Ён усё жыццё змагаўся з хамствам

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

26 лістапада — 110-годдзе з дня нараджэння выдатнага майстра сатыры і гумару Міхася Скрыпкі
У 1990-м годзе — за год да яго смерці — я пачуў ад свайго земляка такія словы: “Ні адзін літаратурны крытык не змог раскрыць сутнасць маёй творчасці! Ніхто з іх не заўважыў, што я ўсё жыццё ў сваіх шматлікіх творах змагаўся за культуру нашых сучаснікаў і асабліва за культуру паводзін чалавека”.

Бадай ніхто з беларускіх пісьменнікаў так часта не выступаў перад школьнікамі і студэнтамі ВНУ, перад чытачамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Вось перада мной газета “Літаратура і мастацтва” за 7 лютага 1961 года, дзе змешчана карэспандэнцыя А. Мацылевіча “Сустрэча з пісьменнікамі”, у якой паведамляецца, што ў Дубровенскім раённым Доме культуры адбылася сустрэча Янкі Скрыгана і Міхася Скрыпкі з вучнямі школ горада. У гэты ж дзень госці прынялі ўдзел у чарговых занятках мясцовага “ўніверсітэта культуры” — так называліся курсы павышэння кваліфікацыі.

Праз некалькі дзён пасля той вандроўкі я сустрэўся ў Мінску з Міхасём Аляксандравічам. Ён згадаў пра выпадак, які карэспандэнт не адзначыў. Адзін з удзельнікаў семінара задаў яму пытанне: “Чаму беларуская культура ў параўнанні з іншымі такая бедная? Нам амаль няма чым ганарыцца!”

— Не ведаю, што на мяне найшло, — прызнаўся Міхась Скрыпка. — Я трошкі расхваляваўся, а потым прачытаў кароткую лекцыю аб Францыску Скарыне, класіках беларускай літаратуры, беларускіх мастаках і музыкантах, рэжысёрах і акцёрах… Нават пра батлейкі згадаў! У выніку, слухач універсітэта культуры, які задаў гэта пытанне, усклікнуў: “Досыць! Вы мяне пераканалі!”

Асабліва часта выязджаў Скрыпка для сустрэч з чытачамі розных рэгіёнаў нашай рэспублікі ў 1965 — 1971 гадах, калі працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР. Тады творцы рэгулярна выступалі на прадпрыемствах, у дзяржаўных і ў навучальных установах.

Міхася Скрыпку мне вельмі хваліў за яго ўменне прапагандаваць беларускую культуру сам аўтар папулярнай песні “Бывайце здаровы, жывіце багата” Адам Русак. Сатырык нярэдка здзіўляў не толькі слухачоў, але сваіх калег эрудыцыяй і арыгінальным пачуццём гумару. І мала хто ведаў, што гэты ўсмешлівы чалавек — па адукацыі настаўнік — падчас вайны спазнаў нямала выпрабаванняў.

У гады акупацыі Міхась Скрыпка стаў падпольшчыкам, выконваў розныя заданні камандзіра Клічаўскага партызанскага атрада І. З. Ізоха. У верасні 1942 года ён параненым быў схоплены немцамі. Неаднаразова спрабаваў уцячы, і ў 1944 годзе яму нарэшце ўдалося далучыцца да сваіх. Да канца вайны Міхась Аляксандравіч служыў у органах СМЕРШа і займаўся рэпатрыяцыяй савецкіх людзей з вызваленых Чырвонай арміяй тэрыторый. У жніўні 1945 года ён прывёз у Асіповічы рэпатрыянтаў і застаўся на радзіме.

Затым ізноў былі гады настаўніцтва. Скрыпка выкладаў рускую і беларускую мову і літаратуру ў сярэдніх школах Асіповіцкага і Пухавіцкага раёнаў. І адначасова стаў пісаць вершы, набываючы вядомасць як трапны сатырык.

У 1958 годзе выходзіць у свет кніжка Міхася Скрыпкі “Сатыра і гумар”, а ў 1959-м — апавяданні і гумарэскі пад назвай “Мая хата не з краю”. Незаўважанымі яны не прайшлі. У манаграфіі аўтарытэтнага літаратурнага крытыка Якава Гярцовіча “Літаратура і жыццё народа” (1960) ёсць такія радкі: “Многія гумарысты пісалі пра сумныя і павярхоўныя п’есы, тэатральныя пастаноўкі, з якіх гледачы ўцякаюць, не дасядзеўшы да палавіны. Тэма, здаецца, настолькі не свежая, што як ты ні паварочвай, цяжка дамагчыся, каб яна загучала па-новаму. Скрыпка знайшоў, аднак, свой гумарыстычны паварот, і мы ахвотна смяёмся з недарэкі-аўтара, які пасля другой дзеі спаў як пшаніцу прадаўшы і ў сонных марах бачыў сябе лаўрэатам. Драматургу здавалася, што вось-вось пачуюцца гучныя воклічы: “Аўтара папросяць на сцэну!” Замест гэтага ў парожняй зале яго раскатурхалі, каб сказаць: “Аўтара просяць… дахаты”.

Далей кнігі выходзілі адна за адной. Асаблівае месца ў творчасці Міхася Скрыпкі займае зборнік фельетонаў, баек, гумарэсак, жартаў, сатырычных мініяцюр “Ад смеху не ўцячэш”, які выйшаў у свет у 1975 годзе. Сатыра і гумар паэта накіраваны супраць тых, хто нячысты на руку, хто жыве не па законах. Паказваючы розныя заганы ў характарах людзей праз павелічальнае шкло гратэска, выстаўляючы іх на ўсеагульнае абсмейванне, Скрыпка нібы абяззбройвае зло і ўсталёўвае тыя высокія ідэалы, на якіх павінны выхоўвацца сучаснікі.

— Калі я бачу выдатныя дасягненні беларускага народа ва ўсіх галінах культуры, то адчуваю гонар за сваіх сучаснікаў, асабліва за таленавітых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, акцёраў, рэжысёраў, — казаў мне неяк сам аўтар. — Але адначасова не магу спакойна глядзець на п’яніц, наркаманаў, дзяўчат лёгкіх паводзін і проста юнакоў-хамаў.

Усё сваё доўгае жыццё Скрыпка плённа працаваў. Напісаў сцэнарый кароткаметражнай тэлекамедыі “Акадэмік” (1963), шэраг твораў для дзяцей, быў аўтарам вершаваных подпісаў да шматлікіх сатырычных плакатаў. На словы паэта М. Кузняцовым, М. Чуркіным і іншымі кампазітарамі былі створаны песні.

У тыя часы ўжо за адну Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР прызначалі персанальную пенсію. Міхась Скрыпка быў узнагароджаны такой граматай двойчы! Дык чаму ж тады ён напрыканцы жыцця скардзіўся, што яго творчасць была недаацэненая?

Літаратурныя крытыкі таго часу не заўважылі, што вучань класіка беларускай сатыры Кандрата Крапівы, які ведаў на памяць усе байкі свайго настаўніка, у тым ліку і забытыя Кандратам Кандратавічам, урэшце, без перабольшвання, сам стаў класікам. І яму належаў уласны адметны голас.

Міхася Скрыпкі не стала 8 кастрычніка 1991 года — на 84-м годзе жыцця. Ён пахаваны ў Асіповічах. Думаецца, менавіта на малой радзіме і варта найперш ушанаваць яго памяць.

Эмануіл ІОФЭ,
прафесар БДПУ імя М. Танка, доктар гістарычных навук