Брама для новай сям’і

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Рэгіянальны фэст раскрыў багацце вясельных традыцый Віцебшчыны
Святая Пакрова пакрывае зямлю лістом, а дзяўчыну чапцом. Так і ў беларускіх вёсках перыяд вяселляў пачынаўся пасля завяршэння палявых асенніх работ. Менавіта да гэтага тэрміну прымеркавалі і абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца-2017”, заснаванае Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, якое прайшло ва Ушачах 21 кастрычніка. Дазволю сабе падзяліцца парай-тройкай меркаванняў на гэты конт і спадзяюся, што яны будуць карыснымі работнікам культуры з розных куткоў, дзе яшчэ захаваліся аўтэнтычныя вясельныя традыцыі.

/i/content/pi/cult/665/14733/121.jpgНе тамадою адзіным

Арганізатары фэсту бачаць яго мэту ў адраджэнні і далейшым развіцці аўтэнтычных вясельных абрадаў Віцебшчыны як часткі традыцыйнай культуры, а таксама іх укараненні ў сучасную практыку. А патрэба ў гэтым адчуваецца, і надзвычай востра. На сённяшніх вясельных імпрэзах — асабліва гарадскіх — удзельнікі пазбаўленыя таго камфортнага самаадчування, якое прадэманстравалі ўшацкія вясельнікі.

Выглядае на тое, што сучаснае вяселле не выпрацавала яшчэ тых развітых спецыфічных сюжэтаў, што адпавядаюць такой значнай сямейнай і сацыяльнай падзеі. Рэстараннае мерапрыемства з абавязковым тамадою, як правіла, зводзіцца да ўзроўню забаўляльнага шоу. І няма ў ім ні каліва імкнення да захавання каранёвых ідэй, закладзеных у традыцыйным вясельным абрадавым комплексе — тых ідэй, што былі асэнсаваныя і выкрышталізаваныя многімі папярэднімі пакаленнямі. Тым не менш, многія людзі проста змушаныя згаджацца на прапанаваныя формы паслугі, бо іншых няма.

Аднак сучаснаму чалавеку па самой яго прыродзе ўласцівая патрэба ў сацыяльна значнай рытуалізацыі найважнейшых жыццёвых падзей. Не знаходзячы задавальнення гэтай патрэбы ні ў сучасным шоу-вяселлі, ні ва ўмовах працэдуры рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, людзі ўсё часцей і часцей спрабуюць звярнуцца да традыцыйных формаў абраднасці.

“Не пакідайце ж дыялекту свайго…”

Вяселле — надзвычай адказны і важны момант у жыцці не толькі кожнага чалавека, але і яго сям’і, роду, вёскі, соцыуму. У структуры абраду вылучаецца лінія ініцыяцыі маладых (перш за ўсё нявесты), звязаная з набыццём імі новага сацыяльнага статусу ў сувязі з пераходам у сацыяльную групу жанатых людзей, і камунікатыўна-абменная лінія, заснаваная на ўзаемадзеянні дзвюх груп удзельнікаў — сям’і нявесты і сям’і жаніха. У выніку нявеста пераходзіць у групу маладога.

Гэтая цэнтральная ідэя вяселля ў розных куточках Беларусі ўвасабляецца ў шэрагу канкрэтных рытуалаў, звычаяў, песень, прыкмет і павер’яў. Чарговым сведчаннем таму стаў і конкурс ва Ушачах. Кожны раён прадставіў якісьці адзін фрагмент вясельнай оперы, найперш характэрны для іх мясцовасці. Фальклорныя калектывы з Бачэйкава Бешанковіцкага раёна і Янкавіч Расонскага раёна паказалі абрад “Сватанне”, народны фальклорны калектыў “Вярба” з Браслаўшчыны прадставіў “Заручыны”, “расплятанне касы” было з Сенненшчыны, “каравайны рытуал” з Мёршчыны, галашэнне маладухі — з Гарадоччыны…

Наогул, трэба адзначыць імкненне ўдзельнікаў фэсту да захавання мясцовых традыцый (і нават метадычныя рэкамендацыі звяртаюць увагу на тое, што “матэрыял павінен быць сабраны падчас этнаграфічных экспедыцый”). І на самай справе — перад гледачамі прайшла багатая палітра рэгіянальных не толькі звычаяў ды песень, але строяў і нават абрадавых страў.

Не хапіла хіба аднаго — пацешыцца мясцовымі гаворкамі. Свайго дыялекту трымаліся прадстаўнікі бадай толькі Браслаўшчыны. З якім захапленнем мы вітаем рэгіянальныя адметныя строі ці варыянты той жа полькі! Але чаму пры гэтым ігнаруюцца асаблівасці таго элемента, які значна больш важны ў плане захавання этнічнага коду —
мясцовай гаворкі? Таму да наступных удзельнікаў і арганізатараў свята настойлівая і шчырая просьба ў дэманстрацыі вясельных звычаяў трымацца свайго дыялекту.

“Лепшымі” сталі ўсе

Мерапрыемства было названае святам-конкурсам. І калі свята сапраўды атрымалася, то з конкурсам, які абавязкова прадугледжвае вылучэнне лепшых, было больш складана. Паводле яго ўмоваў, творчая праграма, прадстаўленая на сцэне, мусіла складацца з унікальных, мала вывучаных, забытых вясельных традыцыйных абрадаў і звычаяў, прычым абавязкова са сваёй мясцовасці. Але як судзіць такія розныя па танальнасці і відовішчнасці глыбока інтымныя галашэнні з Гарадоччыны і іскрыстую сцэнку з падстаўной нявестай з Полаччыны, унікальны сенненскі танец “Шчамель” ці заліхвацкія лепельскія скокі? Таму практычна ўсе ўдзельнікі па-свойму былі цікавыя і “першыя”.

У межах свята адбыўся конкурс і на лепшае афармленне ды прэзентацыю “вясельнага кутка”. Кожны раён паказаў свой варыянт, выкарыстоўваючы розныя атрыбуты вяселля, дэталі ўбрання, рэканструкцыі вясельных строяў і — што найбольш радавала гледачоў — абрадавыя стравы. Усім запомніліся шаркаўшчынская верашчака (мачанка да бліноў), халадзец па-каўшэлеўску і ганіболіўка (гарэлка), цыбрыкі з Полаччыны, верашчака з Сянно і такі апетытна-прыгожы расонскі фаршыраваны шчупак.

Нават сённяшняе гарадское вяселле, такое далёкае ад традыцыйнага, тым не менш захавала яго галоўны атрыбут — каравай, хлеб, надзвычай багаты на сімвалічныя сэнсы прадмет. Падзвінскі каравай — гэта зусім не тыя ярка ўбраныя палескія караваі. Яны наогул маглі выглядаць як даволі пляскатыя, някідкія на першы погляд булкі. Тым не менш ён мае выразны сэнс — увасабляць супольную волю вясковага калектыву, які прымае і зацвярджае новую адзінку. Так і ў часе прэзентацыі вясельных куткоў давялося пабачыць розныя варыянты караваяў, і вясельнага печыва ўвогуле.

У афармленні куткоў была прадстаўленая багатая карціна твораў дэкаратыўнага мастацтва, прыкладам, Лепельскі куток запоўніўся паясамі, што рыхтавала маладая замужніца для вясельных падарункаў. Асабліва хочацца адзначыць увагу да старых вясельных фотаздымкаў, якія былі прадстаўлены некалькімі раёнамі.

Аднак першай і асабліва яскравай дзеяй свята стала рэканструкцыя вяселля Ушацкага і Глыбоцкага раёнаў, абранне якіх гэтаксама паказальнае, бо там спалучыліся цэнтральна-падзвінскія і заходнебеларускія традыцыі.

Вяселле ў сваёй гульнёвай форме (а яна найбольш устойлівая ў часе) транслюе архаічныя ідэі пераходу, ініцыяцыі, калі маладая сям’я для канчатковага зацверджання ў новым статусе мусіла прайсці шэраг перашкодаў. Сімвалічна яны ўвасабляюцца ў рытуале перагароджвання дарогі — тут мы пабачылі “рагатку” па-шаркаўшчынску і глыбоцкую “вясельную браму”.

Звычай “рагаткі”, які праводзіцца ў першы дзень вяселля, заключаецца ў тым, што як толькі маладыя ўязджаюць у сваю вёску, ім перагароджваюць дарогу: ставяць на сярэдзіну вуліцы стол або табурэтку з абрусам, бутэлькай гарэлкі, боханам хлеба і соллю. У часе рагаткі правяралася і цнатлівасць маладой — як паедуць “па вёсцы, то ўсё добра, а як па загуменні…” Падманваць жа было небяспечна, інакш здараліся б на вёсцы няшчасці і пажары. За забаўляльным характарам — глыбокі сімвалічны сэнс уступлення ў новы этап жыцця, калі патрабавалася гэтаксама адорванне маладых і адпаведныя пажаданні.

Сярод гучнага, песеннага, задзірыстага вясельнага тлуму маўкліва-ўрачыстымі, як і належыць у традыцыі, заставаліся маладыя. Увесь час напрошвалася думка: а няхай бы гэта было праўдзівае вяселле! Столькі словаў, Божага дабраславення і проста эмоцый атрымала гэтая пара, што не можа яно ўсё застацца без працягу, не раствараюцца такія падзеі ў нябыце. Таму так хацелася б бачыць на гэтым месцы сапраўдных маладзёна і маладуху, ці хоць бы маладую пару, што нядаўна заручылася. Што каб даваць кліч за якія паўгода да наступнага свята? Мо і адшукаліся б ахвотныя зладзіць вяселле па традыцыях продкаў.

З убачанага ўразіў і ўнікальны глыбоцкі вобраз вясельнай “ваўчыцы” — маткі жаніха, якая, апрануўшы кажух навыварат, правярала маладую на спрыт. Застаюцца ў памяці і кранальна-ўрачыстыя вясельныя песні ў выкананні народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” Каўшэлеўскага дома фальклору з Шаркаўшчыны.

Зразумела, што правядзенню свята папярэднічала надзвычай карпатлівая і старанная праца работнікаў культуры ўсёй вобласці, а найперш кіраўніцтва і спецыялістаў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Ушацкага і Глыбоцкага аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Сімвалічна, што ролю маці жаніха прадставіла на свяце мастацкі кіраўнік народнага тэатра фальклору “Цярэшка” з Глыбокага Наталля Нікіфаровіч. Такой жа праўдзівай і натуральнай была і роля свахі ў выкананні кіраўніцы фальклорнага гурта з Ушаччыны “Матырынская спадчына” Галіны Рудзёнак.

Мужчынскія ролі асабліва ярка прадставілі артысты з Глыбоччыны. Запомніўся старшыня Залескага сельсавета Барыс Заяц, ён жа выконваў і ролю каларытнага старшага шафера. Падтрымалі свята-конкурс і кіраўнікі Ушацкага раёна. З выступу старшыні раённага савета дэпутатаў Вольгі Захаранка адчувалася разуменне ўладамі ролі народных традыцый у сучасным жыцці.

Гран-пры конкурсу заслужана было прысуджана калектыву Ушацкага раённага цэнтра культуры. А вось падзяку ад сябе хацелася б выказаць усім арганізатарам і ўдзельнікам свята. З такіх мерапрыемстваў вяртаешся ўражаны багаццем фальклорнай спадчыны зямлі беларускай, а таксама талентам яе носьбітаў.

Таццяна ВАЛОДЗІНА, фалькларыст, доктар філалагічных навук