Розніца, якую трэба ўлічыць

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

Маю заўвагу да журналістаў — у тым ліку, і вашага выдання. У беларускамоўным і рускамоўным асяроддзях трывала замацавалася атаесаемленне назоўнікаў “германец” і “немец”, прыметнікаў “германскі” і “нямецкі”. Розніцы паміж імі амаль ніхто не бачыць. Прычым тэрмін “германцы” практычна не ўжываецца ў дачыненні да сукупнасці ўсіх грамадзян Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Між тым, гэта няправільна з многіх пунктаў гледжання.

/i/content/pi/cult/666/14743/strelets-1111111111_opt.jpegМіхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта:

Германцы — больш шырокае паняцце, чым немцы. Немцы ніколі не былі адзіным этнасам, які ўтварае насельніцтва дзяржавы — ні тады, калі лік германскіх дзяржаў ішоў на сотні, ні тады, калі паралельна існавалі дзве германскія дзяржавы, ні тады, калі распачалася чарговая гісторыя аб’яднанай Германіі. Гэта ж характэрна і для цяперашняй ФРГ.

Нацыянальныя меншасці былі і застаюцца такімі ж творцамі германскай гісторыі, як і самі немцы. Можна прывесці шмат фактаў, звязаных з іх прадстаўніцтвам ва ўладных структурах Веймарскай Германіі, Бонскай рэспублікі, ГДР, аб’яднанай Германіі. Займаючы высокія пасады ў вышэйшых эшалонах улады, яны прадэманстравалі адэкватнае разуменне нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны і зрабілі істотны ўнёсак у іх забеспячэнне.

У германскай гісторыі прынцыпова важнае месца займае актыўнае дачыненне нацыянальных меншасцяў да фарміравання і ўдасканалення сацыяльна-эканамічнага базісу перадіндустрыяльнай і індустрыяльнай цывілізацый. Нацыянальныя меншасці кайзераўскага рэйха і Веймарскай Германіі апынуліся сярод той навуковай эліты, якая шмат у чым пісала перадгісторыю навукова-тэхнічнай рэвалюцыі 1950-х гг.

Ненямецкі сегмент германскага насельніцтва ўнёс і немалы ўклад у скарбніцу сусветнай культуры. Менавіта з яго прадстаўнікамі варта звязваць з’яўленне сучаснай аперэты, завяршэнне французскай “вялікай оперы”, узнікненне музычнага мадэрна, стварэнне выдатных твораў аратарыяльнай кампазіцыі, фармуляванне асновы для прадмета даследавання музычнай навукі і яе галіновых дысцыплін, адлік гісторыі эмпірычна накіраванага параўнальнага музычнага даследавання. Якаб Васерман, Генрых Гейнэ, Нэлі Закс, Франц Кафка, Эльзэ Ласкер-Шулер, Курт Тухольскі, Ліён Фейхтвангер, Пауль Ёхан Людвіг фон Хейз, Пауль Цэлан і шэраг іншых германцаў яўрэйскага паходжання па праве лічацца літаратурнымі класікамі. Мастакі Морыц Даніэль Апенгайм, Макс Ліберман, архітэктары Альбрэхт Розенгартэн, Эдвін Оплер, Людвіг Леві прадэманстравалі найвышэйшы прафесіяналізм у сваіх галінах.

А якая роля нацыянальных меншасцяў у дасягненні трыумфальных перамог германскага спорту! Чытачам газеты варта, перш за ўсё, нагадаць пра футбольную бундэстым, якая атрымала выдатную перамогу на бразільскім мундыялі 2014 года. Без малога яе палову складаюць прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Але глядзіш нашыя рэпартажы з матчаў — і дзіву даешся. Толькі і чуеш ад каментатараў: “Немцы атакуюць, немцы абараняюцца”. І гэта ў той час, калі за германскую каманду гуляюць ганец Боатэнг, тунісец Хедзіра, албанец Мустафі, турак Азіль, іспанец Гомес, венгр Гарэцка і гэтак далей.

Атаясамляючы германцаў і немцаў, немагчыма грунтоўна разабрацца з узаемаадносінамі паміж немцамі і нацыянальнымі меншасцямі ў гістарычнай рэтраспектыве. У гэтых узаемаадносінах прасочваліся і наяўнасць праблемнага комплексу, і спробы яго зняцця. Самыя вядомыя праблемныя комплексы: генацыд яўрэяў з боку немцаў і крызіс палітыкі мультыкультуралізму.

Зняцце першага з іх ажыццяўлялася з улікам таго, што ні адна нацыянальная меншасць не зрабіла для Германіі столькі, колькі зрабілі для яе яўрэі. Таму і ўшанаваная яна ў асаблівых маштабах. Дадзены тэзіс пацвярджаецца па ўсіх магчымых намінацыях: помнікі, мемарыяльныя дошкі, назвы вуліц, гарадскіх кварталаў, імянныя стыпендыі, прэміі, памятныя медалі, спецыяльныя прызы па выніках правядзення розных мерапрыемстваў, званні ганаровых грамадзян гарадоў, ступені ганаровых дактароў універсітэтаў. Уладныя структуры, інстытуты грамадзянскай супольнасці і асобныя грамадзяне аддаюць даніну народу, які без малога два тысячагоддзі пражывае на германскай зямлі і ўвесь гэты час пазіцыянуе сябе як частка германцаў.

Што ж тычыцца выхаду з крызісу палітыкі мультыкультуралізму, якая закранае ўсіх германцаў, то ён пакуль не знойдзены. Застаецца спадзявацца, што ўрад ФРГ прапануе дзейсную рэцэптуру на гэты конт.

Добра вядома, што да 1917 года ў Расіі грамадзян Германіі называлі германцамі. Так што, заклікаючы рускамоўнае і беларускамоўнае асяроддзі ўжываць тэрміны “германец” і “немец” у адпаведнасці з іх рэальным значэннем, аўтар гэтых радкоў не вынаходзіць ровар. Пара канчаць з самай сапраўднай непісьменнасцю, шкоднай ва ўсіх адносінах!

Маю заўвагу да журналістаў — у тым ліку, і вашага выдання. У беларускамоўным і рускамоўным асяроддзях трывала замацавалася атаесаемленне назоўнікаў “германец” і “немец”, прыметнікаў “германскі” і “нямецкі”. Розніцы паміж імі амаль ніхто не бачыць. Прычым тэрмін “германцы” практычна не ўжываецца ў дачыненні да сукупнасці ўсіх грамадзян Федэратыўнай Рэспублікі Германія. Між тым, гэта няправільна з многіх пунктаў гледжання.