Вытрымаць канкурэнцыю з робатам

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Цікава, што ад стварэння электрычнай лямпачкі да яе з’яўлення ў доме прайшло блізу 47 гадоў, тэлевізара — 26 гадоў, а вось інтэрнэтам мы пачалі карыстацца праз 7 гадоў пасля яго вынаходніцтва. Так што найноўшыя тэхналогіі пранікаюць у наша жыццё ўсё хутчэй і хутчэй.

/i/content/pi/cult/665/14727/opt.jpegМенавіта гэта адзначалі многія спікеры Міжнароднай канферэнцыі “Дзелавы інтэрнэт-2017”, што прайшла днямі ў Мінску. Напрыклад, у выступленні намесніка генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях і развіцці партала TUT.BY Ксеніі Івановай прагучала наступная думка: сёлета ўпершыню аперацыйная сістэма Android, якая выкарыстоўваецца ў мабільных тэлефонах, “пабіла” па колькасці карыстальнікаў Windows, усталяваную на звычайных камп’ютарах.

Азначае гэта толькі адно: за мабільным інтэрнэтам, прыкладаннямі, кантэнтам — будучыня, бо ўсяму свету (і беларусам у тым ліку) сёння найбольш цікава глядзець, чытаць, каментаваць і “лайкаць” на экранах смартфонаў, а не камп’ютараў. Таму многія айчынныя і сусветныя кампаніі сыходзяць у мабільны інтэрнэт, адаптуюць свае сайты да смартфонаў, а для ўзаемадзеяння з карыстальнікамі актыўна выкарыстоўваюць мэсэнджары…

Айчынная сфера культуры да падобных інавацый (хаця яны вядомы ў свеце далёка не першы год) не
толькі не гатовая, але пакуль пра іх і не задумваецца. У доказ прывяду толькі дзве лічбы, якія былі агучаны падчас нядаўняга Рэспубліканскага вебінара загадчыцай навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марынай Пшыбытка. Так, на 1 ліпеня бягучага года толькі 56 % публічных бібліятэк Віцебскай і Гомельскай абласцей былі падключаны да інтэрнэту. У астатніх абласцях паказчык крыху больш высокі, а на Гродзеншчыне выхад у Сеціва маюць усе публічныя бібліятэкі. Акрамя таго, на гэтую ж дату ў краіне створаны ўсяго толькі 140 бібліятэчных сайтаў.

Пра бібліятэчныя сайты, адаптаваныя да мабільных карыстальнікаў, пакуль і гаворкі няма: падобных “інавацый” у сферы культуры Беларусі вельмі мала. Не кажучы ўжо пра тое, што ўзаемадзеянне з чытачамі, гледачамі ці слухачамі адбываецца часцей за ўсё не праз мэсэнджары, а праз звычайную электронную пошту (калі яна ўвогуле ёсць). Натуральна, што імгненных адказаў у падобных выпадках чакаць наўрад ці даводзіцца.

Між тым, ужо сёння чат-бот, размешчаны на сайце тэатра ці кінатэатра, можа дапамагчы ў выбары білетаў, параіць лепшыя месцы для тых, хто мае слабы зрок, і нават прапанаваць наведаць іншую пастаноўку ці фільм з улікам зацікаўленасцей карыстальніка. Але ці хутка з’явяцца падобныя прасунутыя тэхналогіі на сайце, скажам, Палескага драматычнага тэатра ў Пінску? Пытанне рытарычнае, бо тэатр пакуль што ўвогуле не мае свайго сайта ў Сеціве, а інфармацыя пра яго дзейнасць змяшчаецца на старонцы ў адной з сацыяльных сетак ды на сайце Пінскага гарвыканкама.

І гэтыя прыклады — не адзінкавыя. Вынікае, што чацвёртая тэхналагічная рэвалюцыя, пра якую так многа казалі падчас “Дзелавога інтэрнэту”, у сферы культуры Беларусі пакуль што яшчэ і не пачалася.

Як адзначаў на форуме дырэктар па маркетынгу адной з кампаній Андрэй Сябрант, галоўны вынік цяперашняй тэхналагічнай рэвалюцыі наступны: інфармацыйныя тэхналогіі сталі аперацыйнымі. Таму сёння машына сама прымае рашэнні за чалавека і амаль не патрабуе для свайго функцыянавання ўдзелу аператараў ці кантралёраў. Адсюль — з’яўленне ў недалёкай будучыні таксі без кіроўцаў, рабатызаваных заводаў без жывых рабочых і знікненне такой прафесіі, як перакладчык. Напрыклад, у мэсэнджары “Скайп” ужо сёння працуе тэхналогія, дзякуючы якой пераклад размовы адбываецца аўтаматычна. Але самае галоўнае, што чалавечы фактар пакуль ніякая чацвёртая тэхналагічная рэвалюцыя яшчэ не адмяніла і наўрад ці адменіць. І бібліятэкары тут могуць быць у авангардзе, бо кожнаму прыемней параіцца наконт новай кнігі з дасведчаным і ўлюбёным у сваю справу спецыялістам, чым з бяздушнай машынай. А ў тыя ўстановы, дзе замест крэатыву пануе прынцып “абы дзень да вечара”, можна і робата паставіць. Усё адно гэтай замены ніхто не заўважыць.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"