Як быццам голас з нябёсаў

№ 47 (1330) 25.11.2017 - 01.12.2017 г

У касцёле на радзіме Чэслава Немэна загучаў арган
Збудаваны на самым пачатку мінулага стагоддзя касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках, што на Шчучыншчыне, апрача іншага вядомы тым, што ў ім спяваў у хоры сусветна вядомы ў будучыні музыкант Чэслаў Выдржыцкі, а ягоны бацька іграў на аргане. Гэты дастаткова стары інструмент быў пераўсталяваны ў новы храм з ранейшага драўлянага. Згодна са здагадкамі, арган быў пастаўлены ў касцёле Старых Васілішак у канцы ХVIII ст., а ягоным вырабам займаліся нямецкія адмыслоўцы з гамбургскай майстэрні Фрыдрыха Самуэля Янтцона. Інструменты гэтай майстэрні, як правіла, невялікіх памераў, можна й цяпер пачуць у храмах Літвы і Беларусі.

/i/content/pi/cult/666/14742/2017 11 18 DSC-111111_opt.jpegАднак і сам касцёл, і ягоны арган чакалі жорсткія гістарычныя выпрабаванні. У канцы 1950-х храм быў зачынены, заходзіць у яго вернікам забаранялі, таму службы, калі і адбываліся, дык звонку будынка. Адпаведна, маўчаў і арган. Ужо хоць бы таму, што ў 1958 годзе сям’я Выдржыцкіх выехала ў Польшчу. З тых часоў ажно да аднаўлення дзейнасці касцёла ў самым канцы 1990-х будынак стаяў па сутнасці без пільнага дагляду. Чым і скарысталіся невядомыя: прабраўшыся неяк унутр храма, яны, магчыма, у пошуках каштоўных рэчаў не прамінулі і арган, які атрымаў значныя пашкоджанні.

Шмат часу да гэтага інструмента проста не даходзілі рукі. Ажно гады з чатыры таму прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ды вернікі звярнуліся да спецыялістаў з Масквы Дзмітрыя Лотава і Уладзіслава Іёдзіса, якія пагадзіліся заняцца рэстаўрацыяй інструмента. І вось сёлета адбылася яго прэзентацыя — арган у касцёле Старых Васілішак загучаў.

З гэтай нагоды пры фінансавай падтрымцы пасольства Германіі ў Рэспубліцы Беларусь на радзіму Чэслава Немэна прыехалі як журналісты і аматары даўніны, так і музыканты: арганіст Віктар Кісцень, салістка беларускай оперы Ірына Кучынская і квартэт “Акварэль”. Апошняя назва ўспрымалася як перакінуты праз гады сімвалічны масток, паколькі першы ўласны калектыў Немэна меў назву “Акварэле”.

Пасля імшы, падчас якой пробашч парафіі Збігнеў Драгула шмат разоў згадваў імя славутага земляка і дэманстраваў на вялікім экране творы ў ягоным выкананні, слова ўзяў намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Аляксандр Амшэй:

— Сённяшняе свята — гэта даніна павагі не толькі Чэславу Немэну, але й тым людзям, якія тут жылі, тут працавалі. Менавіта тут нарадзіўся чалавек, чый голас прызналі голасам стагоддзя ў Польшчы. І менавіта тут ён пачаў сваю музычную кар’еру, менавіта тут ягоная радзіма, якую ён праславіў ва ўсім свеце.

Прадстаўнік адміністрацыі раёна ўручыў дыпломы-падзякі. Сярод іншых, ушанаваны былі старшыня апякунскай рады Дома-музея Чэслава Немэна ў Старых Васілішках журналістка Вера Савіна і рэстаўратар аргана Дзмітрый Лотаў.

/i/content/pi/cult/666/14742/2017 11 18 -222222222_opt.jpegЁн, апрача таго, што ўжо 30 гадоў займаецца рэстаўрацыяй старадаўніх арганаў, яшчэ і святар лютаранскага прыходу. У яго я пацікавіўся, што значыць з’яўленне ў храме аргана?

— Гэта інструмент, дзякуючы якому мы прыносім хвалу госпаду Богу. Архітэктура кожнага храма вызначае яго акустыку, і гэты арган вельмі ўдала ўпісваецца ў прастору, запаўняе яе. Нам давялося шмат папрацаваць, таму што трубы аргана былі моцна пашкоджаны, а ягоная драўляная частка з часам істотна высахла, патрэскалася. А таму па аб’ёме гэта была вялікая праца. Ці былі сумненні, што інструмент загучыць? Ведаеце, я займаюся арганамі ўжо шмат гадоў, а таму рэальна ацэньваў шанцы. Лічу, што ўсё атрымалася.

Заўважу, што цяпер спадар Лотаў займаецца рэстаўрацыяй аргана для канцэртнай залы “Верхні горад” у Мінску.

Напрыканцы святкавання адкрыцця аргана ў Старых Васілішках адзін з сябраў апякунчай рады Дома-музея фатограф Віталь Раковіч уручыў пробашчу Збігневу Драгуле рэпрадукцыю ўнікальнага здымка касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, які быў зроблены ў далёкім 1916-м годзе.

 

Фота Віталя РАКОВІЧА

Аўтар: Дзмітрый ПАДБЯРЭЗСКІ
намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва"