Яблычак на сподачку з “Прытулку камедыянта”

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

У сярэдзіне лістапада, калі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы накіраваўся на гастролі ў Кітай, на чатыры вечары запар сцэна была аддадзена Санкт-Пецярбургскаму дзяржаўнаму драматычнаму тэатру “Прытулак камедыянта”. Такія маштабныя, па цяперашніх часах, гастролі расіян у нашай сталіцы сталі вынікам плённых кантактаў між двума гарадамі. Паездка фінансавалася Камітэтам па культуры Санкт-Петярбурга — як падарунак да 950-годдзя Мінска.

/i/content/pi/cult/666/14748/10.jpgНам прывезлі чатыры прынцыпова розныя спектаклі, што дадаліся да колішняга, уключанага ў праграму ТЕARTa-2013, “Ліра” ў прачытанні Канстанціна Багамолава. А размова з мастацкім кіраўніком тэатра Віктарам Мінковым прыадкрыла некаторыя даволі сур’ёзныя арганізацыйна-творчыя сакрэты, што маглі б быць карыснымі для нашых калектываў.

Паляванне на крэатыў

“Прытулак камедыянта” стаўся першым у Расіі дзяржаўным рэпертуарным тэатрам, які не мае пастаяннай трупы. Плюсы такога існавання — у свабодзе творчасці. Бо тэатр можа не толькі запрашаць розных рэжысёраў з іх пастаноўчымі камандамі, але і падбіраць тых артыстаў, якія адпавядалі б рэжысёрскай задуме. Мінусы — у складанасці лагістыкі: на кожны з паказаў любога спектакля трэба “збіраць разам” увесь склад, бо артысты працуюць у розных тэатрах не толькі Санкт-Пецярбурга, але і Масквы, нават з Украіны хтосьці ездзіць. Складаннем кантрактаў ды маршрутаў займаецца цэлы аддзел!

Не менш высілкаў прыкладаецца для працы з гледачамі. Супрацоўнікі выпраўляюцца ў студэнцкія і працоўныя калектывы, рыхтуючы публіку да праглядаў. Рэгулярна праводзяць розыгрышы білетаў і іншыя акцыі, каб прыцягнуць цікавасць да тэатра. Нарэшце, прыдумана “Паляванне на драматургаў” — спецпраграма для гледачоў, паводле якой чым часцей наведваеш тэатр за сезон, тым танней гэта абыходзіцца: дзейнічаюць зніжкавыя карткі “Хармс”, “Чэхаў”, “Пушкін”, “Шэкспір”.

У рэпертуары цалкам адсутнічаюць дзіцячыя спектаклі, якія ў іншых тэатрах звычайна “робяць касу”. Для Віктара Мінкова гэта прынцыпова: “Лічу, білеты для дзяцей не могуць каштаваць столькі ж, колькі для дарослых ці нават больш. Таму наш глядач — з падлеткавага ўзросту і далей. Але яму прапаноўваюцца спектаклі, што патрабуюць далейшага асэнсавання, працы розуму”. Тыя, дададзім, дапамагаюць юнакам адчуць сябе дарослымі — і стаць імі.

Тэатр мае і свайго прэс-аташэ, і рэкламна-інфармацыйны аддзел, а вось звыклая пасада загадчыка літаратурнай часткі — адсутнічае. Кіраўніцтва “палюе” на таленавітых рэжысёраў, тыя самі прапаноўваюць драматургічны матэрыял. Дый Мінкоў, каб не прапусціць штосьці новае-цікавае, зрабіў за правіла чытаць па адной п’есе на дзень. А каб творчая моладзь адчувала яшчэ большую падтрымку, тэатр ужо амаль дзесяцігоддзе выступае адным з ініцыятараў і арганізатараў прэміі “Прарыў”, дзе адзначаюцца не толькі найлепшыя рэжысёры, акцёры, мастакі, але і… менеджары.

Увага да агульнага атачэння спектакля, прывабнай прэзентацыі яго публіцы прасочваецца нават у такой, здавалася б, дробязі, як звыкла абрыдлыя, але неабходныя напаміны выключыць сродкі сувязі. У кожным са спектакляў, паказаных у Мінску, гэтая просьба набывала свае абрысы: яе зачытвалі як “пасланне Бамаршэ”, ператваралі ў прыпеўкі — пры кожным паўторы розныя, яна гучала як зварот да залы саміх персанажаў. І адначасова настройвала на эмацыйна-вобразны лад будучай дзеі. Крэатыўна — і без дадатковых выдаткаў.

/i/content/pi/cult/666/14748/11.jpgДарогу камедыянтам!

Нягледзячы на сваю назву, “Прытулак камедыянта” прывёз усяго адну “чыстую” камедыю. Падвойная назва, дадзеная драматургам, была падзелена на дзве часткі: “Жаніцьба Фігаро” засталася ў афішы, а “шалёны дзень” стаўся жанравым азначэннем. Негалосным эпіграфам — неаднаразова “візуалізаваным”, але так і не агучаным услых — паслужылі, пэўна, знакамітыя радкі Пушкіна: “Откупори шампанского бутылку иль перечти…” Бутэлькі і сапраўды адкаркоўваліся адна за другой, а вось з “перачытаннем” усё ішло не так гладка, як хацелася б: пры пэўнай колькасці знаходак відавочна не хапала пырскаў, “бурлення”. Дый змрочна насупленыя працоўныя, што раз-пораз выходзілі змяняць сцэнічны антураж, парушалі непарыўнасць і гуллівы характар дзеяння. Спектакль быў пабудаваны на пастаянных кантрастах і “пераключэннях” ад клаўнады да шчырых сур’ёзных размоў-маналогаў. Але стройнасці формы, адшліфаванасці дэталяў яму бракавала. Цэнтральным героем сталася… пакінутая жонка — графіня Разіна. У выкананні Алены Калінінай яна выглядала крыху іранічнай спасылкай да вытанчана-эмансіпаваных інтэлектуалак Сярэбранага веку. Але ў прысутнасці мужа, жадаючы адпавядаць ягонаму, на яе думку, ідэалу (насамрэч, мужчынскія ўяўленні зусім іншыя!), прыкрывалася маскай строгай халоднасці. І толькі з Керубіна, які нагадваў “дрэннага” беспрынцыпнага хлопчыка (а яшчэ і крыху бамжаватага, мяркуючы па пінжаку на голы торс), дазваляла сабе страсныя пацалункі. Умоўная сцэнаграфія (некалькі парожніх канструкцый-паралелепіпедаў, што ператвараюцца ў стол, шафы, дзверы, альтанкі ці алеі-лабірынты саду); “моднае” святло (змена колераў на задніку), дапоўненае лакальным святлодыёдным падсвятленнем “працоўнай зоны” мэблі; сцэнічна ўмоўныя строі, якія вядуць і ў даўніну, і ў сучасныя рэаліі — усё быццам скіроўвала ад знешне павярхоўнага да ўнутрана паглыбленага. Але ж апошняга не ставала. Паўсюль — недавер. І падмена кахання чым заўгодна: адзюльтэрам “ад нудоты”, дзелавымі стасункамі, гарманальным выкідам… Ці, можа, гэта і ёсць “партрэт эпохі” ў рэжысёрскай канцэпцыі Васіля Сеніна?

Нечаканай паўстала “Алеся. Гісторыя кахання” рэжысёраў Мікалая Дрэйдана і Максіма Дзідзенкі паводле аповесці Аляксандра Купрына. Спектакль атрымаўся зусім не пра каханне, а пра “чужынцаў” і грамадства, што іх адрыньвае. Пра суадносіны згуртаванага натоўпу — і разнастайных “іншых”, “не такіх”. Ніякай паэтызацыі-рамантызацыі, усё вельмі жорстка, дзесьці нават натуралістычна. Акцёрскія пераўвасабленні, асабліва Дар’і Румянцавай (дзяўчына, старая, звярок-дзікунка, таямніча-нечалавечая істота, птушка — ці ўсё разам) — на ўзроўні фантастыкі. Але ж самым нечаканым аказалася спалучэнне зусім не жартоўнага, ніколькі не іранічнага “амаль хорара”, дзе насамрэч “усё ўсур’ёз”, — з адкрыта балаганнай, кірмашова-вулічнай эстэтыкай, маскамі, прыпеўкамі, гульнявым інтэрактывам. Такое рашэнне паўстала лагічным працягам акрэсленай вышэй апазіцыі “мы — яны”. А ўседазволенасць у адносінах да супрацьлеглага боку неспадзявана рэалізавалася яшчэ і на практыцы. Артысты настолькі “ўвайшлі ў раж” ды з такім запалам пачалі шпурляць у залу жывыя яблыкі, што патрапілі адной жанчыне… у вока: давялося “хуткую дапамогу” выклікаць. Чым не калектыўная псіхалогія ў дзеянні?

Прытулак трагікаў

“Мой бедны Марат” Аляксея Арбузава, пастаўлены Андрэем Прыкатэнкам, не стаў плакатна авангардным. Наадварот, прэтэндаваў на максімальную традыцыйнасць: нават акцёры былі абраны вельмі сталыя, з-за чаго ў першай палове спектакля, дзе героям па 16 — 18 гадоў, асабіста ў мяне на волю ірвалася знакамітае “Не веру!” Але ж атрымалася зусім іншая псіхалагічная расстаноўка сіл. І пры ўсім сцэнаграфічным быццам бы гіперрэалізме, узнікла многа гістарычных недакладнасцяў, асабліва сярод дэталяў сцэнічных строяў. Ліка ў першай дзеі аказалася настолькі грубай, сцярвознай, непрадказальнай, што часам узнікала адчуванне, бы на спектакль паўдзейнічалі танныя расійскія серыялы-меладрамы: маўляў, чым больш дзяўчына хлопцам хаміць, тым больш яе тыя кахаюць. “Экстравагантным” стаўся дадатковы фінал, што перанёс дзеянне яшчэ на колькі гадоў наперад: зусім старэнькая, нямоглая Ліка дыгае-паўзе да стала, садзіцца — і ўтаропліваецца ў далячынь адсутным позіркам. Няўжо жыццё прайшло дарма?

Завяршала гастролі “Смерць Тарэлкіна” (паводле жанру, “асаблівы ракурс: чорная камедыя”), падзеленая рэжысёрам Сямёнам Серзіным на дзве стылёва адрозныя часткі. У першай дзеі — буфанада, трэш, чорны гумар, постмадэрнісцкі сцёб. У другой — безвыходная трагедыя, гіперрэалізм на мяжы з натуралізмам, а над усім — адчуванне сюррэалізму. Пры гэтым усе самыя кідкія, хвацкія рэплікі не дапісваліся сучаснымі аўтарамі, як гэта бывае ў прасунутых пастаноўках, а былі ўзяты з аднайменнай п’есы Сухава-Кабыліна. Іх цяперашняя актуальнасць, звернутасць і да сталінскіх часоў, і да найноўшых серыялаў з турэмным жыццём сведчаць, што многае ў судовай практыцы засталося ранейшым.

Але галоўнае ў тым, што “Прытулак камедыянта” даказаў: сёння можна ісці не толькі па шляху камедый і забаўляльнасці, пачынаць трэба з мастацкасці, крэатыўнасці спектакляў — і з наладжвання механізмаў менеджменту, з выхавання гледача, асаблівую ўвагу надаючы “неахопленай” сёння падлеткава-маладзёжнай аўдыторыі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"