Несіметрычныя паралелі

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Агляд асноўнага конкурсу і конкурсу “Маладосць на маршы” кінафестывалю “Лістапад”
Тое, што фестывальная праграма гэта, у пэўным сэнсе, твор мастацтва, — выснова не новая. Сёлетні “Лістапад” раскрываў сваю палітру паступова, нечакана рыфмуючы каханне і жахі, святло і цень, здрадніцтва і прагу жыцця, адзіноцтва і дзівацтва. Але калі вылучыць асноўныя тэмы, якія перагукаліся ў стужках асноўнай праграмы і конкурсу маладога кіно “Маладосць на маршы”, то ў маім выпадку імі сталі самаідэнтыфікацыя, пакутлівая трансфармацыя, ломка сацыяльнага ладу, эканомікі, ды міжкультурны дыялог, які, на жаль, усё ніяк не можа адбыцца, нягледзячы на жаданні асобных людзей.

/i/content/pi/cult/665/14730/118.jpgРабіць агляды фестывальных праграм — справа займальная і, паміж тым, усё роўна суб’ектыўная. Пэўны фільм знаходзіць адмысловы працяг, пераклічку з іншым, а другі, здавалася б, зусім не падобны, раптам ураўнаважвае чыёсьці жорсткае мастацкае выказванне. Сёлета, трошкі адышоўшы ад зададзенай лініі асобных конкурсаў, мне захацелася правесці несіметрычныя паралелі паміж фільмамі дзвюх праграм, тым больш, што самі карціны, і ўзнятыя ў іх пытанні, натуральным чынам падштурхоўвалі да выбудоўвання сувязяў і развагаў пра сучаснае грамадства і кіно.

У пошуках камунікацыі: “Вестэрн” і “Чамбра”

Нетаропкая карціна “Вестэрн” асноўнага конкурсу “Лістапад” зроблена вучаніцай аўтара нашумелага “Кахання” і “Схаванага” Міхаэля Хайнеке — Валескай Грызенбах. І, бадай, у тым, як рэжысёрка ўмее
павольна, але ўпэўнена і тонка разгортваць інтрыгу фільма, параўнанне з майстрам будзе дарэчы. Дзіўная гісторыя культурнага “заваявання” нямецкіх будаўнікоў балгарскай правінцыі — той яшчэ сюжэт для ўвасаблення. Але ў Валескі Грызенбах гэты пошук камунікацыі, агульнай мовы з мясцовымі жыхарамі выбудоўваецца так скрупулёзна і выверана, што не паверыць немагчыма. Пазнавальныя прыкметы-сімвалы вестэрна — конь, дзяўчына, зброя — і сацыяльная драма атрымоўвае дадатковы флёр, які ўплывае на змест. “Чужая зямля” аказваецца для нямецкіх гастарбайтараў не проста terra (in)cognita — новая тэрыторыя абвастрае супрацьстаянне паміж самімі нямецкімі “каўбоямі”. У пэўны момант галоўны герой, які, здаецца, атрымоўвае прызнанне мясцовых, усе прыкметы свайго сярод чужых, заканамерна становіцца чужым сярод сваіх. Ды далей — увогуле ні з кім, бо “свае чужыя” гэтаксама ўказваюць яму на яго асобнае месца.

Нечакана рыфмуецца з “Вестэрнам” з-за адлюстравання навейшага канфлікту паміж супольнасцямі “Чамбра” Ёнаса Карпіньяна “Маладосці на маршы”. Стужка маладога італьянскага аўтара, на якога звярнуў увагу сам Марцін Скарцэзэ — гісторыя сталення цыганскага падлетка Піа, знятая лёгкай як пер’е камерай і з адпаведным даследаваннем цыганскага паселішча на поўдні Італіі. Рэжысёр фіксуе будзённасць тамтэйшых недабрабытных раёнаў, норавы сучасных цыган і навейшыя рэаліі, калі ў адпаведных раёнах з’явіліся лагеры бежанцаў з Афрыкі. Здаецца, тое суседства ўжо сталася нормай для мясцовых суполак, выклікаючы шэраг жартаў з боку цыган у бок афрыканцаў. Але крытычная сітуацыя выяўляе актуальнае стаўленне. “Павер мне, нас паважаюць”, — павучае Піа старэйшы брат, заклікаючы яго абакрасці свайго блізкага сябра з Буркіна-Фасо. Гісторыя сталення ў духу Кустурыцы абарочваецца і актуальнай позвай эмігранцкай праблемы — калі афрыканскія бежанцы і ў вачах цыган выглядаюць людзьмі “ніжэйшага гатунку”.

Пакутлівая трансфармацыя: “Гранатавы сад”, “Дзень пачынаецца” і “Заўтра”

Азербайджанская карціна Ільгара Наджара “Гранатавы сад” — гэта “чэхаўская” гісторыя не толькі па інтанацыі расповеду, але і па жорсткасці, з якой аўтары сцэнарыя адлюстроўваюць характары сваіх персанажаў. Фільм на “Лістападзе” атрымаў узнагароду “За найлепшы сцэнарый” — і гэта не выпадковасць.

Праз дванаццаць гадоў у свой родны дом у атачэнні гранатавага саду вяртаецца Габіль. Яго сустракае стары бацька і пытаецца, дзе той быў увесь гэты час. “На заробках у Маскве”, — дае адказ сын і дэманструе пачак пластыкавых банкаўскіх картак, як прыкмету ўласнага багацця. Габіль вярнуўся, каб забраць з сабой жонку і сына, якія жывуць са старым. “Там у Маскве мяне ўсе ведаюць”, — кажа ён. Ні пра аніякае “застацца” не ідзе размова.

Што і казаць, гранатавы сад, гранат у стужцы Ільгара Наджара — гэта цэнтр сусвету. Сям’я, род, дом, радзіма, культура, сад асалоды… І тое, з чаго жывеш, чым жывеш. Сад даўно хоча набыць былы аднакурснік Габіля, каб пабудаваць на зямлі раскошных дрэваў новае прадпрыемства. І ад’езд сына падштурхоўвае бацьку да ўгоды. У азербайджанскай карціне сутыкаюцца не толькі стары лад жыцця і новы, калі разрываюцца былыя сувязі, але заўважны і поступ новай фармацыі, каштоўнасцей. Справа яшчэ ў тым, што, прымаючы новыя выклікі, уступаючы ў новыя “гульні”, мужчыны яшчэ больш трапляюць у палон патрыярхату, імкнучыся заставацца моцнымі і паспяховымі. Дзеля іміджу заплаціць за ўсіх у кафэ, не адкрыцца свайму бацьку, распавёўшы пра вялікія праблемы — такая ўстаноўка прыводзіць да вялікай трагедыі — да здрадніцтва блізкіх.

Своеасаблівым сугуччам да “Гранатавага саду” стаўся дэбют албанскага аўтара Генціана Кочы “І дзень пачынаецца”, які прагучаў у конкурсе маладога кіно. Напружанасць дзеяння, жорсткія рэаліі, амаль адсутнасць дыялогаў — і ў рэжысёра атрымалася стварыць моцную сацыяльную драму. На працягу 85 хвілін гледачы сочаць за пакутамі маці-адзіночкі Леты, якая, аказаўшыся без даху над галавой, вымушана вышукваць шляхі, каб забяспечыць свайму сыну і сабе ўмовы для існавання. Лета даглядае за старой Сафіяй, якая моцна хварэе, і знаходзіцца на парозе смерці. Аднак у адрозненне ад поўнага паветра і “чэхаўскай” атмасферы “Гранатавага саду”, “Дзень пачынаецца” зацяты ў рамкі неарэалістычнай драмы, што паступова трансфармуецца ў трылер. Напрыканцы напружанне ў фільме дасягае такой мяжы, што высядзець у крэсле літаральна немагчыма — адлюстраванне страху Леты згубіць дом і працу даходзіць да крайняй кропкі. Сацыяльная драма Генціана Кочы эмігрыруе амаль у фільм жахаў. І варта адзначыць несумненную заслугу ў стварэнні атмасферы выканаўцы галоўнай ролі — актрысы Арнэлі Капітані, якая амаль без слоў перадае адчай, жах і загнанасць гераіні.

/i/content/pi/cult/665/14730/117.jpg

У гэтым кантэксце стужка нашай беларускай аўтаркі Юліі Шатун выглядае даволі лагодна ў дачыненні да гледача. “Заўтра”, рэагуючы на актуальныя рэаліі, абірае іншы шлях — фіксацыю паўсядзённасці і дакументальную манеру, у якой героі амаль не іграюць. Галоўны персанаж карціны — былы настаўнік англійскай мовы, які разносіць лістоўкі па пад’ездах, паралельна шукае працу, жыве ў кватэры з недаробленым рамонтам, — трымае зусім іншую эмоцыю. Гэта выратаванне ў штодзённых рытуалах і спадзеў на будучыню, які набыў абрысы мроі…

Несумненна, у беларускай рэжысёркі ў конкурсе маладога кіно былі моцныя канкурэнты, але карціна Юліі Шатун па настроі і тэме няпэўнасці ў заўтрашнім дні, згубленасці простага чалавека перад грамадскімі і эканамічнымі ўзрушэннямі цалкам супадала з працамі сваіх калег.

Паасобку і побач: “Пакорлівая” і “Цесната”

Імя Сяргея Лазніцы для многіх гледачоў мае прамую асацыяцыю з бязлітасным кіно. Апошняя стужка рэжысёра “Пакорлівая”, якая прыняла ўдзел у асноўным конкурсе ігравых фільмаў, дакладна трапляе ў гэтыя чаканні, ды нават болей — асабліва адчувальныя вытрымаюць яе з цяжкасцю. Але менавіта з той прычыны, што Сяргей Лазніца як майстар стварае настолькі аб’ёмную па гуку, колеры, асяродку карціну, што супрацьстаяць яе візуальнай і аўдыя-“аснашчанасці” немагчыма, яго праца варта ўхвалы.

Вядомае апавяданне Фёдара Дастаеўскага “Пакорлівая” ў версіі Сяргея Лазніцы ператвараецца ў своеасаблівы тэкст з вытрымкамі з твораў Андрэя Платонава, Міхаіла Зошчанкі, Данііла Хармса, злучаючыся ў дзіўную фантасмагорыю на тэму пераасэнсавання савецкай спадчыны. Не ідэйнай і светлай, па якой часта настальгіруюць сучаснікі, а менавіта змрочнай і страшнай, што да гэтай пары не да канца прамоўлена і вымалена. Дзеянне ў карціне адбываецца ў сучаснасці, але рэжысёр робіць усё, каб сканцэнтраваць у кадры ўсе прыкметы “брыдкага савецкага”, каб, урэшце, менавіта ў свядомасці гледача нараджалася адчуванне гвалту.

Сюжэт у стужцы просты. Жанчына, у якой муж сядзіць у турме ў іншым горадзе, атрымоўвае назад пасылку з перадачай. Каб разабрацца, што здарылася, гераіня адпраўляецца ў месца зняволення мужа — горад з сімвалічнай назвай “Атраднае”. Тут і пачынаюцца яе “хаджэнні па муках”: ад аднаго адыёзнага персанажа — да іншага, з пакоя, дзе граюць “блатняк”, у рэстаран з адпаведным музычным “акампанементам” — шансонам, ад аднаго “чалавечка” да іншага, каб, урэшце, не атрымаўшы адказу, водгука, хоць нейкага тлумачэння — вярнуцца ні з чым на вакзал. Самае цікавае, што тая самая мяжа паміж рэалізмам і “чарнухай” у фільме так і не перасякаецца — “карцінка” стужкі даволі прыцягальная, каб не тое, што, урэшце, яна ў сябе ўбірала. Па сутнасці, у “Пакорлівай” няма і прамога выяўлення фізічнага гвалту (за выключэннем сцэны сну): гераіня выходзіць жывой і цэлай з усіх пераплётаў. Але ў той жа час гвалт і прыніжэнне пануюць у прасторы кожнага кадра, выклікаючы цэлы шэраг асацыяцый, прадчуванняў у свядомасці гледача.

Падчас круглага стала па выніках фестывалю расійскі кінакрытык Дзіляра Тасбулатава выказала меркаванне, што менавіта “Пакорлівая” мусіла атрымаць Гран-пры “Лістапада” з-за выяўлення новай мовы ў кіно. Нягледзячы на тое, што апошні фільм двойчы пераможцы “Лістапада” Сяргея Лазніцы выклікаў супярэчлівыя водгукі, прайсці міма гэтай працы сапраўды немагчыма. Урэшце, калі мы даруем Хайнеке і Ларс фон Трыеру, чаму не можам дараваць Лазніцы?

Фільм “Цесната” ў сумежным конкурсе побач з такім суседам ужо выглядае кіно тонкім, пакутлівым ды нават пяшчотным. Поўнаметражны дэбют вучня Аляксандра Сакурава Канцяміра Балагава — гэта часы канца 1990-ых і прастора Кабардына-Балкарыі, дзе драмы адбываюцца ў невялікіх пакоях, а жорсткасць “прасочваецца” праз размытыя выявы запісаў з відэакасет. Тое, як рэжысёр разварочвае і падае канфлікт суіснавання розных народаў у адной прасторы, — варта захаплення. Галоўныя героі карціны — яўрэйская сям’я, што жыве ў Нальчыку, у якой адным святочным вечарам выкрадаюць сына і яго нявесту. Пакуль бацькі збіраюць выкуп, старэйшая сястра выкрадзенага хлопца — Ілана — сустракаецца са сваім каханым —
мясцовым кабардына-балкарцам. Маленькія пакойчыкі, перагародкі, вузкія вулачкі, цёмныя памяшканні, асвечаныя літаральна адной светлавой кропкай — камера амаль увесь час фіксуе герояў буйным планам. Іх немагчыма схапіць цалкам, убачыць на адлегласці, бо ўвесь час цесна, шчыльна, не прадыхнуць. Цесна ў кватэры сям’і Іланы, у невялічкай зале-сінагозе, дзе збіраюцца яўрэі, даведаўшыся пра выкраданне, у памяшканні бензакалонкі, дзе працуе хлопец Іланы, у абдымках маці, якая імкнецца ўтрымаць сваіх дзяцей, літаральна душачы іх у абдымках. І няма чым дахыць дзяўчыне, якая ўрэшце вымушана выбіраць паміж тым, ці застацца з каханым хлопцам, ці з’ехаць са сваёй сям’ёй, бо пасля гэтага выкрадання, натуральна, будзе наступнае. Сполахі, размытыя колеры, якія ахутваюць марывам “міжсезоння”, і яскравая Ілана, якая “разразае” гэту мутную прастору сваім свавольствам, свабодалюбствам, вітальнасцю, і, урэшце, учынак якой выратоўвае сям’ю ад распаду. Эпоха мяняецца, і толькі людзі ў апошняй надзеі трымаюцца адзін за аднаго — хтосьці найбольш моцны і жывы ахвяруе сваім дарагім.

Якім чынам можна пераасэнсаваць савецкае мінулае, якое ўбірае ў сябе шмат — “Пакорлівая” і “Цесната” стаяць побач і трошкі паасобку, аднак глядзяць у адзін бок.

Самаідэнтыфікацыя: “Лістапад” і “Зімнія браты”

Калі да Райнера Сайнета — рэжысёра карціны “Лістапад”, якая ўзяла Гран-пры на сёлетнім фестывалі, падышлі з віншаваннямі журналісты, ён радасна ўсклікнуў: “Я меркаваў, што гэты фільм будзе зразумелы толькі эстонцам!” Але перасцярогі аўтара ў “цяжкасці перакладу”, паразумення ў дачыненні да “Лістапада” цалкам не дарэчы, бо яго фільм — сапраўдны візуальны шэдэўр, які дае магчымасць любавацца кожным кадрам. Невыпадкова журы конкурса адзначыла і працу аператара фільма — Марта Таніэля і музычнае суправаджэнне карціны.

Чорная вада, белы снег — адзін стан у стужцы перацякае ў іншы, жывыя і мёртвыя размаўляюць паміж сабой, а паганскі і хрысціянскі светы жывуць побач. Своеасаблівасць менталітэту эстонцаў у тым, што яны паганцамі былі і паганцамі засталіся, як падказвае нам аўтар. І надыход хрысціянства ці нямецкіх баронаў ніколечкі не змяніў народ, які бачыць уласную еднасць у дзівацтве і своеасаблівасці.

У казцы галоўная гераіня дзяўчына Лійна ператвараецца ў ваўчыцу, каб наведаць свайго каханага, у сялян жывуць дамавікі, зробленыя з падручных прыладаў, а дачка “пана” — нямецкага барона — мае “месяцовую хваробу”, кожную ноч у сне падымаецца на дах панскай сядзібы. Анічога не нагадвае? Так, гэта ўсё знаёмыя героі Уладзіміра Караткевіча і беларускага фальклору з яго нячысцікамі. З той розніцай, што эстонкі паганскі свет мае больш гратэскную форму і абліччы. У стужцы шмат “чорнага” гумару, жартаў. “Апраніце штаны і спадніцы на галаву, Чума падумае, што вы людзі з двума азадкамі і вас не закране”, — раіць глава роду сваім бязглуздым сародзічам. І той захад спрацоўвае — Чума ў абліччы козачкі, пагуляўшы паміж дзіўных людзей, сыходзіць. Умоўны паганскі свет эстонцаў выяўлены рэжысёрам настолькі бездакорна і творча, што
няўцямныя і сквапныя сяляне кадр за кадрам пачынаюць набываць рысы адметнай і ўнікальнай супольнасці, у якой ёсць і свой маральны кодэкс, і годнасць. Ды, безумоўна, здольнасць кахаць — якая ж казка без рамантычнага кахання? І яно ў фільме паказана так, як гэта і мусіць у паданнях і легендах: неверагодна прыгожа і натхнёна.

Калі эстонцы зрабілі “стаўку” на паганскі светапогляд, то ў дачыненні дацкай карціны “Зімнія браты” мы маем справу з “астраўной” свядомасцю. Рэжысёр карціны — Хлінюр Паўльмасан родам з Ісландыі, і адпаведна ў яго паўнаметражным дэбюце можна ўбачыць вобраз скандынаваў у цэлым. Па сутнасці, павярні аўтар гісторыю трошкі ў іншы бок — і “Зімнія браты” маглі б прэтэндаваць на сацыяльную драму, а не на драму непаразумення. Аднак фон, на якім адбываецца гісторыя — вапняковыя шахты, дзе працуюць два браты — галоўныя героі, Хлінюр надзяляе сілай моцнага вобразу. І карціна становіцца нешараговым выказваннем наконт характараў скандынаваў.

Здабыча вапняка, цёмныя тунэлі, дзе ў сутарэннях свеціцца адно ліхтар на ілбе рабочых — гэта ўсё прастора недапаразумення, скаванасці, закрытасці, калі адзін чалавек не “бачыць” іншага. Калі малодшага брата-дзівака пачынаюць падазраваць у тым, што ён сваім “пойлам” атруціў аднаго з лепшых шахцёраў, то немагчыма нікога ўпэўніць у адваротным, дазнацца праўду. Зімнія пейзажы, маленькія фургончыкі, у якіх жывуць браты, холад — і адасобленасць ды няўменне дэманстраваць свае пачуцці, фрыкавыя ўчынкі, якія выклікаюць не толькі смех, але недаўменне. Ды адначасова — палымянае жаданне цеплыні і кахання і нейкую немагчымасць іх атрымаць, бо не ўмееш дэманстраваць свае эмоцыі.

Хлінюр Паўльмасан візуалізуе “белы смутак” і цішыню адзіноты — яны прарываюцца як лавіна, пакідаючы людзей сам-насам з сабой і ўласнай няздольнасцю камунікаваць.

Поспех эстонскага “Лістапада” ды адметнае гучанне “Зімніх братоў” — яшчэ адзін доказ таго, што тэма самаідэнтыфікацыі па-ранейшаму з’яўляецца адной з актуальных у кіно. Калі не кожны фільм распавядае нам про тое, хто мы ёсць. Шукаючы “ісціну, любоў і прыгажосць” (слоган сёлетняга “Лістапада”), мы проста абавязаны ўбачыць і саміх сябе.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"