Чалавек з фотаапаратам

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Такім людзям, як Аляксандр ЛАСМІНСКІ, помнікі пры жыцці не патрэбныя — хаця ставіць іх даўно ёсць за што. Такіх асобаў цяжка ўявіць застылымі ў пафаснай позе з ганарліва ўзнятай галавой і фанабэрліва-павучальным позіркам. Яны заўсёды ў руху, поўныя непадробнага дзіцячага імпэту і захаплення ад жыцця. Гродзенскі фатограф, тэлевізійшчык, старшыня фотаклубу “Гродна”, які сёлета адсвяткаваў сваё 45-годдзе, шматгадовы старшыня камісіі па культуры і адукацыі гарвыканкама (які, здаецца, і па сёння выконвае свае функцыі, толькі ўжо на грамадскіх пачатках), стваральнік тэлеканала "Гродна плюс"... Да гэтых вядомых іпастасяў шматграннай асобы варта дадаць і некаторыя малавядомыя факты яго жыцця, а таксама і мары ды перспектывы.

/i/content/pi/cult/666/14754/IMG_98-11111111111111_opt.jpegКуля як сувенір

Я ледзь не загінуў амаль адразу пасля нараджэння! Прычынай таму — пасада майго бацькі. Родам ён з Віцебшчыны, да вайны працаваў дырэктарам школы, потым на фронце. Быў паранены, стаў інвалідам і апынуўся ў Сібіры, стаўшы інспектарам вайсковых вучэльняў. Нейкім дзіўным чынам там яго адшукаў Панамарэнка, якому былі вельмі патрэбныя мясцовыя кадры для аднаўлення сістэмы кіравання ў толькі што вызваленай БССР. І бацька стаў сакратаром Лідскага райкама партыі. А часы тады самі ведаеце былі якія — асабліва ў Заходняй Беларусі, дзе актыўна дзейнічалі групоўкі Арміі Краёвай. Яны палявалі не толькі на саміх савецкіх работнікаў, але часцяком і на іх сямейнікаў.

У Лідзе мы пасяліліся ў старой камянічцы ля замкавай брамы — яна і дасюль захавалася. І вось, неўзабаве пасля таго, як мяне прынеслі з раддому, быў арганізаваны тэракт. Стралялі з кулямёта, усталяванага непасрэдна на замкавым муры. На шчасце, чарга прайшла міма. Потым, ужо праз ладны час, бацька падараваў мне кулю, якая магла ў мяне патрапіць. Недзе яна і пасюль у мяне захоўваецца.

Няспынны вучань

Прызнанне ў прафесіі прыйшло да мяне вельмі рана. Ужо ў 8 класе я быў юнкарам, публікаваўся ў “Піянерскай праўдзе”, перамагаў у міжнародных конкурсах. Адным словам, зорка мясцовага маштабу. Але гэта не перашкаджала мне паўсячасна вучыцца. Ды і потым я ніколі не саромеўся гэта рабіць.

Я вучыўся ў Юрыя Сяргеевіча Іванова, які ўжо ў гады маёй маладосці быў знаным профі. Яшчэ ў студэнцкія гады часта наведваўся ў “Советскую Белоруссию”, дзе працаваў фатографам легендарны Леў Уладзіміравіч Папковіч. На журфаку вучыўся ў Ефрасінні Леанідаўны Бондаравай. Яна цягала нас на здымкі ў кінастудыю, аднекуль здабывала нам запрашальнікі ў Дом кіно ў Чырвоным касцёле, дзе тады паказвалі Феліні ды Антаніёні. Там ледзь не натоўпы стаялі перад дзвярыма ў спадзеве на лішні білецік, а мы, студэнты, горда рушылі паўз іх унутр. Дасюль за гэта ўдзячны сваёй выкладчыцы: унікальная на той час магчымасць спрычыніцца да шэдэўраў кіно моцна паўплывала на маё светаадчуванне.

У каго яшчэ я вучыўся? Ды ўсіх настаўнікаў і не пералічыць. Напрыклад, легендарны Антанас Суткус. Я карыстаўся з любой магчымасці запрасіць яго ў Гродна, і ён даў магчымасць жыхарам горада пазнаёміцца з усімі шэдэўрамі літоўскай фатаграфіі. Стасункі з майстрам сталі для мяне велізарнай школай. Нават стыль запрашальнікаў на свае выставы мы пазычылі ў літоўцаў. А таксама і стыль іх арганізацыі. Прыкладам, з’явілася завядзёнка пісьмова адказваць кожнаму, хто дасылаў свае работы — нават калі адказ адмоўны, бо журы было строгім. На паштовыя выдаткі ў нас сыходзілі вялізныя сумы, але затое пакрыўджаных не было. Бо аўтарытэт і давер лёгка страціць ды цяжка заваяваць.

/i/content/pi/cult/666/14754/t.jpegБАМ маімі вачыма

Сакратар па ідэалогіі ЦК ЛКСМБ Уладзімір Ягораў быў чалавекам імпэтным, ініцыятыўным. Кожны год яго стараннямі ладзіліся семінары творчай моладзі, дзе збіраліся аднагодкі самых розных прафесій: музыканты, артысты, паэты… Шкада, што цяпер такіх ужо не праводзіцца. На адным семінары я “засвяціўся”, зрабіўшы насценгазету. І вось, выклікаў мяне неяк Ягораў у Мінск.

А тады акурат БАМ быў абвешчаны ўсесаюзнай будоўляй, і трэба было накіраваць туды беларускага журналіста. Мяне пасылаць атрымлівалася танней: я быў “тры ў адным”, мог і тэкст напісаць, і фота зрабіць. Яшчэ невялічкую кінакамеру мне на шыю павесілі. Нагрузілі тэхнікай так, што ледзь мог падняць. І з першым беларускім камсамольскім атрадам вырушыў я ў доўгую камандзіроўку — ажно на паўтара месяцы. Увесь гэты час, па сутнасці, адчуваў сябе ў скуры будаўнікоў: мой побыт мала адрозніваўся ад іхняга. Дыктаваў па тэлефоне інфармацыю, і яна тут жа з’яўлялася ў “Знамёнцы” і ”Чырвонцы”.

Па вяртанні хацеў быў пайсці ў заслужаны адпачынак, але Ягораў мяне зноў выклікаў: для пленума ЦК ЛКСМБ трэба хуценька падрыхтаваць выставу “Беларусы на БАМе”, прычым адкрываць яе будзе сам Пётр Міронавіч! На ўсё жыццё запомніў усмешку Машэрава, добрую і зычлівую. Напрыканцы маёй экскурсіі ён паціснуў мне руку ды падзякаваў: вашымі вачыма мы цяпер бачым, што і як адбываецца на гэтай будоўлі.

Выхад на канал

Недзе напрыканцы 1970-ых мне ўпершыню давялося выехаць за мяжу. Гэта быў усяго толькі Беласток, ад якога да Гродна нейкая сотня кіламетраў, але ўражанняў у савецкага чалавека з’явілася процьма. Мы кантактавалі з мясцовымі фатографамі (а тыя кантакты, між іншым, актыўныя і дасюль), і менавіта яны нас запрасілі на пленэр ды сустрэлі як родных.

Што з убачанага мяне здзівіла? Ужо тады ў Польшчы зараблялі на паветры — у сэнсе, паветры чыстым. Турысты ахвотна наведвалі не якіясьці звышцікавосткі, а проста прыгожыя і ціхія мясціны. Нам гэта здавалася нечым неверагодным. У адзін пагодны дзень калегі зладзілі для нас экскурсію па Аўгустоўскім канале. Там я даведаўся, што яго частка, аказваецца, праходзіць і па нашай тэрыторыі.

Вы не паверыце, але тады гэта стала неспадзяванкай нават для гродзенца! Дый не дзіва: яшчэ ў сярэдзіне 1950-ых канал быў зняты з балансу Міністэрства транспарту і афіцыйна кануў у нябыт! Жыхары навакольных вёсак ведалі пра нейкія дзіўныя руіны, аднак ніхто асабліва не задаваўся пытаннем, адкуль яны ўзяліся. Патрапіць у тыя мясціны чалавеку старонняму было не так і проста — памежная зона.

Мне дапамагла мая прафесія. Акурат у той час я рабіў тэлеперадачу пра памежнікаў — і, адпаведна, меў доступ на самыя ўскрайкі савецкай зямлі. Падчас гэтых камандзіровак мала-памалу вывучаў рэшткі шлюзаў. Яны ўражвалі нават у тагачасным несамавітым выглядзе. Ужо тады мне стала зразумела, што канал — гэта ўнікальны помнік гідратэхнічнага дойлідства.

Пасля з’явіліся першыя публікацыі… Так сама па сабе ўзнікла ідэя аднаўлення беларускай часткі каналу. Спачатку на мяне глядзелі як на вар’ята, але я не сунімаўся. І вось, у адзін цудоўны дзень мне патэлефанаваў тагачасны старшыня Гродзенскага райвыканкаму Міхаіл Камарэц ды літаральна агаломшыў: маўляў, учора экспромтам выклаў гэтую задуму Кіраўніку дзяржавы, і Прэзідэнт яе ўхваліў: створана рабочая група. Таму рыхтуйся: ідэя караецца ўвасабленнем! І яно, як мы ведаем, не прымусіла сябе чакаць.

Цяпер мы прыкладаем намаганні, каб да нас вярнуўся архіў Аўгустоўскага канала, які зараз захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім вайскова-гістарычным архіве. Менавіта адтуль былі ўзятыя патрэбныя для рэканструкцыі чарцяжы развадных мастоў, і таму на нашай частцы каналу яны адпавядаюць аўтэнтычным куды болей, чым на польскай. І можна толькі ўявіць, колькі там яшчэ тоіцца адкрыццяў — балазе, архіў уключае каля ста тамоў! Царскія чыноўнікі былі вельмі датклівымі, і ўсе дакументы вырабляліся ў двух асобніках. Адзін заставаўся на месцы, другі накіроўваўся ў Пецярбург. У нас, вядома, нічога не захавалася, а там ёсць усё! Але пакуль ніхто з даследчыкаў гэтым усур’ёз нават не зацікавіўся.