Была ў мамы бібліятэка

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

А цяпер — партрэцік канкрэтнай асобы ад мясцовай культуры. Кандыдатуру прапанавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Шаўцова. Знаёмцеся: бібліятэкар з Рудні Алена Вараб'ёва. Яна са мною і рэцэптамі сваіх сыроў падзялілася, і пра ўласнае жыццё мне распавяла. Я гэтыя расповеды паспрабаваў звесці ў адно. Жыццё ж пражыць — што сыр зварыць. А свой найлепшы Алена Мікалаеўна яшчэ не згатавала.

/i/content/pi/cult/666/14751/15.jpgМалако варта выспеліць. Потым награваць з сычужным ферментам. І патрэбна для гэтага толькі каструля ды пліта.

Усё пачалося з мамінай бібліятэкі. Яна адусюль прывозіла кнігі. Так вясковыя людзі паважаюць людзей адукаваных: пагаварыў — і сам стаў больш ведаць. Вось маці Алены гэтаксама і з кніжкамі “размаўляла”. Чытаць прывучыліся і сямейнікі: усе адзінаццаць дзяцей. Хата паступова пераўтваралася ў бібліятэку. Калі маці памерла, дзеці падзялілі хатні кніжны збор на адзінаццаць роўных частак. Аднак бібліятэкарам Алена стала не адразу. Стала кухарам, але кухарам надзвычай начытаным. Нашым лёсам распараджаюцца дзесьці на нябёсах. І не заўжды тамтэйшая логіка нам зразумелая. У адпаведнасці з гэтым Алена і бібліятэчную прафесію засвоіла. Асабіста для мяне тут усё зразумела: бібліятэкар, які чытае, на вёсцы — справа досыць рэдкая. Так што Вараб’ёва ва ўмовах спрадвечнага кадравага дэфіцыту — на вагу золата для ЦБС. А яшчэ любіць яна вязаць. Так і сумяшчае тры свае страсці: кнігу, вязанне ды сыр. Кажа, другое вынікае з першага, трэцяе — з другога.

Праз гадзіну атрыманы прадукт можна рэзаць на кавалкі. Кавалкі трэба вымешаць да сырнага зерня. І зноў падагрэць.

Спачатку яна працавала бібліятэкарам у Гайшыне. У выніку аптымізацыі перайшла ў Рудню. Гайшын застаўся ў зоне яе абслугоўвання — як і яшчэ пяць вёсак. Дзіўная справа: Вараб’ёву не засмучае адсутнасць бібліёбуса. Як толькі пачуе па тэлефоне ад чытачоў “Прыязджай!”, імгненна ляціць на сваім легкавіку па адрасе. І гэта ёй падабаецца! Прафесіяналізм? Напэўна. Галоўнае, што і муж (будаўнік Сяргей) не супраць. Маўляў, у сям’і галоўнае — паважаць адно аднаго. Ці не таму ў Вараб’ёвых — чацвёра дзяцей. Праўда, толькі адзін пад іх крыламі застаўся — пяцікласнік Ільюша. Астатнія па сваіх сем’ях паразляталіся. Калі Алена робіць сыр-коску, дык кончыкі як заўжды сын трымае. Спецыяліст па косках. Але дзяўчыны няма, бо малы яшчэ. Будзе!

Галоўнае — сыроватку ў час зліваць. Няхай будучы сыр кіслотнасць набірае. Чакаць — прыкладна пару гадзін.

У бібліятэцы Вараб’евай — 150 чытачоў. Алена смяецца: “Тут праблем ніколі не будзе”. Справа ў тым, што ў Рудні жывуць тры яе сястры і брат. А гэта 15 пляменнікаў! І ўсе яны — чытачы! Вось што робіць з любоўю сабраная бабульчына бібліятэка.

Працуе Алена Мікалаеўна на палову стаўкі. Гэта значыць, што да абеду яе можна заўжды знайсці паміж кніжных шафаў. Я паспеў запытацца ў некалькіх чытачоў, ці не сырнымі пахамі вабіць іх установа. Тыя адказалі, што сваім сырам бібліятэкарка частуе толькі лепшых чытачоў. Так што ходзяць яны туды па кніжкі, а сыр — гэта прэмія за стараннае чытанне. Я таксама пахадзіў паміж паліц. Утульна, прыгожа, ва ўсім адчуваецца рука гаспадыні.

Зноў зліваецца сыроватка. Атрыманы сырны камяк разразаецца на кубікі, якія неабходна плавіць у гарачай вадзе.

Сырнай справай Алена Мікалаеўна займаецца сем апошніх гадоў. Рэцэпты пакрысе пераняла ў суседкі. Тая яе вучыла: “Рэцэпты — справа добрая. Але па адным прынцыпе ў некалькіх гаспадынь абсалютна розныя сыры атрымліваюцца”. Не ў рэцэптах справа, а — у душы. Яна таксама ў людзей розная.

Вымешваем тое, што плавілі. Размяшчаем па формах ці пляцём у коску. Частуемся і частуем.

 

Замест заканчэння

Паштовая станцыя чакае

Тры адметнасці раёна. Тры яркія брэнды. І гэта, аказваецца, не мяжа. Яшчэ ў першы прыезд заўважыў у горадзе зграбны дамок адмысловай архітэктуры. Гэта, як патлумачылі, быў будынак колішняй паштовай станцыі, дзе атабарыўся ваенкамат. Цяпер мяркуецца, што аб’ект стане адміністратыўным будынкам раённага краязнаўчага музея. Калі гэта здарыцца, невядома, бо грошай на рамонт паштовай станцыі пакуль няма. Кіраўнік мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый “Адраджэнне “Агра” Віталь Варабей перакананы, што паштовая станцыя ў перспектыве будзе адроджана таксама за грантаўскія грошы.

/i/content/pi/cult/666/14751/DSC05110-S.jpg

Музейны комплекс у райцэнтры. Паштовая станцыя яшчэ не даведзена да ладу.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"