"Чалавек з дзіркай"

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

“Чалавек з дзіркай замест арганізма” — гэтая фраза заляцела ў маю свядомасць аднекуль з абшараў інтэрнэту. Заляцела і засталася ў выглядзе загалоўка нарысу адразу пра два гомельскія рарытэты. Адзін з іх знаходзіцца ў залах музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, а другі нядаўна з’явіўся на вуліцах нашага горада.

/i/content/pi/cult/665/14735/123.jpgУ 2009 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса Фрыяса музею быў падораны бронзавы бюст нацыянальнага героя Венесуэлы Франсіска дэ Міранды (1750 — 1816). Яго выканаў амаль у натуральную велічыню мастак Хуліа Сесар Бручэнья Андрадэ.

Летась у Гомелі з’явілася скульптура “Дыялог” вядомага мастака Канстанціна Селіханава, аналаг якой ужо быў усталяваны ў Мінску ў 2013 годзе. Злёгку ўзвышаючыся над тратуарам, на каменнай пліце размясцілася нязвыклае стварэнне з бронзы — нейкі мастацкі знак, сімвал, гібрыд дзвюх верхніх паловаў чалавечага цела. Сіметрычныя фігуры плаўна “перацякаюць” адна ў адну праз судакрананне правых рук. Асобы з запалкавымі галоўкамі з цяжкасцю трымаюць раўнавагу, упіраючыся локцямі ў зямлю.

Скульптура вышынёй каля 2,5 метраў і вагой 1,5 тоны павінна прадэманстраваць прыязнасць і ўзаемапаразуменне паміж банкам (у дадзеным выпадку, “БелВЭБ”, бо менавіта ён выступіў фундатарам твора) і кліентам. Сімвал “сяброўскага поціску рукі” — са слоў самога Селіханава. Гэты твор прызначаны стаць пазнавальным знакам-брэндам канкрэтнага банка, і з такой задачай ён, без сумневу, лёгка спраўляецца.

Прадчуванне бездані

Наогул, “дзіравіць” чалавечую постаць з асаблівым натхненнем сталі ў пачатку XX стагоддзя. Сярод першапраходцаў, між іншым, і выхадзец з Віцебска Восіп Цадкін, чые творы ўпрыгожваюць вуліцы і музеі еўрапейскіх гарадоў, назаўжды прапісаўшыся на старонках гісторыі мастацтва. Цяпер можна лёгка знайсці тлумачэнне такім мастацкім рашэнням — свет у тую пару ўжо літаральна трашчаў па швах. Гэта не проста ўласцівая мадэрнізму змрачнаватасць, а несвядомае прадчуванне насоўвання бездані, якое знайшло выяўленне ў мастацтве. Нездарма адзін вядомы помнік Цадкіна, які зеўрае велізарнай дзіркай акурат у тым месцы, дзе ў чалавека размяшчаецца “ўнутраны свет», носіць назву “Разбураны горад”. А чым, дазвольце даведацца, з’яўляецца цела, з якога вынята сэрца?

Таксама яшчэ можна згадаць, што вялікага кампазітара і музыканта Фрэдэрыка Шапэна пахавалі ў Францыі, а яго сэрца было адпраўлена ў Польшчу. Сімвалічны ўчынак, які вытлумачваецца Любоўю да Радзімы і тонкімі духоўнымі матэрыямі, што ўзялі верх над “крытыкай розуму”.

Але прычым тут зацяты барацьбіт з іспанскім каланіялізмам Франсіска дэ Міранда?

Крэол паводле паходжання, ён быў вядомы незвычайнай мужнасцю, акружаны таямнічым арэолам канспіратара і змоўшчыка, валодаў эрудыцыяй філосафа і вытанчанымі манерамі арыстакрата. Такім і выявіў Міранду скульптар. Абапіраючыся на правую руку, сагнутую ў локці, немалады — мяркуючы па жорсткіх складках, якія перасякаюць твар — чалавек пагружаны ў роздум. Увагу асабліва прыцягвае буйная, цалкам рэалістычная радзімка на жалезнай шчацэ Міранды і погляд шырока расстаўленых вачэй, скіраваны ўдалечыню. А далей, акрамя рукі ў звіслай манжэце, якая падтрымлівае галаву, ды банта на шыі, ніякіх дэталяў няма. “Дзірка замест арганізма” — як было смела адзначана адным з гасцей гомельскага музея. Зразумела, узнікае пытанне: што азначае такі мастацкі прыём? Адказ на яго варта шукаць найперш у біяграфіі прататыпа.

Міранда нарадзіўся ў сям’і заможнага камерсанта 28 сакавіка 1750 года ў Каракасе — сталіцы Венесуэлы, якая тады была іспанскай калоніяй на Карыбскім узбярэжжы Паўднёвай Амерыкі. Скончыўшы школу і ўніверсітэт у родным горадзе, малады чалавек выехаў у Іспанію, дзе паступіў на ваенную службу. Ніхто тады і не здагадваўся, што ён пакідае радзіму на 20 гадоў. Міранда прыняў удзел у вайне за незалежнасць мяцежных брытанскіх калоній у Паўночнай Амерыцы. Пасля адважны Крэол стаў генералам Вялікай французскай рэвалюцыі, яго імя — адзінага амерыканца — высечана на сцяне Трыумфальнай аркі ў Парыжы. Ён удзельнічаў у абвяшчэнні Першай Венесуэльскай рэспублікі (1811 — 1812), а ў крытычны момант узначаліў узброены супраціў.

/i/content/pi/cult/665/14735/124.jpgФрансіска дэ Міранда падоўгу жыў у Англіі і Францыі, у ЗША і на Антыльскіх астравах, аб’ехаў амаль усю кантынентальную Еўропу. Гадавое знаходжанне Міранды ў Расіі ў 1786 — 1787 гадах падрабязна адлюстравана ў яго дарожных запісах. Яго персона была ўдастоена шматлікіх сустрэч з імператрыцай Кацярынай II, якая паставілася да госця надзвычай прыхільна. Зразумела, у гутарках з ёй пра свае свабодалюбныя погляды ён лічыў за лепшае не гаварыць.

Як, напэўна, і ў размовах з генерал-губернатарам Маларосіі фельдмаршалам Пятром Аляксандравічам Румянцавым-Задунайскім. Іх дарогі не аднойчы перасякаліся, што і паслужыла ўжо ў наш час нагодай для такога выдатнага падарунка гамяльчанам. Дзённікі Франсіска дэ Міранды па праве можна лічыць бэстсэлерамі. Напісаныя разумнай, таленавітай і харызматычнай асобай, яны апавядаюць пра ўсё ўбачанае на шляху лёгкай, даступнай для ўспрыняцця кожнага чалавека мовай.

Знакаміты амерыканец пражыў надзвычай яркае жыццё. Яно было насычанае вандроўкамі і прыгодамі, каханнем і трагедыямі, зносінамі з выбітнымі людзьмі і асалодай ад архітэктурных помнікаў розных культур. Але ўрэшце сваё жыццё, такое слаўнае і шчодрае да яго, ён усклаў на алтар Айчыны.

Рух, які страчвае сэнс

Ход творчай думкі скульптара, што пакінуў замест цела дзірку, можна зразумець, звярнуўшыся да першакрыніцы сучаснага твора. Бручэнья “перавёў” у метал карціну венесуэльскага класіка Артура Мічэлена (1863 — 1898), на якой “прадвеснік незалежнасці Лацінскай Амерыкі” выяўлены ў самы цяжкі перыяд яго жыцця. Твор выпускніка французскай акадэміі Жуліяна адпавядае ўсім законам акадэмічнага мастацтва. Мічэлена была выпісана кожная рысачка твару, кожная дэталь абстаноўкі, што надае карціне дакладнасць гістарычнага факту. Праўда, мадэллю для мастака стаў яго таварыш — пісьменнік Эдуарда Бланка (1838 — 1912).

Перад намі — прыемнага выгляду сталы чалавек. У яго ўсё яшчэ густыя, але ўжо сівыя валасы, сабраныя ў хвост, бялеюць хустка на шыі і манжэты рукавоў кашулі, кароткая цёмная камізэлька мундзіра без пазументаў, светлыя брыджы ледзь прыкрываюць калені, доўгія шэрыя гольфы і вытанчаныя боты са спражкамі завяршаюць вобраз. Выраз тонкага, адухоўленага твару засяроджана-спакойна выяўляе чалавечую годнасць і ўпэўненасць у сабе, глыбокі погляд карых вачэй уладна прыцягвае і, у той самы час, пазбягае дыялогу з гледачом. Жалезны ашыйнік з ланцугом, як бессэнсоўна-жорсткая спроба зняважыць і зламаць дух барацьбіта, у карціне тактоўна завуаляваныя.

Мастак выявіў свайго героя ў момант імклівага руху, які раптоўна страчвае сэнс. Адной нагой Міранда кранаецца каменнай падлогі. Здаецца, зараз ён, ускочыўшы з турэмнага ложку, пачне дзейнічаць — але раптам замірае на паўдарозе... Абапёршыся галавой на руку, ён застыў, ахоплены змрочнымі думкамі і прадчуваннямі — і яны, як гаворыцца, яго не падманулі.

Справа яго жыцця — барацьба за незалежнасць Венесуэлы — на той момант пацярпела паразу. Франсіска дэ Міранда памёр у падземным каземаце крэпасці Ла-Карака бліз Кадзіса ва ўзросце 66 гадоў, пакінуты заможнымі сябрамі і здраджаны — па трагічным збегу абставінаў — сваімі аднадумцамі-паслядоўнікамі. Ён нават пахаваны быў у агульнай магіле.

Уражанне нас не падманвае. Адтуліна ў целе — адсутнасць або страта душы. Ад таго, напэўна, і не цешыць сузіранне паражнечы там, дзе павінна біцца гарачае чалавечае сэрца — “патаемнае ёмішча душы”.

Скульптуры-знакі

Помнік сяброўству, створаны ў XXI стагоддзі беларусам Канстанцінам Селіханавым, супаў у некаторых сваіх асаблівасцях з помнікам лацінаамерыканскім. Пры гэтым бюст Франсіска дэ Міранды з палаца Румянцавых і Паскевічаў наўрад ці быў вядомы мінскаму скульптару. А вось паралелі, непазбежныя ў свеце мастацтва, дазваляюць нам па-новаму ўбачыць і ўсвядоміць унікальны музейны аб’ект і растыражаваны сучасны артэфакт гарадскога асяроддзя — арыгінальную банкаўскую рэкламу.

Што адметна, з нядаўніх часоў да гэтай пары твораў можна далучыць і яшчэ адзін. У 2016 годзе гомельскі скульптар Юрый Мядзведзеў стварыў арыгінальную работу ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі — тры плоскія чалавечыя сілуэты з серабрыстага металу са скразнымі адтулінамі ў выглядзе трыліснікаў стаяць анфас на каменнай падстаўцы-лужку перад гледачом. Гэта сімвалічная сям’я: бацька, маці і дзіця. Больш за тое, нават кветкі побач з імі — у выглядзе радыеактыўных значкоў. Не трэба быць сямі пядзяў у ілбе, каб правільна “прачытаць” пасыл мастака, адчуць востры боль ад бяссілля перад бядой, якая адбылася. Твор мастацкай мовай перадае жорсткі сэнс не да канца вывучаных наступстваў радыеактыўнага апраменьвання.

Як і творы Бручэнья і Селіханава, гэтая праца — вельмі ўдалы прыклад скульптуры-знака, які гаворыць значна больш, чым там выяўлена.

Алена КАЛУГІНА,
навуковы супрацоўнік мастацкага аддзела Гомельскага палаца-паркавага ансамбля