клічнік ставіць пасля чарговых чытак ранавата. Сёлета “атакай непрыняцця” суправаджаўся “Сэканд хэнд. ТДЖ. Канец свету” Максіма Дасько, інтэрпрэтаваны маладым рэжысёрам Антанінай Аляшкевіч. Больш спакойна-спагадліва былі ўспрыняты дзве будучыя дыпломныя працы студэнтаў БДАМ: “Москаў дрымін” Віталя Каралёва ў прачытанні Аляксея Кузміцкага, які выступіў і рэжысёрам, і выканаўцам цэнтральнай ролі, а таксама “Музыка вуліц” Карыны Рыбак, якая сама збірала дакументальны матэрыял, апытваючы вулічных музыкантаў. Праўда, гэтыя п’есы былі больш “хэпіэндавымі”, з актуальнай, але даволі згладжанай праблематыкай.

Цікавасць бабруйчанаў да нашай сучаснай драматургіі пацвердзіла чытка, зладжаная тамтэйшым рэжысёрам Сяргеем Карбоўскім і артыстамі тэатра. Паказальна, што з усіх прапанаваных ЦБД п’ес была абрана самая, бадай, знешне традыцыйная — “Бессмяротны полк” Аляксандра Бугрова. Але тэма Вялікай Айчыннай, пададзеная ў ёй скрозь прызму містыкі, філасофскіх разважанняў пра жыццё і смерць, міфалагізаваных тэм маральнага выбару і ахвярапрынашэння, была вырашана рэжысёрам максімальна рэалістычна і ў чымсьці ілюстрацыйна: размовы герояў, апранутых у вайсковую форму, ішлі пад “грукат кананады”, выбухі, стрэлы — акурат так, як ставілі падобныя творы ў былыя дзесяцігоддзі. Вядома, на падрыхтоўку было мала часу. Таму трэба спадзявацца, што, калі п’еса атрымае паўнавартаснае сцэнічнае ўвасабленне, да яе знойдзецца нейкі ключык, нешараговы падыход, новыя сродкі тэатральнай выразнасці, здольныя падкрэсліць яе актуальнасць для сучаснай моладзі.

Выхадам за межы традыцыйнасці стаўся падрыхтаваны ЦБД і Аляксандрам Марчанкам спектакль-праменад, што пачаўся ля Бабруйскай крэпасці, пралягаў уздоўж ракі і праз сімволіку пяска і вады быў звернуты да ўспамінаў — асабістых і калектыўных.

Прапановы нанова

На заключным круглым стале гучала шмат прапаноў, як палепшыць форум, зрабіць яго больш эфектыўным, павысіць уплывовасць фестывалю і ўвагу да нацыянальнай драматургіі ў нашых тэатральных і грамадскіх колах. Неаднойчы паўтаралася, як важна запрашаць на гэта свята замежныя тэатры, дзе ставяцца беларускія п’есы. Тое можа быць асобная праграма з трох-чатырох спектакляў. Але галоўным застанецца ўсё, што і зараз: не гнацца за колькасцю, вытрымліваючы найперш якасныя паказальнікі.

Што ж да айчыннай планкі, дык рэйтынг якасці павінен павышацца, каб выпадковых спектакляў на фестывалі не было. Пэўна, няблага было б, каб ва ўмовах з’явілася часавае абмежаванне — і на фестываль траплялі менавіта новыя творчыя працы, падрыхтаваныя за перыяд між фестывалямі, а не пяць і болей гадоў таму.

Вострым застаецца і пытанне тэхнічнага абсталявання тэатра, які праводзіць фестываль. Вядома, поўная мадэрнізацыя сцэны — справа будучыні. Але да наступнага форуму трэба тэрмінова набыць хаця б новую светлавую і гукавую апаратуру, іначай мы можам не далічыцца ў Бабруйску многіх спектакляў, якія хацелі б убачыць. Бо рэжысёры і калектывы не павінны рызыкаваць сваімі рэнамэ і страчваць пры выязных паказах рэалізаваныя ў спектаклях ідэі. А міжнародны розгалас! Ці будзе хтосьці рады, калі па сарафанным радыё разнясуцца звесткі пра “каменны век” фестывалю? Дый для самога тэатра набыццё абсталявання адкрыла б новыя творчыя далягляды.

Справа яшчэ і ў наяўнасці адпаведных сцэнічных пляцовак. З гэтым штогод сутыкаюцца арганізатары нават сталічных тэатральных форумаў — таго ж TEARTа. Што ж тады казаць пра Бабруйск? Наўрад ці горад зможа імгненна займець не адну-дзве, а суцэльны набор разнастайных залаў рознага памеру, прыдатных для дэманстрацыі тэатральных пастановак. Але ўдасканаліць тое, што маецца, неабходна. Дый нашы маладыя рэжысёры, з’яднаўшыся з маладымі драматургамі, маглі б больш актыўна засвойваць такія нетрадыцыйныя пляцоўкі, як, да прыкладу, існуючае фае тэатра, іншыя памяшканні (два гады таму, памятаю, некаторыя праекты ладзіліся ў кавярні), тым самым пашыраючы тэатральную прастору не адно на час фестывалю.

Яшчэ большай праблемай на сённяшні дзень застаецца раз’яднанасць айчынных тэатраў, дзе кожны застаецца сам-насам са сваімі думкамі і сваёй самаацэнкай. Эканомія грошай вымушае калектывы з’язджаць адразу пасля выступлення. А між тым, магчымасць паглядзець працы калег, параўнаць сябе з імі, паслухаць абмеркаванні крытыкаў, паўдзельнічаць у дыскусіях — дарагога каштуюць.

Фестываль, як выказваліся многія госці, можа і павінен стаць месцам сустрэчы з драматургамі. На ім было б добра прэзентаваць новыя зборнікі п’ес — хай не ў папяровым, а ў электронным варыянце, з абавязковай далейшай рассылкай па ўсіх тэатрах. Калі на фэсце будуць прысутнічаць іх дырэктары і мастацкія кіраўнікі, дык змогуць адразу наладзіць сяброўства з літаратарамі, дамовіцца пра пастаноўку іх п’ес ці, магчыма, замовіць ім адпаведныя творы, прыдатныя для канкрэтнага калектыву. Адна з вядучых бабруйскіх артыстак Ала Грахава выступала за тое, каб да наступнага фэсту свае спектаклі падрыхтаваў бы кожны наш тэатр: гэта дасць магчымасць параўнаць калектывы, ацаніць узровень развіцця тэатральнага мастацтва ў цэлым па краіне.

Толькі каб ажыццявіць найбольш цікавыя прапановы, неабходна каманда, якая будзе працаваць над фестывалем не толькі ў час яго правядзення, але і ўсе два гады, паслядоўна рухаючыся да галоўнай мэты — развіцця і папулярызацыі айчыннай драматургіі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"