Колы буксуюць у пяску

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

27 лістапада мерны ток местачковага жыцця ў Смілавічах быў ненадоўга парушаны. Туды выправілася прадстаўнічая дэлегацыя дыпламатаў, а разам з імі — журналісты. Мінулым разам у падобны прэс-тур мне даводзілася ездзіць гадоў дзевяць таму. Зразумела, узнікла спакуса параўнаць уражанні.

Увагу шматлікіх аператараў і фотакараў да карты мястэчка, выкананай у якасці графіці на плошчы Смілавічаў, адразу запрыкмецілі мясцовыя. На вачах іх сабралася ладная група. Калі журналісты ўжо адышліся, людзі ўсё яшчэ здзіўлена ўглядаліся ў сцяну — можа, і самі дзівячыся таму, колькі ў іх, аказваецца, ёсць адметнасцяў.

Графіці-карта — адна з нешматлікіх прыкметных станоўчых змен у мястэчку. Яна з’явілася дзякуючы праекту “Садзеянне развіццю на
мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, падтрымаўшы 50 лакальных ініцыятыў у розных кутках краіны.

Што характэрна, музей “Прастора Хаіма Суціна” таксама ў свой час быў адкрыты за кошт замежных сродкаў — дзякуючы гранту UNESCO. Завадатар гэтай справы Уладзімір Шчасны неаднаразова падкрэсліваў, што яна мае мэту не вырашыць усе праблемы, але стаць свайго кшталту трыгерам, штуршком для мясцовых уладаў у плане далейшых пераўтварэнняў. Ды, на жаль, ніякіх маштабных захадаў дасюль не адбылося. Музейчык у прыстасаваным памяшканні — трох пакоях Дома дзіцячай творчасці — па-ранейшаму ўражвае найперш сціпласцю і ўтульнасцю. Апошняе можна сказаць і пра новую музейную прастору ў Смілавічах  — “Гасцёўню Станіслава Манюшкі”, якая адкрылася акурат 27 лістапада.

Пра сітуацыю з адзіным у свеце музеем кампазітара мы пісалі ўжо неаднаразова. Створаны ён быў яшчэ за савецкім часам пры школе пасёлка Азёрны. Потым школу зачынілі, а будынак — ужо на той момант пазбаўлены ацяплення — прадалі замежнаму інвестару. Потым інвестар некуды знік, а музей гераічна працягваў сваё існаванне. Чэрвенскі райвыканкам доўгі час шукаў для яго новае месца — у Смілавічах, бліжэй да цывілізацыі. І вось, урэшце пераезд здзейсніўся — шмат у чым, дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрасаюза і ПРААН.

Што такое “Гасцёўня”? Звычайная хата з сілікатнай цэглы (яўна “сэканд-хэнд”), унутры якой утульная канцэртная зала месцаў літаральна на 30 — 40 і яшчэ пару пакойчыкаў, куды змясцілася невялікая частка экспанатаў музея. Зразумела, гэта значна лепш, чым было, ды і новая пляцоўка (пры ўмелым яе выкарыстанні) зможа ажывіць культурнае жыццё мястэчка. Але пытанне, ці адпавядае гасцёўня маштабу асобы, артыкул пра якую ў “Вікіпедыі” існуе на 40 (!) мовах — уключна, напрыклад, з карэйскай і японскай — усё адно немінуча ўзнікае.

Асабліва калі ты назіраеш за тым, як машыны з дыпламатычнымі нумарамі гразнуць у размоклым пасля дажджу пяску. Важная дэталь: на вуліцы, дзе з’явілася гасцёўня, няма асфальтавага пакрыцця. І калі вы ў непагадзь зберацеся туды на свецкі раўт, не забудзьцеся замест туфляў на шпільках апрануць гумовыя боты. Альбо галошы.

Яны, дарэчы, маглі б стаць прыкметай мясцовага стылю. У Смілавічах дзеіць адзіная на Беларусі фабрыка па вытворчасці валёнак, куды ахвотна возяць журналістаў падчас прэс-тураў. І ў гэтым ёсць нейкая рацыя — балазе, шапавальства мае ў мястэчку глыбокія гістарычныя карані. Праўда, падчас нашага прыезду даволі старадаўняе абсталяванне прастойвала. Як выявілася, валёнкаў ужо вырабілі больш, чым трэба, а павысіць попыт могуць толькі дзве рэчы: халодныя зімы і прыток турыстаў. Нават не буду меркаваць, якая з іх больш верагодная.

Выступаючы на адкрыцці гасцёўні, Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасіха назваў Беларусь “найвялікшым сакрэтам Еўропы”. Яшчэ ўлетку ён праехаў ці не палову краіны на веласіпедзе — і, як звычайна бывае ў такіх выпадках, набрыняў не толькі ўражаннямі, але і думкамі пра развіццё турызму, якія тэзісна выказаў падчас свайго выступу. І ўсе яго прапановы выглядаюць цалкам дарэчнымі: ствараць маршруты з арыгінальнай тэматыкай, аб’ядноўваць розныя адметнасці і гэтак далей. Але пасля эфектнай прамовы мне карцела парушыць правілы палітэсу і падумаў: “Да ўсяго, што нам параілі, мы дапялі ўжо і ўласным розумам! Дзесяцігоддзі таму энтузіясты стварылі перспектыўныя турмаршруты, усе адметнасці каталагізаваныя, артыкулаў пра іх напісана процьма, а добрых ідэй у нас і наогул болей, чым у Шры-Ланцы сланоў — хаця іх пагалоўе, кажуць, расце. І таму вельмі прыкра, што сваім няўзброеным вокам ніякага асаблівага турызму госці шмат у якіх нашых краях не заўважаюць”.