Бабруйск як тэатральны праменад

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

17 лістапада ў Бабруйску адкрыўся VI Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Напярэдадні гэтага форуму-біенале мы пагутарылі з Веранікай ВІНЕЛЬ — дырэктарам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, у сценах якога і праходзяць фестывальныя падзеі.

/i/content/pi/cult/665/14728/116.jpg— У тэатральных колах неаднойчы выказваліся прапановы перанесці фестываль у Мінск. Маўляў, ёсць у нас Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, пры ім — Цэнтр беларускай драматургіі. Хай яны і бяруць ініцыятыву ў свае рукі! Навошта ў Бабруйск дзеля гэтага ездзіць? Тым больш, што з Дуніным-Марцінкевічам звязана не толькі Бабруйшчына, дзе ён нарадзіўся, але і Міншчына.

— Канцэнтрацыя сіл у сталіцы, на адной пляцоўцы — не заўсёды добра. А тым больш, калі размова ідзе пра такую важную галіну, як нацыянальная драматургія. РТБД ужо стаў сапраўдным нацыянальным брэндам, яго заслугаў ніхто не змяншае. Да ўсяго, праз некалькі дзён пасля фестывалю там пройдзе Тыдзень беларускай драматургіі, дзе акрамя спектакляў запланаваны сустрэчы з драматургамі, лекцыі, абмеркаванні. Але няўжо ўсё гэта можа адбывацца толькі на адной-адзінай сцэне? Наадварот, і згаданы вамі Цэнтр, і РТБД, і наш фестываль, заснаваны Міністэрствам культуры і мясцовымі ўладамі, — усе гэтыя і іншыя захады скіраваны на як мага большае распаўсюджванне айчыннай драматургіі на тэатральнай сцэне (дарэчы, як на нашай, так і на замежнай). Дый Дуніна-Марцінкевіча, думаю, не трэба нам “дзяліць” — хаця, зразумела, менавіта ў Мінску ён ставіў сваю “Сялянку”. Але вельмі сімвалічна, што фестываль праводзіцца ў тэатры, які быў уганараваны імем гэтага пісьменніка і драматурга яшчэ ў 1977-м — роўна сорак гадоў таму. Важна і тое, што фестываль, праходзячы ў нас, садзейнічае развіццю тэатральнага мастацтва не толькі ў краіне ў цэлым, але і канкрэтна ў Бабруйску. У тым ліку, дзякуючы ініцыятывам Цэнтра беларускай драматургіі, а таксама Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з якімі ў нас наладжана добрае супрацоўніцтва.

— Асаблівасцю мінулага бабруйскага фестывалю сталі чыткі новых беларускіх п’ес, зладжаныя маладымі рэжысёрамі. Гэтыя традыцыі працягваюцца і сёлета.

— Сапраўды, штодзень можна будзе знаёміцца з новымі п’есамі і варыянтамі іх прачытання. Дадам, што адну з такіх чытак будуць ладзіць не толькі нашы артысты, але і рэжысёры Таццяна Дарагабед, Сяргей Карбоўскі (мастацкім кіраўніком выступіў новы галоўны рэжысёр нашага тэатра Венедыкт Растрыжэнкаў). А яшчэ адзін праект — спектакль-праменад у гарадской прасторы — непасрэдна прысвечаны нашаму гораду і называецца “ПраБабруйск”. Вынікам жа ранейшых фестывальных прэзентацый стала паўнавартасная пастаноўка п’есы “Лондан” Максіма Дасько — тым жа рэжысёрам Аленай Сілуцінай, якая калісьці ладзіла чытку, і менавіта ў нашым тэатры. Мы ганарымся, што спектакль паспеў пабываць на чатырох міжнародных фестывалях, атрымаў шэраг прызоў і добрыя водгукі ў прэсе.

— Яшчэ адна з прачытаных на мінулым фестывалі п’ес, а менавіта “Запалкі” Канстанціна Сцешыка, была пастаўлена на Камернай сцэне купалаўцаў. Праўда, змяніўся рэжысёр: колішнюю чытку ў Бабруйску ладзіла Валянціна Мароз, а ў Мінску гэты спектакль ставіла Таццяна Ларына. Ускосным вынікам такога “масіраванага” звароту да сучаснай беларускай драматургіі можна лічыць і ваш спектакль на камернай сцэне “Гэта ўсё яна”, пастаўлены Сяргеем Карбоўскім паводле п’есы Андрэя Іванова, ужо добра вядомай у нас і ў замежжы. Нарэшце, ваша зусім нядаўняя прэм’ера — “Кропкі на часавай восі” Дзмітрыя Багаслаўскага…

— Спектакль з’явіўся ў гэтым сезоне, акурат напярэдадні фестывалю. Паставіла яго Таццяна Траяновіч — кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Трэба было бачыць, з якой зацікаўленасцю і энтузіязмам працавала трупа, як гарэлі вочы артыстаў. Вельмі спадзяюся, што пастаноўка не “згубіцца” сярод багатай фестывальнай афішы, звярне на сябе ўвагу гасцей, журы, крытыкаў.

— Ужо сама назва асацыюецца з нейкай новай кропкай адліку, пачаткам новага перыяду ў жыцці і творчасці калектыва. Галоўным рэжысёрам вашага тэатра нядаўна быў прызначаны Венедыкт Растрыжэнкаў. На фестывалі, дарэчы, будзе і ягоны спектакль.

— Так, у праграме форуму — “Карона з кахання” паводле п’есы Анатоля Дзялендзіка пра Янку Купалу, пастаўленая ў Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне. Надалей, вядома, будзем чакаць спектакляў Венедыкта Якаўлевіча, прызначаных для нашай трупы. Планаў многа, але не варта абвяшчаць адразу ўсё...

— ...каб не сурочыць! Раскажыце лепей, як фарміравалася праграма форуму? Прыемна, што ў яе патрапілі не толькі сталічныя спектаклі. Дый жанравая палітра даволі шырокая.

— Праграму складала цэлая каманда спецыялістаў. Была створана экспертная камісія, якая і вызначала конкурсныя найменні. Узначаліў такое “папярэдняе журы” заслужаны артыст Беларусі, прафесар, дэкан тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук. Заяўкі на ўдзел даслалі 15 тэатраў краіны, быў прапанаваны 21 спектакль. У выніку абралі дзесяць. Сярод іх — “Кар’ера доктара Рауса” і “Сіндром Медэі” РТБД, “Пясняр” Нацыянальнага тэатра імя Максіма Горкага, два спектаклі абодвух магілёўскіх тэатраў — “Скарына” і “Сіняя-сіняя...”, “Юдзіф” Гродзенскага тэатра лялек, “Тарас на Парнасе” са Слоніма і іншыя.

— Наколькі я ведаю, у адборачным туры не ўдзельнічалі Гродзенскі, Гомельскі, Брэсцкі абласныя тэатры, сталічны ТЮГ, Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы, некаторыя іншыя калектывы.

— Але праца камісіі была накіравана не на геаграфічны фактар, пры якім у праграму павінны былі б увайсці прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, а на ўласна мастацкі, якасны паказальнік. Хацелася, каб глядач убачыў папраўдзе лепшыя пастаноўкі па беларускіх творах. І не толькі айчынныя! Стала ўжо традыцыяй запрашаць да нас замежныя тэатры, дзе пастаўлены п’есы нашых драматургаў. Сёлета на фестывалі можна будзе ўбачыць спектакль са Славакіі — “У вайны не жаночы твар” паводле Святланы Алексіевіч. Планаваўся таксама прыезд Тэатра post з Санкт-Пецярбурга, дзе было пастаўлена “Поле” Паўла Пражко. Мы зрабілі ўсё, што ад нас залежала, і спектакль быў уключаны ў агульную афішу. Але літаральна ў апошні момант пецярбуржцы патэлефанавалі, што прыехаць не змогуць. Шкада, вядома, але і ў цяперашнім выглядзе праграма вельмі насычаная і, хочацца спадзявацца, цікавая. Прычым настолькі, што здатная прыцягнуць увагу і мінчан. Зразумела, некаторыя спектаклі яны могуць паглядзець і на стацыянарных сцэнах. А на некаторыя фестывальныя прагляды, лекцыі, абмеркаванні — прыехаць у Бабруйск. Сапраўды, чаму б і не? Адлегласць невялікая, цягнікі і маршруткі ходзяць рэгулярна, на дарогу патрабуецца не больш за дзве гадзіны. Магчыма, з цягам часу такія наведванні фестывальных спектакляў стануць часткай турыстычных маршрутаў. Тым больш, што сталічныя тэатралы, здараецца, і цяпер прыязджаюць да нас на некаторых гастралёраў.

— Мяркуючы па афішы, гастралёраў ваш тэатр запрашае даволі часта. Гэта не толькі антрэпрызы, але і рэпертуарныя тэатры, разнастайныя канцэртныя праграмы.

— Нядаўна адразу з некалькімі дарослымі і дзіцячымі спектаклямі прыязджалі госці з Кішынёва — Тэатр з вуліцы Ружаў. Часцяком выступаюць мінскія артысты. Той жа “Шлюбны дагавор” з Верай Паляковай у галоўнай ролі — поўны аншлаг!

— Сёлета ваш форум практычна супадае па часе з Міжнародным фестывалем сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. А ў мінулыя гады, памятаю, вы прымалі на сваёй сцэне гасцявыя калектывы з пластычна-танцавальнымі спектаклямі. Былі ў вас і расійскі Тэатр Яўгена Панфілава, і “Кіеў-мадэрн-балет”.

— Горад у нас не такі вялікі, і падобныя гастролі дазваляюць зрабіць яго культурнае жыццё больш разнастайным. Гледачы вельмі рады такім імпрэзам, могуць параўноўваць і розныя калектывы, і ўласна падыходы да тэатральнага мастацтва: у кагосьці — усё цалкам традыцыйнае, у іншых — з “аўтарскімі” пазнакамі, імкненнем рушыць за межы звыклага.

— Розныя тэатральныя эстэтыкі, якія вы згадалі, паўплывалі і на фестывальную праграму. У прыватнасці, конкурсаў сёлета не адзін, а два.

— Сапраўды, конкурс падзелены на два самастойныя спаборніцтвы, прычым з розным складам журы. Адна конкурсная праграма названа “Спектакль тэатра драмы”, журы тут узначальвае старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Аляксей Дудараў. Другая — “Эксперымент”, дзе старшынёй журы прызначаны кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка. Калі ў першую ўвайшлі больш традыцыйныя драматычныя спектаклі, дык другая дазволіла ахапіць і творчыя працы тэатраў лялек, і іншыя сінтэтычныя пастаноўкі.

— А намінацыі?

— Засталіся заўсёднымі. У кожным з конкурсаў будуць вызначаны лепшыя спектаклі, мужчынскія і жаночыя ролі (цэнтральныя і другога плана), лепшыя п’еса, рэжысура, сцэнаграфія. Да таго ж, штодзень запланаваны абмеркаванні прагледжаных спектакляў запрошанымі крытыкамі. Таму можна спадзявацца, што ўсё лепшае і перадавое не застанецца ў ценю, а будзе адзначана.

— Акрамя двух конкурсаў адразу, якія яшчэ цікавосткі чакаюцца?

— Адзін з найбольш перспектыўных кірункаў апошняга часу — развіццё тэатра для самых маленькіх. Лічыце, для немаўлятаў. У Мінску, ведаю, ужо цэлыя фестывалі такія праводзяцца. І мы запрасілі два сталічныя калектывы (бэбі-тэатр “Бусы” і праект “Казачкі бай” Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва), якія выступяць не толькі ў нас, але і ў дзіцячым доме, у школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Такое далучэнне самай рознай юнай аўдыторыі да фестывальнай атмасферы і, шырэй, увогуле да тэатральнага мастацтва — справа вельмі важная і адказная, яна мае сацыяльную накіраванасць. Бо менавіта раннія дзіцячыя ўражанні могуць сфарміраваць прыязнае стаўленне да тэатра і далейшую зацікаўленасць мастацтвам, нацыянальнай культурай. Ці ж не ў гэтым прызначэнне ўсяго фестывалю?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"