У асацыяцыі — новы старшыня

№ 48 (1331) 02.12.2017 - 08.12.2017 г

28 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 365 дэлегатаў з самых розных куткоў Беларусі — супрацоўнікі сталічных, рэгіянальных і раённых бібліятэк рэспублікі.

Як падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня Савета ББА і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі краіны па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Алена Далгаполава, за апошні час колькасць членаў арганізацыі даволі істотна знізілася. Напрыклад, калі ў 2013-м у складзе ББА знаходзілася 1500 чалавек, то сёння — блізу 900 чалавек.

— Зрэшты, гэта паказвае, што ў складзе нашай арганізацыі засталіся сапраўды тыя, каму гэта цікава, хто хоча з дапамогай ББА зрабіць бібліятэчнае жыццё краіны больш змястоўным, — адзначыла выступоўца.

Большасць членаў асацыяцыі — гэта сталічныя бібліятэкары (56 % ад агульнай колькасці). Зусім мала прадстаўнікоў ББА ў Брэсцкай і Магілёўскай абласцях, а ў Гродзенскай іх да апошняга часу не было ўвогуле.

Па словах Алены Далгаполавай, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя ў апошнія гады найбольшую ўвагу надае праектам, якія дазваляюць загучаць словам “бібліятэка” і “бібліятэкар” па-новаму, каб зламаць традыцыйныя стэрэатыпы ўспрымання бібліятэк і бібліятэкараў з боку грамадства.

Для гэтага праводзяцца бібліятэчныя велапрабегі (першы быў арганізаваны ў рамках буйнога міжнароднага праекта Сycling for libraries у 2014 годзе) і кніжныя фестывалі (напрыклад, фэст “Горад і кнігі”, які ладзіцца ў Мінску з 2015 года і збірае на сваіх пляцоўках тысячы гараджан), “бібліяночы”.

— Чым больш з'явіцца нестандартных па форме і змесце праектаў, тым больш лаяльна будзе ставіцца грамадства да бібліятэк і іх супрацоўнікаў, — адзначыла Алена Далгаполава.

Пасля выступлення старшыні арганізацыі быў заслуханы даклад кіраўніка рэвізійнай камісіі, а пазней адбыліся выбары ў Савет Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Па выніках галасавання новым старшынёй ББА стала Іна Юрык — дырэктар Навуковай бібліятэкі БНТУ. Яе намеснікамі сталі Наталля Макеева і Марына Рафеева. Таксама былі абраны новыя старшыні шэрагу камітэтаў ББА.

Істотна змененая структура працоўных органаў ББА: ліквідаваны камітэт па інфармацыйных тэхналогіях, а таксама аб’яднаны паміж сабой шэраг камітэтаў і створаны новыя.

У якасці прадстаўнікоў прафесійнай прэсы ў склад Савета ББА ўвайшлі Людміла Кірухіна — галоўны рэдактар часопіса “Бібліятэчны свет”, і Лідзія Макаранка — адказны сакратар часопіса “Бібліятэка прапануе”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"