“Мы рабілі не бунт, а мастацтва!”

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Сёлета адзін з самых шумных і эфектных гуртоў Беларусі — Drum Ecstasy — святкуе 25-годдзе. З гэтай нагоды 30 лістапада адбудзецца вялікі канцэрт з шалёным барабанным дробам і славутай электрапілой. У кастрычніку ў больш камерных варунках адзначаўся і яшчэ адзін юбілей — 30 гадоў таму выставай у кінатэатры “Піянер” распачала сваю дзейнасць фота-рок-асацыяцыя “Беларускі клімат”. З яе колішніх імправізацый і акцый, можна сказаць, і вырас культавы музычны калектыў. Пра мінулае і цяперашняе руху-аб’яднання гутарым з лідарам Drum Ecstasy і сталым удзельнікам БК Піліпам ЧМЫРОМ.

/i/content/pi/cult/666/14746/6.jpg

Нараджалі з пустэчы ўласны свет

— Мастакі, чыя маладосць выпала на 1980 — 1990-я, цяпер кажуць, што тады яны проста шчыра рэагавалі на тое, што адбывалася навокал. Потым высветлілася, што іх “выбрыкі” маюць назву — перформанс, інсталяцыя — і адпаведна ўсё ператвараецца ў прадукт, губляецца аўра чыстай творчасці. Ці тычыцца гэта “Беларускага клімату”?

— Пра назвы — дакладна. Адкуль у нас тады ў Савецкім Саюзе была інфармацыя пра падобныя рэчы? Натуральна, мы рабілі і прыдумвалі ўсё з нашага персанальнага ўяўлення пра хараство. Нараджалі, можна сказаць, з пустэчы ўласны свет. Ды і назваліся фота-рок-асацыяцыяй, бо не ведалі тады тэрміну “арт-група”. Як і слоў “перформанс” ды “хэпэнінг”. Для нас тыя інсцэніроўкі, якія мы імкнуліся фіксаваць на фотаплёнку, былі непасрэднай спробай стварыць сваё “жывое кіно”.

— Фотасерыі часоў позняга СССР — “Аэранаўты”, “Пакарэнне беларускіх пустынь” — і сёння глядзяцца неверагодна свежа. Што падштурхнула вас да падобных акцый — называю іх так, бо фатаграфія ў дадзеным выпадку фіксуе пэўнае дзеянне?

 — Наша сталенне адбывалася ў некалькі этапаў. Мы ў той час гуртаваліся ў фотаклубе “Мінск” у Валерыя Лабко, таму пэўны навык фатаграфавання, а больш дакладна — антыфатаграфавання, вольнага бадзяння, пошуку ў нас быў. Тады на нас абрынуўся замежны кінематограф. Мы глядзелі кіно запоем — па шэсць фільмаў запар. На адной касеце побач з Вісконці мог быць запісаны нейкі фільм для дарослых — навошта губляць месца? І ўсё гэта “паглыналася” без перапынку. Хтосьці засынаў падчас прагляду, не вытрымліваючы да канца, а хтосьці — трымаўся. І тыя, хто даглядзеў, потым распавядалі тым, хто заснуў. Нарадзілася з’ява — “вуснае кіно”. Які кадр, план, што адбываецца,  — мы разумелі, што ўяўленне добра спрацоўвае, калі даваць яму падобныя “зачэпкі”. Наступным этапам сталі ўласна фотаперформансы — калі мы вырашылі распавядаць гісторыі, “складаць” кіно і фіксаваць яго на плёнку. Так, урэшце, і нарадзіліся згаданыя праекты.

/i/content/pi/cult/666/14746/7.jpg“Мінскія піжоны”

— Вы да іх рыхтаваліся?

— Канешне! Па сутнасці, каб у нас былі камеры, атрымаўся б відэа-арт. Але паколькі меліся толькі фотаапараты, то выходзілі фотасерыі. Аб’ектыў станавіўся падчас нашых перформансаў тым самым гледачом, які нам патрабаваўся. Памятаю акцыю “Сціплае абаянне пралетарыяту”, прысвечаную 20-годдзю рэвалюцыі студэнтаў у Парыжы. Мы зрабілі дэкарацыі, знайшлі сцягі, нават штосьці малявалі-клеілі… У выніку выйшла амаль пастаноўка, бо ўсё было падрыхтавана, намацаны пэўны сцэнарый, аднак далучылася імправізацыя. Тыя моманты спантаннага дзеяння і выхопліваў фатограф. Потым з вялізнай стужкі кадраў браліся пэўныя здымкі — і складвалася гісторыя. Мы надавалі вялікую ўвагу культуры экспанавання матэрыялу — на выставе абавязкова давалася суправаджэнне да фота, рабіліся візуальныя акцэнты, уводзілася пэўная загадка, складанасць, канцэпцыя. Стваралася атмасфера нечаканасці сустрэчы з нечым да канца недамоўленым, але цалкам адчувальным.

— Ёсць легенда, што Сяргей Параджанаў пры нейкай сустрэчы назваў вас “піжонамі”…

— Гэта быў 1987 ці 1988 год. Першая выстава нашых работ прыехала ў Грузію. І нашы хлопцы адвезлі іх Параджанаву. Знакаміты рэжысёр, калі ўбачыў творы, сказаў: “Вось чарговая хваля мінскіх піжонаў”. Але, вядома, тое была пахвала. Шкада, але гэтыя гістарычныя работы былі прынесены ў ахвяру мастацтву. Мы пастанавілі, што фотаздымкі пасля выставы мусяць быць “адпушчаныя” ў горную рэчку. Так і адбылося. Прыгожы, канешне, жэст, аднак ад той самай першай калекцыі “Беларускага клімата” — з якой і можна пачынаць летазлічэнне арт-групы — амаль анічога не засталося.

Дзесьці адбывалася рэвалюцыя — мы рэпеціравалі

— Ці можна казаць пра тое, што вы ў той час сталі ўдзельнікамі эстэтычнай рэвалюцыі? Сыходзіла адна эпоха, нараджалася іншая, выпраменьвалася пэўная энергія, якую і адчуў “Беларускі клімат”?

— Мяркую, што так. Але тут важна падкрэсліць наступнае: мы заўжды былі паралельшчыкамі, а не альтэрнатыўшчыкамі. Што хачу — тое кручу. Нам казалі, што Мінск — горад без гісторыі, а мы пачыналі прыдумляць свае міфы. Вадзілі па начах людзей па Мінску — гарлапаніць у ліўнёўку, шукаючы рэха, знаёміцца з міфічнымі каханымі Іванам ды Мар’яй і гэтак далей. Па сутнасці, нашы фотаперформансы — таксама міфалогія. Якія, да прыкладу, у нас пустыні? Але мы іх знаходзілі — у Заслаўскіх кар’ерах — і скаралі.

— Іншымі словамі, вы не бунтавалі, а стваралі свой свет?

— Менавіта! Мы рабілі не бунт, а мастацтва, якое лічылі правільным. Хтосьці ў часы перабудовы хадзіў на дэманстрацыі, крычаў нейкія лозунгі. Мы ж у гэты час сядзелі ў сутарэннях і праяўлялі фотаздымкі. І пакуль дзесьці адбывалася эстэтычная рэвалюцыя, мы адыходзілі пасля ўчорашняй вечарынкі (смяецца). Або рэпеціравалі.

Пры гэтым, хачу адзначыць, што Савецкі Саюз напрыканцы свайго існавання быў нядрэннай дзяржавай. Дамы культуры, якія стаялі ў кожным раёне, адчынялі нам дзверы. У мяне быў перыяд, калі я працаваў на заводзе і без праблем мог дазволіць сабе набыць у краме з заробку тону шклянак для інсталяцыі. Мы скуплялі посуд, яго склейвалі — і тыя выдаткі мала адбіваліся на кішэні.

Нас купілі, але мы — засталіся

— Напрошваецца пытанне: а што цяпер?

— Цяпер, каб зрабіць выставу, мастак мусіць за свае сродкі надрукаваць работы і заплаціць за арэнду памяшкання. Адна з апошніх нашых выстаў была ў прыбіральнях двух папулярных у вузкіх колах месцаў. Чаму? Таму што гэтая “зала” даецца ў арэнду бясплатна. Мы тым і скарысталіся. Ды і ахоп гледачоў там прыстойны.

— Вось, калі ласка, дакладнае траплянне ў сітуацыю з рынкам мастацтва.

— Можна сказаць і так. Але мы — хітрыя. Зразумела, у нашым жэсце заўжды ёсць пэўная доля правакацыі. А таксама “прыдуркаватасці”, якая робіць нас непаражальнымі.

— Вось гэты дух “ОБЭРИУтов” і ўласцівы, на маю думку, “Беларускаму клімату”. Але ці прайшоў ён выпрабаванне рынкам?

— Прайшоў. Мяне часам пытаюць: а дзе вы ўсе падзеліся? Чаму вас нідзе не бачна? Адказваю: “У 1997-м нас купілі”. Амаль увесь БК сышоў у рэкламу. І гэта адбылося цалкам натуральна. Вось Яўген Юноў — ён заўжды любіў рабіць фатаграфіі з паэтычнымі подпісамі. Цяпер займаецца вонкавай рэкламай. Па сутнасці, робіць амаль тое самае, толькі фотаздымкі размяшчаюцца на бігбордах.

Ігар Корзун заўжды вылучаўся своеасаблівым дызайнерскім падыходам у творах — у дызайн ён і “эмігрыраваў”. Я любіў усё арганізоўваць, прыдумваць фотасесіі, фотаперформансы — і цяпер працую ў кампаніі, якая ладзіць адмысловыя падзеі, дзе патрабуецца ўсіх уразіць. Дзмітрый Строцаў пісаў вершы — сышоў у выдавецкі бізнес. Ірына Сухій была неабыякавай да грамадскіх спраў — і ўзначаліла экалагічны рух. Але і музычная дзейнасць працягваецца — праекты Валіка Грышко і гурт Drum Ecstasy. У прыватнасці, наш калектыў нядаўна вярнуўся з буйнога міжнароднага барабаннага фестывалю ў Тайване. Уяўляеце, мы былі, лічы, адзіным калектывам, які прадстаўляў на форуме бубначоў усю Еўропу!

“Беларускі клімат” зусім нядрэнна працаўладкаваўся. Нас і нашы ідэі купілі, але мы па-ранейшаму сустракаемся і час ад часу робім штосьці цікавае. Мы — засталіся.

Мы такія ружовыя ды пухнатыя, што ажно закачаешся

— Ці бачыце вы пераемнікаў — новае пакаленне беларускіх авангардыстаў?

— Па шчырасці, усе робяць адно і тое ж. Часам я гляджу на работы маладых мастакоў і думаю: “О, гэта я ўжо рабіў!” Анічога новага! Пры гэтым, хлопцы і дзяўчаты мяркуюць, што яны — першыя. Няма інфармацыі пра “Беларускі клімат”, іншых мастакоў, якія зрабілі значны ўнёсак у сучаснае беларускае мастацтва. Так, выходзяць пэўныя кнігі, але іх недастаткова, каб стварыць грунтоўную глебу для новых пакаленняў. Сабраць бы добрую калекцыю, зрабіць пастаянныя экспазіцыі ў Музеі сучаснага мастацтва. Загадзя звяртаюся да тых, хто, магчыма, будзе ствараць такі аддзел — не трэба купляць Рэнэ Магрыта ці Эндзі Уорхала! Дастаткова павесіць іх рэпрадукцыі. А вось калекцыя беларускага мастацтва адразу вылучыць інстытуцыю з шэрагу падобных. Я дастаткова паездзіў, і калі ў чарговым музеі зноў бачу Эндзі Уорхала, якога набылі за вялікія грошы — гэта ўжо нават нуднавата.

— Як успрымае работы “Беларускага клімата” замежны глядач?

— Мы ў снежні плануем выступ у філіяле “Тэйт Мадэрн” у Берліне, якое адбудзецца ў межах выставы-марафона. Там будуць паказаныя і нашы апошнія фатаграфіі. Зазвычай нас за мяжой успрымалі і ўспрымаюць даволі падазрона, але… добра. Па форме, здаецца, мы цалкам падпадаем пад азначэнне альтэрнатыўшчыкаў, аднак па змесце… Няма ў нас ні “расчлянёнкі”, ні мяса, ні гнілля. Мы такія ружовыя ды пухнатыя, што ажно закачаешся. І гэта многіх здзіўляе.

Але адно магу сказаць: нават калі прыбраць усе канцэпцыі, падачу, форму нашых акцый, усё роўна застаецца добры прадукт. Якасная фатаграфія, музыка, паэзія. Таму што мы заўжды працавалі камандай і падтрымлівалі адзін аднаго ў самых розных ідэях і праектах. Калі ты праяўляў фотаздымак, за тваімі плячыма маглі стаяць тры чалавекі і даваць табе добрыя парады. Такая сутворчасць, суплёт энергій і высілкаў да гэтай пары робіць “Беларускі клімат” жывой з’явай.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"