Не асабістая сціпласць, а прафесійнае лідарства!

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Усвядомце: вы прыйшлі, каб змяніць жыццё
Пагаворым пра асобу работніка культуры. Пра тое, што яна заўжды павінна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. І ўсе мерапрыемствы, якія ладзяцца сёння ў бібліятэках, клубах, музеях, дамах рамёстваў, павінны будавацца на спалучэнні “фактаў жыцця і фактаў мастацтва”. Тэма, прама скажам, няпростая, праблемная. Так, няма культуры без асоб, якія кладуць жыццё на алтар народнага мастацтва. Але ці шмат у нас фестываляў, конкурсаў, устаноў, якія носяць імя выбітнага работніка культуры: музыканта, фалькларыста, кіраўніка аддзела? Адзінкі! Брэсцкая харэаграфічная школа мастацтваў імя Вячаслава Пагодзіна, Веткаўскі музей стараабрадніцтва і народных традыцый імя Фёдара Шклярава, ды ў Асіповічах раённы фальклорны фестываль наступнага года збіраюцца назваць імем колішняга начальніка аддзела культуры Васіля Налівайкі. Калі і ёсць дзе іншыя прыклады, я пра іх не ведаю.

/i/content/pi/cult/666/14753/pt.jpegДадзены матэрыял мне дапамаглі падрыхтаваць загадчык кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Макарава ды прафесары згаданай кафедры Святлана Майсейчук і Мікалай Каралёў. Менавіта яны сцвердзілі ці не ў адзін голас, што работнікі культуры прыйшлі на свае пасады, каб змяніць жыццё людзей у вёсцы, раённым цэнтры, абласным горадзе. Таму і праца іх падобная на подзвіг. Масавік-зацейнік — гэта са сферы паслярэвалюцыйнага абслугоўвання. Чалавек, які адраджае нацыянальную традыцыю, захоўвае і мацуе народную спадчыну — са сферы сённяшняй культуры. Гэта ён забяспечвае працэс функцыянальна-структурных пераўтварэнняў у дзейнасці ўстаноў культуры, шукае шляхі да паляпшэння зместу і форм сацыякультурнай дзейнасці насельніцтва ў адпаведнасці з сучаснымі патрэбамі, садзейнічае вырашэнню розных сацыяльных праблем сучаснага грамадства.

Казаў пра гэта, але нагадаю яшчэ. У СДК вёскі Юрацішкі вісіць плакат, напісаны рукой клубнага кіраўніка: “Наша праца — наша шчасце”. Напэўна, працуюць у сферы культуры і людзі, якія думаюць інакш. У адваротным выпадку не было б патрэбы ў гэтым артыкуле.

Пра аўтарытэт

Што можа работнік культуры? Пераканаць на асабістым прыкладзе і стварыць такое
культурнае асяроддзе, што любы з нас адчуе творчую патрэбу пакінуць след на зямлі. Ці не ў гэтым шчасце чалавека і сэнс ягонага жыцця? Інакш кажучы, прафесія работніка культуры — шчаслівая. Аднак не. Штосьці канцы з канцамі не сыходзяцца. Глядзіце, як вы самі пазіцыянуеце сябе: “Мы сціплыя”. І вам вераць. І чакаюць ад вас толькі забавак ды толькі строгага выканання заданняў, якія прыйшлі зверху, і руцінных справаздач з любой нагоды. На гэтай глебе, згадайце, колькі адмоўных кінавобразаў работнікаў культуры ўзнікла! Адзін толькі дырэктар палаца культуры Агурцоў з
разанаўскай “Карнавальнай ночы” чаго варты! Згадваюцца яшчэ зафармалізаваныя ў творчых памкненнях культмасавікі з мастацкіх стужак “Мая рыбачка” і “З жыцця тых, хто адпачывае”. Не знойдзеце станоўчых вобразаў сваіх калег і ў нашай літаратуры.

Дык што, работнік культуры аўтаматычна не трапляе ў лік рамантычных герояў? Катэгарычна не жадаю пагадзіцца. І гэта не філасофскія развагі, а вынікі навуковага аналізу той сітуацыі, якая склалася на сёння ў рэгіянальнай культуры. Культарганізатар — архаізм. Сённяшнія работнікі сферы — аніматары, сацыяльныя педагогі, прамоўтары, канцэртныя агенты, арт-менеджары... А любая ўстанова гэтай сферы забяспечвае асваенне, захаванне, стварэнне і распаўсюджванне культурных каштоўнасцяў. І ў такім выпадку кожны з вас, сцвярджае Алена Макарава, — лідар культурных працэсаў. Прыйшоў ужо час
назваць клубніка ды бібліятэкара суб’ектам гэтых працэсаў. Выбар паслуг цяпер — неймаверны. Іх прапаноўваюць інтэрнэт, канцэртныя агенцтвы, прыватныя структуры. І работнік культуры не можа не ўсведамляць маштабы сваёй місіі. Вакол кожнай такой асобы фарміруецца культурнае асяроддзе. Кінаакцёр гуртуе вакол сябе гледача? Безумоўна, бо дбае пра папулярнасць, аўтарытэт і сам ладзіць творчыя сустрэчы, ініцыіруе фестывалі, канцэрты і прэс-канферэнцыі! Таму работнік культуры, які сядзіць у сваім кабінеце, перакладае на стале старыя буклеты і чакае наведвальніка, не мае будучыні. Ды ён і не работнік культуры, а статыст. І не пра шчасце тут трэба казаць, а пра асабісты дыскамфорт. Пра камфортнасць для спажыўцоў культуры гаварыць у такім разе не выпадае.

Пра карпаратыўнасць

Прыйшоў на працу малады спецыяліст. Тут усё зразумела: ён знаёміцца з сацыяльным пашпартам дадзенай мясцовасці і пачынае напрацоўваць аўтарытэт. Яму дапамагае старэйшы таварыш па працы. А як быць з тым, хто адпрацаваў усё жыццё, скажам, кіраўніком народнага тэатра і збіраецца на пенсію? Ён нарадзіў і паставіў на ногі сваё “дзіця”, перадаў справу маладому, заслужыў аўтарытэт у вяскоўцаў. І тут вельмі важна пры жыцці аддаць ветэрану належнае. Мы можам гэта зрабіць годна? Не заўжды. Доказ таму — пастаянныя лісты і тэлефанаванні ў рэдакцыю, змест якіх прыблізна адзін: адправілі на пенсію і нават “дзякуй” як след не сказалі. У такім выпадку карпаратыўныя сувязі губляюць трываласць і буяе крыўда.

Яшчэ адна памылка пры зносінах з ветэранамі вось якая. Алена Макарава пераканана, што мы выкарыстоўваем іх як сродак выхавання. А ветэран — не сродак, ён — мэта, рэальны герой, якому трэба аддаць належнае.

Яшчэ адзін нюанс карпаратыўнасці. Алена Макарава лічыць, што важкі вынік сёння рэальны пры аб’яднанні ўсіх сіл культурнай сферы. І любое мерапрыемства бібліятэкары, клубныя ды музейныя работнікі павінны ладзіць разам. Менавіта пры такім падыходзе да справы да іх далучыцца астатняя інтэлігенцыя вёскі, райцэнтра: настаўнікі, урачы, служачыя. Імідж сферы пры гэтым толькі ўмацоўваецца.

Пра раскрыццё асобы

Вернемся да таго, што аснова любой праграмы — еднасць фактаў жыцця і фактаў мастацтва. Інакш кажучы, асоба мастацтва, культуры павінна быць у цэнтры мерапрыемства. Святлана Майсейчук тлумачыць, што самая прыдатная тут — асоба самога работніка культуры. А я зноў апелюю да рэдакцыйнай пошты. Пісьмы пра работнікаў культуры самі работнікі культуры пішуць па нейкім трафарэце (як прадстаўленне да ўзнагароды), нецікава і не кранальна. Мы самі сябе не паважаем і карпаратыўны дух еднасці — толькі прыгожае словазлучэнне?

Магчымую крытыку прымаю і ў свой адрас. Нарыс ці замалёўка пра музейшчыка, бібліятэкара, рамесніка, клубніка — рэдкія госці на нашых старонках. З той жа прычыны: пісаць іх, каб вобраз раскрыць ды не сфальшывіць, вельмі цяжка. Але мы, журналісты, пастараемся, каб расповеды пра работнікаў культуры сталі на нашых старонках рэгулярнымі ды ёмістымі.

Пра пакліканасць

Мы прыйшлі да высновы, што работнік культуры — чалавек дзяржаўнай культурнай палітыкі, яе суб’ект. Ягоны абавязак — прымаць меры, каб жыццё кожнага было напоўнена падзеямі і эмоцыямі, каб людзі не вінцікамі сябе адчувалі, а людзьмі зваліся.

Прэзентацыя асобы ў культурным асяроддзі — праект доўгатэрміновы і ў плане піяру работнікаў культуры вельмі эфектыўны. Нагадаю, не для “выпячвання”, а дзеля канстатацыі прафесійнага гонару. І героямі такіх творчых сустрэч, як мне падаецца, павінны стаць не лепшыя з лепшых культработнікі, а ўсе яны без выключэння. Уяўляеце вечарыну, на якой, да прыкладу, пра кіраўніка вакальнага ансамбля расказваюць не толькі калегі, але і суседзі, сябры, сваякі і родзічы? І паступова становіцца зразумела, як і для чаго асоба гэтая прыйшла ў прафесію, што паспела зрабіць, якія памылкі мела на пакручастым творчым шляху, як іх выпраўляла. А ўслед за культработнікамі героямі такіх акцый стануць і ўсе сацыяльныя партнёры: урачы, настаўнікі, інжынеры, аграномы, прадпрымальнікі і гэтак далей. Шоу-бізнес аб’яднаны эканамічнымі складнікамі, а сацыяльна-культурная дзейнасць — культуралагічнай тэрыторыяй. І вельмі важным падаецца агульнае разуменне, што мы “робім” культуру тут і цяпер, што бібліятэка пры гэтым не канфліктуе з домам культуры, а музей — з цэнтрам рамёстваў. Толькі ў такіх абставінах мы — разам. І на Дзень бібліятэк да калег абавязкова прыйдуць з віншаваннямі клубнікі і музейшчыкі. І — наадварот.

Пра заарганізаванасць

Так, бязмежная арганізацыйная практыка не можа не стамляць. А чалавек пабочны не ўсведамляе, колькі высілкаў вымагае арганізацыя, скажам, канцэрта. Узгадненні, дамовы, кантакты… Гэтае нябачнае для многіх закуліссе таксама павінна стаць “празрыстым”. Каб не казалі ў чыноўніцкіх кабінетах: “А нічога не робяць гэтыя работнікі культуры!” І яшчэ адна рэкамендацыя ад Алены Макаравай: нават у канцэртным канферансе павінен гучаць не афіцыёз, а самае сяброўскае стаўленне да землякоў, што выконваюць нумары, ды яшчэ з поўным раскрыццём іх талентаў і станоўчых рыс характару. А мы ўсё спрабуем капіраваць
нейкія афіцыйныя, безадрасныя выступленні, дзе музыка — фанаграмная, а замест эмоцый — пафас.

Мікалай Каралёў увогуле імкнецца паламаць стэрэатыпы. Маўляў, работнік культуры — менеджар, ён не павінен выхоўваць, ён павінен стварыць умовы для самаразвіцця чалавека, прыцягваючы да справы носьбітаў культуры і даводзячы, што ўсе гэтыя дзеянні скіраваны на карысць соцыума, на стварэнне культурнай палітыкі ў дадзеным рэгіёне. І тут кожная структура рэгіёна, нават далёкая ад культуры, павінна працаваць менавіта на гэтую палітыку. А работнік культуры — галоўны каардынатар, ініцыятар і завадатар. Таму гаворка менавіта пра сферу культуры, а не пра яе інфраструктуру.

Замест заканчэння

Аўтар гэтых радкоў, вялікі ідэаліст, вельмі хацеў бы, каб дадзены артыкул вы, шаноўныя работнікі культуры і падпісчыкі “К”, перадалі для азнаямлення кіраўніцтву вашага раёна ці вобласці. Мо што-небудзь і скранецца з месца. Мо паболее заахвочванняў і павагі. Мо паменее інфарктаў і гіпертанічных крызаў.

У культуры разбіраюцца ці не ўсе, але развіваюць яе толькі пакліканыя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"