Творчасць і святло

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Да 80-годдзя Беларускай дзяржаўнай філармоніі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” падрыхтаваў тэатральна-канцэртную імпрэзу “Мне светла…”

/i/content/pi/cult/668/14762/20171-111111-S.jpgУ афішу вынеслі цытату з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Тое прапанавала дырэктар — мастацкі кіраўнік адзінага на постсавецкай прасторы тэатра монадрамы Галіна Дзягілева. Спадарыня Галіна — аўтар інсцэніроўкі, рэжысёр-пастаноўшчык і выканаўца прэм’ернага монаспектакля “Мама!”, што давалі ў першым аддзяленні, — так растлумачыла выбар назвы: “Светла — значыць натуральна. А вершы гэтага геніяльнага паэта сапраўды натуральныя, на іх душа кожнага адгукаецца”.

У новай пастаноўцы паэзія Барадуліна надзвычай удала ўплялася ў п’есу Карэла Чапэка “Маці”. Яна дапамагла акцэнтаваць закладзеную ў прозу ісціну: матуля — самы дарагі чалавек для кожнага. І вечныя каштоўнасці — спачуванне, надзея, вернасць, абавязак — нічога не будуць каштаваць, калі ў іх няма падмурку сапраўднай любові. Той, якая застаецца і тады, калі родных ужо няма побач. “Да пачатку працы над гэтым спектаклем я нават не ведала, што ў Рыгора Іванавіча амаль усе творы прысвечаны маці. І столькі ў іх думак розных”, — пасля спектакля падзялілася з гледачамі сваімі ўражаннямі выканаўца.

Перад імпрэзай у публікі была цудоўная магчымасць прасякнуцца тэмай: у фае філармоніі спецыяльна для праекта “Мне светла…” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры прадставіў выставу “Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцці...” Пра паспяховасць такога супрацоўніцтва гаворыць ужо тое, што музейшчыкаў натуральна не пакідалі ні на хвіліну ў заспакаенні: людзі падыходзілі з пытаннямі, прасілі растлумачыць, чаму тыя, а не іншыя фотаздымкі прадстаўлены, пачыналі распавядаць пра ўласныя ўражанні ад твораў героя выставы.

У другім аддзяленні Галіна Дзягілева перайшла ў дырэктарскую ложу, адкуль разам з усёй залай гледачоў чакала святочны канцэрт. Загадчык літаратурнай часткі тэатра “Зніч” Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі распавёў, што рэжысёр канцэртнай праграмы Ніна Осіпава вырашыла з дапамогай нізкі нумароў прапанаваць глядзельнай зале ўзгадаць юбілеі, якія прынёс бягучы год: “Сярод шаноўных юбіляраў — народныя паэты Беларусі Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, нашыя сучаснікі — народныя артысты Беларусі Аляксандр Анісімаў, Міхаіл Фінберг, Анатоль Ярмоленка. А таксама сталы сутворца спектакляў нашага тэатра таленавіты кампазітар Алег Залётнеў”.

Са сцэны чыталі паэтычныя ўрыўкі заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Кашпераў і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Мікалай Лявончык. Акцёры сталічных тэатраў таксама супрацоўнічаюць са “Знічам”. Саліст ансамбля “Свята” Вячаслаў Статкевіч ужо 20 гадоў з поспехам выконвае ў тэатры “Зніч” музычна-паэтычны монаспектакль “У краіне светлай, дзе я ўміраю…” паводле вершаў Максіма Багдановіча. Таму невыпадкова, што Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Анатоля Кашталапава разам з іншымі шматлікімі выступоўцамі таксама спрычыніўся да віншаванняў.

Вядучы — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка — не мог абмінуць і юбілей заснавальніцы тэатра “Зніч”. Галіна Дзягілева яшчэ ўвесну адзначыла 70-годдзе, зараз ізноў прымала віншаванні ад калег і сяброў. Са сцэны Валерый Данілавіч зазначыў: “Галіна бліскуча пачала сваю кар’еру ў Коласаўскім тэатры, дзе прапрацавала больш за паўтара дзясяткі гадоў. Яна ўпісала прыкметны радок у гісторыю віцебскага тэатра. 28 гадоў таму творца заснавала тэатр “Зніч”. Той, хто хоць раз спрабаваў адкрыць сваю справу, ведае, што гэта не так проста робіцца. Тым, што прыдумала, прабіла, адкрыла і столькі гадоў нясе гэтую паходню, яна назаўжды ўпісана ў гісторыю мастацтва і культуры нашай краіны”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"