Ветракі і скрыпка Паганіні

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Пачнем з надзвычай важнай асобы. Пра Міхаіла Солапава — настаўніка і прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужанага дзеяча мастацтваў краіны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, кавалера ордэна Францыска Скарыны — напісала Наталля Кардашова, выкладчык Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. У гэтай установе прайшоў канцэрт, прымеркаваны да 93-годдзя Міхаіла Рыгоравіча.

/i/content/pi/cult/665/14731/119.jpg

Дык які ён, гэты выбітны музыкант, што прысвяціў жыццё выхаванню і развіццю нацыянальнай культуры? Вельмі сучасны, пераконвае аўтар допісу. У Белдзяржфілармоніі не прапускае ніводнага канцэрта, цікавіцца кожным вядомым музычным калектывам, любіць усе віды мастацтва і сам імкнецца тварыць прыгажосць. “У аснове школы Міхаіла Солапава, — піша Наталля Кардашова, — ляжыць правіла адзінства таленту, творчасці, працы і цярпення. Менавіта яго вучні сталі арганізатарамі канцэрта ў гонар свайго настаўніка. Сярод іх — кампазітар Эдуард Ханок, дырэктар Мінскага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі і дырыжор аркестра беларускіх народных інструментаў Уладзімір Чэрнікаў, які вось з якімі словамі звярнуўся да юбіляра: “Ваша служэнне, Ваш прафесійны шлях — гэта ўзор для любога музыканта. Я ўдзячны Вам бясконца!” Праслухаўшы канцэрт і трымаючы вялізны букет кветак, Міхаіл Солапаў схіліўся на калена перад выканаўцамі: “Тое, што я сёння пачуў — гэта фантастыка! Калі мы пачыналі, аб такім узроўні можна было толькі марыць”.

А вось у Гальшанскай дзіцячай школе мастацтваў Ашмянскага раёна згадалі пра Нікола Паганіні. Намеснік дырэктара школы Дар’я Антановіч распавяла пра творчы вечар, прысвечаны 235-годдзю з дня нараджэння містычнага італьянскага скрыпача і кампазітара. “Дзеці даведаліся, — піша яна, — пра тое, што Паганіні ўмеў імітаваць гучанне гітары, флейты, трубы, валторны і замяняў сабой цэлы аркестр. А творы кампазітара адрозніваліся эмацыянальнасцю ды імпульсіўнасцю. Потым гучалі запісы твораў Паганіні ў выкананні Давіда Ойстраха, Леаніда Когана, Дэвіда Гарэта. Выступіў і камерны ансамбль скрыпачоў школы”.

Позняя восень заўжды пахмурная: амаль без сонейка, з дажджамі, мокрым снегам і раннімі прыцемкамі. Надзвычай актуальнай становіцца рэгулярная праца бібліёбуса. Пра гэта згадала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Марына Нікіціна. Дык вось, бібліёбус, што працуе пры згаданай установе, абслугоўвае 19 вёсак. Раз у месяц разам з бібліятэкарамі выязджаюць і калектывы мастацкай самадзейнасці. Вакальны гурт “Забава” Падлескага дома культуры (кіраўнік Вольга Якуніна) у лістападзе, да прыкладу, наведаў вёску Куршынавічы. Месцам агульнай сустрэчы стаў дом сацыяльных паслуг, дзе сацыяльным работнікам працуе Іван Войцік. “Ён — актыўны памочнік нашай перасоўнай бібліятэкі, — паведамляе Марына Нікіціна, — такіх называюць “грамадскімі бібліятэкарамі”. І гэтым разам Іван Войцік забяспечыў чысціню, цеплыню ды ўтульнасць памяшкання. А супрацоўнік бібліёбуса Святлана Станіславовіч зладзіла кніжную выставу. “Забава” спявала, паказвала гумарыстычныя замалёўкі, выконвала байкі”. Такім чынам работнікі культуры стварылі ў вёсцы свята.

Пра ўвагу да дробных паселішчаў казалі і падчас чарговых Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў. Раённая бібліятэка правяла іх сумесна з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пра гэта распавяла метадыст бібліятэчнай установы Наталля Казарэз. Так, краязнаўчыя даследаванні прыцягваюць увагу да невялікіх вёсак, іх гісторыі. Адна з мэтаў чытанняў — папулярызацыя навуковых ведаў, якія не павінны заставацца здабыткам вузкага кола. На мерапрыемстве выступілі навукоўцы з Мінска, Нясвіжа, Брэста, Міра і Карэлічаў. А дзесяцікласніца сярэдняй школы № 2 Карэлічаў Юліяна Сучко падрыхтавала даклад на тэму “Карэліччына (1965 — 1970 гады) у лічбах і фактах”. Можна было пазнаёміцца з работамі ўдзельнікаў раённага пленэру мастакоў “Шлях да майстэрства”, з экспазіцыяй раённага краязнаўчага музея “Сялянскі побыт пачатку ХХ стагоддзя” і прыдбаць мясцовы сувенір.

Інфармацыя ад Людмілы Козел. У Жупранах (Ашмяншчына) адбыўся канцэрт “Дарункі восені”. Былі падведзены вынікі сельскагаспадарчага года, выступілі салісты народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Роза Януковіч, Валянціна Горыд, Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская, Аляксандр Пашкоўскі. Яшчэ адзін канцэрт, паведамляе аўтар допісаў, прайшоў на станцыі Ашмяны. Мерапрыемства стала своеасаблівым экскурсам у мінулае. Загадчыца мясцовага сельскага клуба Таццяна Лапато прапанавала аднавяскоўцам рэтра-канцэрт. Старыя песні прыйшліся даспадобы кожнаму.

Андрэй Струнчанка арганізаваў у Мазалаўскім СДК (Віцебскі раён) свята беларускай нацыянальнай культуры. На ім прысутнічалі новыя ўдзельнікі клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода”: студэнты Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны з Грэцыі, Лівана, Палесціны, Саудаўскай Аравіі і Шры-Ланкі. Мерапрыемства, як распавядае аўтар, прайшло ў межах сацыякультурнага праекта “Дыялог народаў і культур”. Праект ажыццяўляецца ў Мазалаве з 2014 года. У святочнай праграме былі канцэрт народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Вераснянка”, майстар-класы па ігры на народных інструментах і па вырабе лялек-абярэгаў, экскурсія па вёсцы, наведванне сельскай бібліятэкі. Падчас мерапрыемства прайшло і пасяджэнне савета клуба, дзе быў разгледжаны план будучай работы. Адзін з яго пунктаў, дарэчы, — наладжванне для мясцовай дзятвы майстар-класа па вывучэнні замежных моў.

Шанаванне млынароў у Адэльску, што ў Гродзенскім раёне, стала традыцыйным. Адпаведнае свята тут прайшло ў пяты раз. Пра гэта паведаміла галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык. Яна разам з калегамі брала ўдзел у мерапрыемстве. Бібліятэкары выступілі ў ролі краязнаўцаў: знаёмілі ахвотных з разнавіднасцямі млыноў і ветракоў у нашы дні і ў старадаўнасці. Адэльск, некалі багаты на ветракі і млынароў, частаваў гасцей сваімі традыцыйнымі стравамі. Між іншым, мясцовая кухня, па словах Людмілы Трубчык, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як праява нематэрыяльнай спадчыны.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы паведамляе, што падчас рэалізацыі ініцыятывы “Дом, у якім жыве Культура”, прафінансаванай Еўрапейскім Саюзам у межах праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, аграгарадок Лінова правёў свята “Зямля пад белымі крыламі”. З гэтай нагоды ў доме культуры адбылося шанаванне сямейных юбіляраў, удзельнікаў і пераможцаў конкурсаў, працаўнікоў гаспадаркі з вялікім стажам работы, таленавітай моладзі. Канцэрт для ліноўцаў наладзілі аматары мастацкай самадзейнасці Новазасімавіцкага СДК. Можна было паўдзельнічаць у розыгрышы бяспройгрышнай латарэі, у краязнаўчай віктарыне.

Восеньскія матывы гучаць і ў допісе Таццяны Маляўка — загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава. Аўтар распавядае, што сярод 19 бібліятэк раёна адбыўся конкурс “Восень у бібліятэцы”. Восеньскую тэму ў паэзіі распрацавалі ў Малькавіцкай бібліятэцы-музеі, літаратараў-землякоў паклікалі на дапамогу ў Чудзінскай СБ, рэцэпты нарыхтовак садавіны і гародніны прапанавалі супрацоўнікі Востраўскай сельскай бібліятэкі, восеньскімі кветкамі парадавалі ў Хатыніцкай СБ, а Кукаўская сабрала на выставе “кніжны лістапад” — выданні, якія застаяліся на паліцах і хочуць трапіць у рукі ўдзячнага чытача.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"