Вечна Young, вечна п’яны

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Для сапраўдных прыхільнікаў хэві-металу стала ўдарам паведамленне аб нядаўняй смерці Малькольма Янга — гітарыста аўстралійскага гурта AC/DC, іконы хард-рока. Хоць пасля таго, як некалькі гадоў таму ў музыканта дыягнаставалі цяжкую хваробу, мы да такога зыходу і былі гатовыя, усё ж спадзяваліся, што фатальная развязка наступіць яшчэ не хутка. Беларускіх жа аматараў блюзу і рытм-энд-блюзу турбуе тое, што адбываецца з артыстам родным — выдатным гітарыстам і, на жаль, відавочным кандыдатам на развітанне са светам жывых...

/i/content/pi/cult/666/14744/opt.jpegНа адным з замежных фестываляў падчас сэту айчыннага калектыву нехта з мясцовых гледачоў спытаў мяне, паказваючы на яго лідар-гітарыста, што “вышываў” сола на сваім інструменце: “Вы, як я зразумеў, з Беларусі. Скажыце, гэта Юра М.?” Пачуўшы пацверджанне, незнаёмец працягнуў: “Калі ласка, перадайце яму вялікі дзякуй за музыку, якую ён выконвае. Неяк я быў у Мінску і трапіў на канцэрт з яго ўдзелам, вельмі мне спадабалася”. Пасля таго, як наша каманда адыграла, я распавёў Юрыю пра гэты выпадак. М. тут жа пацягнуў мяне ў натоўп каля сцэны — шукаць таго мужчыну. На жаль, знайсці не ўдалося, пра што рокер потым яшчэ доўга перажываў.

Я збіраўся зладзіць вам сустрэчу з гэтым музыкантам у рубрыцы “Легенды без легенд”, таму што ён ідэальна адпавядае яе ідэі. Хлапчук са школьнага ансамбля, прайшоўшы шматступенны шлях ад гуртоў самадзейных да прафесійных, у канцы 1990-х — да сваіх сарака гадоў — нарэшце займеў уласны калектыў, які амаль адразу пасля нараджэння заваяваў прызнанне публікі. Чым не рок-герой фінішу XX стагоддзя? Мы дамовіліся з ім аб інтэрв’ю ў другой палове дня. Прыехаўшы да яго дадому, я з паўгадзіны безвынікова тэлефанаваў суразмоўцу. Яно і зразумела: ведаючы аб згубнай загане музыканта, жыва намаляваў у сваёй галаве карцінку, як ён з раніцы пахмяляецца, да абеду дадае і вось ужо чалавека цягне ў сон — ну які тут журналіст?

Са слабасцю артыста я ўпершыню сутыкнуўся ў цягніку, які вёз нас на той самы фэст. Але асабліва не надаў ёй значэння. Гэта звычайная з’ява ў асяроддзі рокераў, калі, выпраўляючыся на гастроль, ты дазваляеш сабе злёгку “адарвацца”. Насцярожыла ж ужо на месцы, калі Юра перад выступам свайго гурта махануў шклянку партвейну, патлумачыўшы, што на сцэну ён выходзіць толькі падагрэтым. Праз некалькі гадоў, хвілін за дваццаць да здымкі аднаго з эпізодаў праграмы “Зорны рынг” на СТВ, у якім быў заяўлены калектыў М., гэта ўжо была шклянка гарэлкі. Прычым “знішчаная” залпам. Па заканчэнні свайго сэту музыкант у грымёрцы дапіваў алкагольныя рэшткі ў кампаніі дырэктара ансамбля (ці ёсць такі цяпер?) — астатнія яго часцінкі кампанію франтмэну не склалі. І сыход сатаварышаў ад Ю. пачаўся за некалькі гадоў да таго — калі жонка тагачаснага вакаліста каманды пад пагрозай разводу з ім прымусіла мужа яе пакінуць. Так усё далёка зайшло ў гурце са злоўжываннем.

“Ясна, незапатрабаванасць”, — скажаце вы. Якая, да д’ябла?! Па прыездзе ў Мiнск з таго фестывалю, даведаўшыся пра паспяховы выступ, куды толькі гурт ні расхоплівалі — фэсты, канцэрты клубныя і на вялікіх пляцоўках, тэлебачанне, радыё. А яшчэ альбомы, кліпы, інтэрв’ю. А яшчэ спонсары, што экіпіравалі ўдзельнікаў бэнда ў скураны “прыкід” і каўбойскія капелюшы. Не выстаялі пад сафітамі славы? Ды ладна! Якая магла быць зорная хвароба ў большасці членаў калектыву, што ўжо праходзілі агонь, ваду і медныя трубы?..

Сёння, наколькі я ведаю, гурт працуе, у асноўным, у рэстаранах. Ён і раней у іх граў, але пасля таго, як “адваліліся” дабрачынцы, пасля падставаў арганізатараў канцэртаў, калі каманда ў апошні момант аказвалася не гатовая ў некаторых з іх граць — з вядомай прычыны — запрашэнні на фестывалі і зборнікі, не кажучы ўжо пра прапановы аб сольніках, практычна вычарпаліся.

Юрый М. адзначыў сёлета шасцідзесяцігоддзе. Ён амаль аднагодак Малькольму Янгу, які назаўжды пакінуў у вечнасці рок-н-ролу свой непаўторны след. Юрый М. таксама пакінуў — у беларускім блюзе. Здароўя яму, ці што, пажадаць? Доўгіх гадоў гэтаму вечна... вечна маладому? І ўжо прабачце мяне за сумную гісторыю, выкліканую смерцю цудоўнага гітарыста.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"