Акварэль я згадаў нездарма, бо гаворка ідзе пра майго калегу з часопіса “Мастацтва” Вячаслава Паўлаўца, выдатнага адмыслоўца гэтай тэхнікі, і пра ягоную выставу “Акварэльны сусвет”, якая праходзіць у сталічным Палацы прафсаюзаў. Паводле фармальных адзнак акварэль далучаюць да графікі, але сутнасна — гэта жывапіс. Кожны, хто мае мастацкую адукацыю, праходзіў праз этап засваення акварэлі. Але тых, хто застаўся верны ёй на ўсё творчае жыццё, няшмат. Надта ж капрызная тэхніка. У адрозненне ад алейных фарбаў акварэль не вытрымлівае наслаенняў і губляе колер, калі па адным месцы прайсціся пэндзлем некалькі разоў. Мазок у акварэліста мусіць быць дакладным як стрэл снайпера. Акварэліст па псіхалогіі і менталітэце блізкі да майстроў традыцыйнага кітайскага і японскага жывапісу, якія доўга ўглядаюцца ў тое, што мусіць стаць выявай на паперы, а потым малююць гэта літаральна двумя-трыма дотыкамі пэндзля да аркуша. Так працуе і Вячаслаў Паўлавец.
Асабліва добра майстар адчувае паэтыку зімы, шматлікія адценні белага колеру. На яго карцінах шмат разоў бачанае і звыклае набывае рысы непаўторнасці. Глядзіш на немудрагелістыя краявіды, дзе чалавек заўжды недзе “за кадрам” (ягоная прысутнасць віртуальная — праз знакі быцця і някідкія рэаліі цывілізацыі), і думаеш, што, відаць, такой прыгожай была Зямля ў першы дзень Стварэння.
Памятаю, я запытаўся ў Вячаслава, ці ёсць у яго ў Беларусі ўлюбёныя мясціны, якія асабліва натхняюць. Вось, кажу, канкрэтна гэтыя краявіды ты дзе пабачыў? І быў вельмі здзіўлены, пачуўшы, што шэраг пейзажаў, якія я лічыў вышэйшай пробы беларускай аўтэнтыкай, створаны мастаком у замежжы. Вячаслаў Паўлавец — творца, які паўсюль знойдзе Беларусь. І менавіта гэты талент робіць яго нацыянальным мастаком.
У ягоных акварэлях ёсць нешта ад старых чорна-белых фатаграфій. І не ў тым справа, што на першы погляд яны падаюцца манахромнымі — белае, шэрае, чорнае. Бо як угледзішся, дык бачыш, што ў гэтых трох пазіцыях мастак змяшчае ўсю шматколернасць свету. Карціны Паўлаўца — гэта немітуслівая старасвецкасць, выспы якой нейкім цудам захаваліся сям-там на абшары нашай дынамічнай краіны. Гэта тое, аб чым мы сумуем пасярод гарадскога тлуму.
Хадзіць па выставе Вячаслава Паўлаўца — амаль тое ж самае, што гартаць чыйсьці сямейны альбом, вельмі падобны на твой уласны. Глядзіш на краявід, кшталту таго, што памятаеш з дзяцінства, згадваеш сябе — якім ты быў калісьці — і свой свет тае пары. І гэтым адчуваеш дынаміку часу, засведчаную ўпэўненаю рукою мастака.