Датычыцца кожнага

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

Адзінокая фігурка ў лодцы ў адкрытым моры, тарка, чалавек пад вадой, марозіва, якое немагчыма з’есці, шклянка з таблеткамі і надпісам SOS — гэта моцныя вобразы Аліны Лістовай, якія я ўбачыла на выставе #открытажить, што прайшла на мінулым тыдні ў прасторы “Корпус”. Аліна — не прафесійная мастачка, а чалавек, які пацярпеў ад гвалту, і знайшоў сілы і магчымасць выйсці з таксічных стасункаў. Яе замалёўкі, зробленыя падчас рэабілітацыйнага перыяду, трапляюць у самае сэрца.

Выставачны праект, адкрыты ў Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у дачыненні жанчын, стаўся першай падзеяй у інфармацыйнай кампаніі “Не маўчы! Спыні гвалт у сям’і”, якая рэалізуецца Фондам ААН у вобласці народанасельніцтва (UNFPA) сумесна з Міністэрствам унутраных спраў краіны пры фінансавай падтрымцы Урада Вялікабрытаніі.

Кампанія, якая распачалася на гэтым тыдні і працягнецца да сакавіка 2018 года, уключае ў сябе шмат мерапрыемстваў, скіраваных на фарміраванне нулявой талерантнасці грамадства да гвалту ў сям’і. Сярод іх — не толькі вышэйзгаданая выстава, але і кінафестываль, тэатральная пастаноўка, адмысловы праект, які задзейнічае віртуальныя тэхналогіі, спартыўныя і адукацыйныя падзеі. Сімвалам акцыі абрана выява жанчыны, якая здымае “маску маўчання”.

Сярод партнёраў таксама — Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны краіны, дыпламатычны корпус, прадстаўнікі прыватных і дзяржаўных камерцыйных структур. Высілкі ведамстваў і арганізацый невыпадковыя: згодна са статыстыкай, трое з чатырох беларусаў (і жанчын, і мужчын) за сваё жыццё пацярпелі ад хатняга гвалту.

— Толькі ў бягучым годзе ў сферы сямейных ці бытавых стасункаў ад рук блізкіх, якія пражываюць сумесна, загінула 96 чалавек. Задакументавана 42 тысячы адміністратыўных саставаў, і лічбу ў дачыненні апошніх можна смела павялічваць у чатыры-пяць разоў. Маштаб вельмі цяжка вымераць з-за латэнтнасці гэтай бяды. У 80% выпадкаў гвалту агрэсарам у беларускім грамадстве становіцца мужчынская частка насельніцтва. Гэта праблема вельмі сур’ёзная і патрабуе рашэння. Чым больш мы будзем казаць пра яе, чым настойлівей — тым лепш, — падкрэсліў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку інфармацыйнай кампаніі, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС краіны Раман Мельнік.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіона Гіб патлумачыла, што супрацоўніцтва з Беларуссю ў гэтым кірунку істотна для дзвюх дзяржаў. У Вялікабрытаніі праблема гвалту ў дачыненні жанчын не менш уражвае. “З 2016 года па сённяшні дзень у краіне зафіксаваны 1,9 мільёна выпадкаў хатняга гвалту. Кожны тыдзень забіваюць дзвюх жанчын”, — агучыла спадарыня Гіб статыстыку па Злучаным Каралеўстве.

Дырэктар UNFPA для Беларусі Каспар Пік падкрэсліў, што ў дачыненні гэтай праблемы — хатняга гвалту, і гвалту ўвогуле — гаворка ідзе ў першую чаргу пра правы чалавека. Па яго словах, гвалт не абмяжоўваецца пэўнай вобласцю — толькі сям’ёй, ён заўжды выходзіць за яе межы і далей пранізвае ўсе сферы дзейнасці чалавека.

Падчас прэс-канферэнцыі былі агучаныя і тыя праграмы і меры, якія прымаюцца ў нашай краіне для супрацьдзеяння праблеме, якая датычыцца амаль кожнага. Гэта Нацыянальны план па забеспячэнні гендарнай роўнасці краіны, змены, якія былі ўнесены ў адмысловы закон аб прафілактыцы правапарушэнняў (“Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”). Вядзецца праца над тэкстам закона аб супрацьдзеянні гвалту, яго выяўленні і прафілактыцы. Як засведчылі эксперты, неабходна кансалідацыя ўсіх інстытуцый і ведамстваў. Інфармацыйная кампанія — таксама крок да яе.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"