Бібліятэчны web-турнір… з кабінета мэра

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Пра інавацыі бібліятэкараў, светлавы стол, лабрадора Гэры і дзіцячую “Нацыяналку”
Не сакрэт, што бібліятэкары сёння знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых ідэй і праектаў. У гэтым можна было пераканацца на міжнародным семінары “Дзіцячае чытанне: праблемы, пошукі, рашэнні”, які днямі адбыўся ў Мінску. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска і адзін з камітэтаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.

/i/content/pi/cult/665/14734/122.jpgСацыяльныя сеткі і “бібліядзеткі”

На семінар, які стаўся ўжо традыцыйным, прыехалі дзясяткі бібліятэкараў з розных куткоў Беларусі і Расіі, а тэматыка дакладаў — агулам іх было 22 — сапраўды ўражвала. Гэта і інавацыі ў галіне бібліятэчнай справы, і міжабласныя конкурсы юных чытальнікаў, і навінкі кніжных выдавецтваў, і сумесныя праекты Беларусі і Германіі ды шмат чаго яшчэ.

Загадчык Бібліятэкі сямейнага чытання горада Ламаносава (Расія) Наталля Глоза сапраўды ўразіла мяне сваёй прэзентацыяй праграмы “Выхаваем кнігалюба”. Яе ўдзельнікі самі, без запрашэнняў і “абавязалавак”, прыходзяць на штотыднёвыя мерапрыемствы “Нядзеля ў бібліятэцы” (да 40 — 50 чалавек!), раскручаныя супрацоўнікамі “кніжніцы” праз сайт і сацыяльныя сеткі. Тут “бібліядзеткі”, як назвала іх Наталля Глоза, могуць памаляваць на светлавым стале з дапамогай пяску (што развівае іх маторыку, увагу і творчыя здольнасці), а таксама пачытаць казку сабаку — жывому і паслухмянаму лабрадору Гэры. А яшчэ малыя падчас заняткаў самі ствараюць арыгінальныя буктрэйлеры, дзе расказваюць пра свае ўлюбёныя кнігі.

Лабрадора, дарэчы, прыводзіць у бібліятэку адзін з валанцёраў, які захапляецца і любіць сабак. І, як прызналася Наталля Глоза, валанцёрскі рух у бібліятэцы вельмі развіты, бо без улюбёных і апантаных людзей многія праекты проста не ажыццявіліся б. Цікава, ці будзе калі-небудзь такі дапаможны рух дзейнічаць у айчынных бібліятэках? Бо пакуль што сацыяльныя праекты, зробленыя з валанцёрскай дапамогай, у Беларусі зусім нешматлікія. Між тым, знайсці цікавых людзей, з якімі можна было б зладзіць у сваёй установе нешта ўнікальнае і творчае, не так ужо і складана і ў райцэнтры і на сяле.

Але ж вярнуся да крэатыву бібліятэкараў з Ламаносава. Ладзяць мясцовыя бібліятэкары і традыцыйныя “бібліяночы”. Апошняя з іх прайшла па творчасці Яўгенія Шварца, падчас якой можна было чытаць па ролях казкі знакамітага аўтара, зрабіць сабе прычоску ці аквагрым “а-ля Снежная каралева” і нават пабываць у віртуальнай кінастудыі ў 3D-акулярах. Таксама не забываюць тут і пра бібліятэчную рэкламу. Гэта, акрамя сацыяльных сетак і сайта, афармленне вокнаў установы культуры выставамі расійскіх і замежных пісьменнікаў. Што ж, як на мой погляд, цікавы замежны вопыт, які варта браць на ўзбраенне і айчынным бібліятэкарам.

Праўда, не ўсе былі з гэтым згодны. Скажам, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры псіхалогіі і педагогікі БДУКіМ Галіна Спяранская казала ў сваім дакладзе пра тое, што чытанне ўслых не такое ўжо і добрае, як гэта здавалася раней.

— Па меркаванні даследчыкаў, чытанне ўслых — гэта гвалт над інтэлектам, яно вельмі шкодна, асабліва калі замяняецца зрокавым успрыманнем, — зазначыла дакладчыца. — Паглядзіце, цяпер тэксты дзіцячых казак нярэдка скарачаюцца, а на галоўнае месца выходзяць ілюстрацыі, часам не зусім якасныя. Таму бібліятэкарам трэба прывіваць любоў да чытання “пра сябе”, каб дзіцё само магло адшукаць свой рытм, каб яно мела магчымасць вяртацца і перачытваць незразумелыя словы, сказы, абзацы, каб у яго ўзнікалі свае, унікальныя вобразы і асацыяцыі падчас чытання той або іншай кнігі. Іначай бібліятэкары будуць фармаваць у дзяцей так званае “кліпавае мысленне”, прычым, з самага маленькага ўзросту, а таксама спрыяць павярхоўнаму, а не асэнсаванаму чытанню кніг.

Адзначу, што гэтыя высновы навукоўца выклікалі сапраўдны рэзананс у аўдыторыі і нават пярэчанні ў некаторых удзельнікаў семінара. Праўда, не ва ўсіх: іншыя пагаджаліся з дакладчыкам, спасылаючыся на свой рэальны вопыт. Але ж, як кажуць, нават дыскусійная думка вартая таго, каб да яе прыслухацца… Раптам у ёй знойдзецца рацыянальнае зерне?

Калі сябра кнігі — мэр

Напрыклад, пагадзілася з думкай Галіны Спяранскай і галоўны бібліятэкар навукова-метадычнага аддзела Белгарадскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі імя А. Ліханава Алеся Бухал.

— Сапраўды, многія нашы чытачы цяпер сядзяць у інтэрнэце або пампуюць электронныя кнігі, — зазначыла выступоўца. — Больш за тое: са свайго вопыту магу сказаць: сучасныя дзеці чытаюць вельмі шмат і часта нават больш за самога бібліятэкара. Даходзіць да таго, што не заўсёды бібліятэкары кампетэнтны ў новых кнігах, цікавых для моладзі.

На гэтыя словы выступоўцы рэакцыі аўдыторыі чамусьці не было. Вынікае, што з агучанай высновай прысутныя — як айчынныя, так і замежныя бібліятэкары — цалкам згодныя. Хаця ў мяне адразу ўзнікла пытанне: як знайсці выйсце з гэтага становішча?

Далей у сваім дакладзе Алеся Бухал фактычна адказала на маё пытанне. Справа ў тым, што Белгарадская дзіцячая бібліятэка сёння развівае праекты, накіраваныя не толькі на чытанне, але і на зносіны паміж дзецьмі і падлеткамі. Для гэтага, напрыклад, супрацоўнікі ладзяць тэматычныя web-турніры па творах розных аўтараў.

Сутнасць турніраў наступная: кожная каманда з 10 — 15 чалавек чытае пэўную кнігу (скажам, пра прыгоды таго ж Гары Потара) і праз скайп задае “каверзныя” пытанні камандзе з іншага горада. Пераможцы атрымліваюць магчымасць удзельнічаць у конкурсе на абласным узроўні і, вядома, каштоўныя падарункі.

— Такім чынам, цяпер у нас ладзіцца 18 гульняў раённага маштабу і адна — абласнога, — адзначыла дакладчык. — Дзеці гуляюць вельмі захоплена, ім падабаецца камандны дух і канкурэнцыя. Быў нават такі выпадак: аднойчы, калі ў адным з райцэнтраў дрэнна працаваў скайп і былі праблемы з інтэрнэт-падключэннем, web-турнір дзеці зладзілі наўпрост з кабінета мэра горада, які таксама захапіўся атмасферай гульні і прыняў гэтае нестандартнае рашэнне, каб падтрымаць сваю раённую каманду.

Як казала Алеся Бухал, паспяховым гэты праект зрабілі высілкі арганізатараў: многія бібліятэкары спачатку ставіліся да ініцыятывы са скепсісам. Але цяпер ад ахвотных паўдзельнічаць у падобных турнірах няма адбою. Заўважу, што для спаборніцтва трэба абавязкова выкарыстоўваць пераклад замежнага твора аднаго, пэўнага выдавецтва. Іначай могуць узнікаць розначытанні і нават памылкі ў напісанні імёнаў галоўных герояў і іншых дзейных асоб.

У якасці заключэння

Ад сябе дадам, што пра ўсе згаданыя і незгаданыя ў гэтым артыкуле крэатыўныя знаходкі і інавацыі айчынных і замежных бібліятэкараў “К” яшчэ будзе абавязкова пісаць. І не толькі пісаць, але і прапагандаваць сярод нашых “кніжніц” — як дзіцячых, так і “дарослых” — ва ўсіх раёнах Беларусі.

Праўда, спыніцца хочацца на зусім іншым. На мой погляд, многія бібліятэкары ўспрынялі міжнародны семінар “Дзіцячае чытанне: праблемы, пошукі, рашэнні” ў Мінску як нейкую справаздачную канферэнцыю, на якой трэба проста расказаць пра сваю працу. Менавіта таму асобныя даклады былі перасыпаны сухімі лічбамі (напрыклад, пра колькасць чытачоў, агульную плошчу бібліятэкі і гэтак далей) і канцылярскай мовай (“аказанне метадычных рэкамендацый усім удзельнікам навучальнага працэсу” і падобнае). Да таго ж, на прэзентацыях і слайдах часцяком дэманстраваліся стандартныя формы працы з наведвальнікамі, кшталту букросінгу, кніжных выстаў, сустрэч з пісьменнікамі. Але ж у інавацыі або цікавы бібліятэчны вопыт паказ лялечнага спектакля ці сустрэчу з пісьменнікамі залічваць, пагадзіцеся, наўрад ці можна.

Хаця былі і вельмі прыцягальныя, і я б нават сказаў, крэатыўныя выступленні. Напрыклад, загадчыцы дзіцячай бібліятэкі Наваполацка Таццяны Варанец, якая казала пра тое, што бібліятэкарам трэба “ісці ў народ”. Таму супрацоўнікі ладзяць акцыі каля ўрачэбных кабінетаў, дзе маленькія пацыенты могуць пачытаць казкі і пашукаць адказы на загадкі. А яшчэ праводзяць вела- і гаджат-квэсты, дасылаючы камандам праз вайбер заданні ад бібліятэчнага Шэрлака Холмса.

Зацікавіла сваім вопытам (і, да слова, крэатыўнай падачай матэрыялу) і загадчыца аддзела абслугоўвання дзіцячага чытача Дзяржынскай РЦБС Святлана Шабалінская. Яшчэ раз паўтарыўшы думку пра тое, што без сацыяльных партнёраў сёння бібліятэкам не выжыць, яна прывяла прыклад свайго праекта “Чароўны рукзачок”, калі прызы дзецям набываліся з дапамогай індывідуальнага прадпрымальніка.

І апошняе. Арганізацыя міжнародных бібліятэчных семінараў — ідэя добрая і карысная. На падобных мерапрыемствах можна сапраўды даведацца не толькі пра крэатыўны вопыт у прапагандзе дзіцячага чытання, але і пра тое, куды ісці далей, якія формы работы з дзецьмі і падлеткамі сёння найбольш запатрабаваны, якія найноўшыя метадычныя распрацоўкі паспяхова “абкатаны” ў бібліятэчнай практыцы… І ў гэтым плане перавага расійскіх дакладчыкаў часам для мяне была відавочная. У першую чаргу таму, што за калегамі з замежжа стаяла і стаіць Расійская дзяржаўная дзіцячая бібліятэка, якая каардынуе дзейнасць дзіцячых бібліятэчных устаноў па ўсёй краіне. Менавіта адтуль сёння ідзе і метадычная, і арганізацыйная, і матэрыяльна-тэхнічная дапамога ў рэгіёны — ад Падмаскоўя да Сібіры і Далёкага Усходу.

Дык мо трэба задумацца над гэтым паспяховым вопытам і нам, беларусам, стварыўшы ці хаця б распачаўшы працу па стварэнні Нацыянальнай ці Рэспубліканскай дзіцячай бібліятэкі? Балазе, галоўнае ядро гэтай будучай арганізацыі ўжо ёсць — маю на ўвазе Цэнтралізаваную сістэму дзіцячых бібліятэк сталіцы… Але ж ці стануць калі-небудзь гэтыя мары рэальнасцю?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"