Яны ратуюць, а візаві руйнуюць?

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Доўгачаканыя работы па захаванні і аднаўленні нашых замкаў выклікаюць усё новыя ўсплёскі крытыкі з боку неабыякавых прадстаўнікоў грамадскасці.І цяпер праблемная сітуацыя ўзнікла не толькі ў Гродне (пра гэта мы пісалі ў мінулым нумары). На пачатку тыдня наш пастаянны аўтар Зміцер Юркевіч даслаў у рэдакцыю фота, зробленыя ім у мінулую нядзелю ля ўзножжа Навагрудскага замка. Амаль сінхронна яны з’явіліся і ў сацыяльных сетках, нарабіўшы там вэрхалу.

/i/content/pi/cult/665/14726/114.jpgНа фота зафіксаваны часовы вынік правядзення работ па стварэнні дрэнажнай сістэмы — жыццёва неабходных для Замкавай гары, якая ўжо каторы год рызыкуе “спаўзці”. Аднак вырытая экскаватарам траншэя, а таксама выявы знойдзеных непасрэдна ў ёй фрагментаў кафлі і плінты — патэнцыйных археалагічных артэфактаў — абурыла многіх. Узнікла пытанне: чаму такім працам, ды яшчэ і з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі, не папярэднічалі раскопкі на іх участку? Але, як удалося высветліць пры дэталёвым разборы праблемы, усё зусім не так адназначна.

Чарговай медыянагодай для спадчынных баталій стала правядзенне работ на равах пад Замкавай гарой у Навагрудку. Ужо ледзь не з месяц там вядзецца ўладкаванне дрэнажнай сістэмы. Чутно мноства занепакоеных галасоў, што экскаватар дашчэнту руйнуе культурны слой, а на месцы не тое што археалагічных раскопак не праводзіцца, а і нават нагляду навуковага кіраўніка на траншэях не бачна. Больш за тое, аматары спадчыны падчас шпацыраў уздоўж валоў у раскапаным рове быццам знаходзяць археалагічную кераміку, якую будаўнікі проста адкідаюць убок. “К” вырашыла разабрацца, што ж насамрэч адбываецца ля старажытнага замка.

Чаму працы праводзяцца менавіта цяпер і чаму “механізаваным чынам”? Загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама Наталля Жышко тлумачыць, што на Замкавай гары адбываецца толькі пачатковая частка работ па рэалізацыі праекта па ўмацаванні схілаў Навагрудскага замка. Сапраўды, траншэі капаюць экскаватарамі, бо працы вядуцца ў забалочаным месцы, дзе пешшу нават і прайсці даволі цяжка.

/i/content/pi/cult/665/14726/115.jpg— І няма нічога страшнага ў тым, што там працуе экскаватар, бо ажыццяўляецца пастаянны археалагічны нагляд, — дадала яна. — На аб’екце дзяжурыць кандыдат гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі археолаг Андрэй Мяцельскі, камандзіраваны сюды кіраўніцтвам інстытута на ўвесь час правядзення работ. На дадзеным этапе праводзяцца толькі падрыхтоўчыя мерапрыемствы, каб можна было пракласці часовую дарогу для арганізацыі прац па ўмацаванні схілаў Замкавай гары. Асноўныя ж работы, — пракладванне шурфаў і гэтак далей — будуць весціся выключна ўручную.

Як запэўнівае Наталля Жышко, з юрыдычнага пункту гледжання ўсё адбываецца бездакорна: распрацаваная належная дакументацыя, атрыманае яе ўзгадненне — і ніякай самадзейнасці!

— Мы ж разумеем значнасць Навагрудскага замка! — сцвярджае загадчыца сектара культуры. — Андрэй Мяцельскі з першага дня тут прысутнічае, і без ягонага дазволу і кантролю ніхто нічога не робіць. Іншая справа, што яго сапраўды могуць не “вылучыць” на аб’екце сярод будаўнікоў, бо ён не стаіць з плакатам “Я археолаг!”, а працуе.

Легітымнасць дадзеных работ засведчылі і ў Міністэрстве культуры краіны. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аксана Сматрэнка пацвердзіла, што правядзенне мерапрыемстваў па ўмацаванні схілу было ўзгоднена. Аднак аператыўна каментаваць канфліктную сітуацыю яна адмовілася: паводле яе слоў, археалагічны нагляд выходзіць па-за межы кампетэнцыі міністэрства, і таму пытанне варта пераадрасаваць у Інстытут гісторыі НАН Беларусі, які гэты нагляд ажыццяўляе.

Што мы і зрабілі, звярнуўшыся непасрэдна да археолага Андрэя Мяцельскага, які ў момант размовы з карэспандэнтам “К” знаходзіўся ў Мінску, у Інстытуце гісторыі. Магчыма, менавіта ягоны адказ мог бы расставіць кропкі над “і” ды супакоіць грамадскасць. Ды, на вялікі жаль, ад інтэрв’ю ён адмовіўся:

— Вядуцца выключна інжынерныя работы, і я іх каментаваць не буду.

У якасці незалежнага эксперта па гэтай праблеме мы вырашылі запрасіць Ігара Чарняўскага. Выбар невыпадковы. Былы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, з аднаго боку, цудоўна валодае заканадаўчай базай, а з другога — ён сам у мінулым археолаг-практык. Ды і размешчаныя ў інтэрнэце фота суразмоўца, як выявілася, і бачыў, і аналізаваў. Паводле яго слоў, у дадзеным выпадку і сапраўды можна дапусціць, што ў межах выканання работ было дастаткова забяспечыць правядзенне археалагічнага нагляду — без паўнавартасных раскопак:

— Хаця я і не выключаю, што ў пэўных месцах можа патрабавацца закладка асобных дадатковых шурфоў або невялікага раскопу, — дадаў ён. — Думаю, падобнай сітуацыі не ўзнікла б, каб заказчык і мясцовыя органы кіравання падышлі больш прафесійна да арганізацыі работ, зыходзячы хаця б з асаблівасцяў аб’екта. Нічога не перашкаджала яшчэ ўлетку запланаваць і правесці археалагічную практыку студэнтаў аднаго з ВНУ, сумясціўшы, вобразна кажучы, прыемнае з карысным.

Мяркуючы па каментарыях у сацыяльных сетках, у прадстаўнікоў грамадскасці выклікае пытанне не толькі механізаваны працэс капання траншэі, а перадусім сам факт правядзення работ ды іх законнасць, — без папярэдняга археалагічнага даследавання. Маўляў, ці не самаўпраўства гэта мясцовай адміністрацыі? Ігар Чарняўскі тлумачыць, што парадак правядзення работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці і ў зонах яе аховы дастаткова падрабязна прапісаны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь “Аб культуры”:

— Ажыццяўляць земляныя і будаўнічыя мерапрыемствы на аб’ектах спадчыны недапушчальна без удзелу археолагаў. Пры гэтым, характар археалагічных даследаванняў вызначаецца іх кіраўніком сумесна з заказчыкам і з улікам асаблівасцяў аб’екта.

Адпаведна, казаць пра парушэнне заканадаўства ў дадзеным выпадку наўрад ці выпадае — прынамсі, з фармальнага пункту гледжання. Урэшце, мы пацікавіліся і тым, як археолаг ацэньвае патэнцыйную шкоду, прынесеную будаўнічымі работамі без папярэдніх раскопак.

— Дапускаю, што ў межах будаўнічай пляцоўкі можа і не быць культурнага пласта ў класічным яго разуменні, — лічыць Ігар Чарняўскі. — Але
больш дакладна гэта магчыма вызначыць толькі пасля закладкі некалькіх разведвальных шурфоў — што неабходна было зрабіць напярэдадні работ па ўладкаванні дрэнажа і выканання іншых мерапрыемстваў паводле праекта, які распрацаваны інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”. Для гэтага павінна быць падпісаная дамова паміж заказчыкам, а лепш — падраднай арганізацыяй і арганізацыяй археалагічнага профілю — напрыклад, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, кафедрай таго ж Гродзенскага ўніверсітэта або музея, у штаце якіх працуюць кваліфікаваныя археолагі.

Урэшце, дадам колькі слоў ад сябе. Даволі рэгулярна мы звяртаемся да вострых пытанняў барацьбы за беларускую культурную і гістарычную спадчыну. Яшчэ часцей — вяртаемся да тых жа пытанняў, бо, як ні дзіўна, быццам штось робіцца, а быццам і нічога. Тое, што адбываецца з беларускай спадчынай, часам можа нагадаць пазіцыйныя баявыя дзеі — жаўнеры сядзяць у траншэях па розныя бакі ад брустверу. Раз-пораз яны перастрэльваюцца, але ні на сапраўдныя баі, ні на міравую ніхто не ідзе.

Таму на спадчынным фронце без перамен. Розныя бакі адно аднаго не толькі не чуюць, але часта і не спрабуюць пачаць весці дыялог. Аднак пры гэтым голасна лямантуюць, што менавіта яны ратуюць, а візаві — руйнуюць нашы агульныя здабыткі. Толькі на старонках “К” прыкладаў такіх “дыялогаў” можна знайсці мноства…

Выкапаныя экскаватарам каляіны і сапраўды падобныя на вайсковыя траншэі. І перамяніць гэтую сітуацыю можа толькі наладжванне плённага сумоўя паміж усімі зацікаўленымі суб’ектамі: неабыякавымі прадстаўнікамі грамадскасці, мясцовай адміністрацыяй, адказнымі за правядзенне работ. Ды, як мы бачым, гэты дыялог пакуль што калі і атрымліваецца, то не зусім.