Закляты скарб

№ 46 (1329) 17.11.2017 - 26.11.2017 г

Пра Навагрудскі замак мне даводзіцца рэгулярна пісаць цягам гадоў ужо -наццаці. І з кожным разам усё больш складана патлумачыць чытачу, што ж там робіцца. Бо, па шчырасці, не да канца гэта разумею і сам. І справа нават не ў алгарытме канкрэтных даследаванняў альбо работ, якія адбываюцца (або не адбываюцца) на аб’екце. На жаль, неразуменне тут мае куды больш агульны, глабальны характар. Чаму даўнія планы па пераўтварэнні Замкавай гары ў паўнавартасны тураб’ект (які, відавочна, будзе звышзапатрабаваным) так дасюль і не рэалізаваныя? Чаму ў тым месцы час, як кажуць, застыў — у найгоршым сэнсе слова? Нават і не ведаю, што адказаць.

/i/content/pi/cult/665/14725/4-11_opt.jpegЗдавалася б, важнасць гэтага помніка спадчыны сёння ўсведамляюць літаральна ўсе. Яго абрысы — у кожным турыстычным дапаможніку. Думаецца, яны трапілі ў дзясятку самых пазнавальных беларускіх вобразаў. Пра Навагрудскі замак у апошнія гады гаварылі так натхнёна і шмат, што, каб думка, увасобленая ў слове, была сапраўды матэрыяльнай, ён бы закансерваваўся і музеефікаваўся сам па сабе.

На жаль, падобнага не здарылася. Прыкметных воку змен пакуль нягуста. І вочы большасці наведвальнікаў яны зусім не радуюць — вядома, я маю на ўвазе цяперашнія абрысы Касцёльнай вежы. Але мала хто разумее, што ў папроку “Чаму ўсё зроблена не так?” самае хісткае слова — “зроблена”.

У свой час шматгадовы навуковы кіраўнік аб’екта Сяргей Друшчыц (вечная яму памяць) тлумачыў, што каструбаватая канструкцыя — гэта зусім не фінал. Тыя работы былі прызначаныя для выратавання вежы, а зусім не для прыгажосці. У той самы час, іх вынікі можна зрабіць куды больш прывабнымі дзякуючы сродкам дызайну. Але гэтым варта займацца ўжо па завяршэнні ўсяго астатняга: і ўмацавання схілу, і раскрыцця ўтоеных пад зямлёй падмуркаў, і кансервацыі ды частковай рэстаўрацыі Шчытоўкі. Аднак тыя захады (між іншым, не такія ўжо і затратныя) чамусьці ўпарта не робяцца — і бадай у гэтым галоўная праблема. Добра, што хоць сёлета яны скрануліся з мёртвай кропкі — спарадзіўшы, аднак, чарговую канфліктную сітуацыю.

Сапраўды, археалагічную разведку там, напэўна, не лішне было б правесці. З іншага боку, узнікае і такое пытанне: ці трэба сунуць палкі ў гусеніцы экскаватара? Ці мэтазгодна — пры наяўнасці праекта і фінансавання — адкладаць тыя інжынерныя мерапрыемствы на наступны сезон? Спадзеючыся, што і гэтым разам пранясе, што разбуральныя сілы прыроды пачакаюць, і руіны не абрынуцца долу, апярэдзіўшы захады іх ратаўнікоў. Папраўдзе шэкспіраўская дылема.

Не думаю, што тут выпадае кагосьці вінаваціць: ці то мясцовыя ўлады, ці то археолагаў, ці то неабыякавых крытыкаў. На мой сціплы погляд, усе работы, датычныя Навагрудскага замка, маюць дзве
глабальныя праблемы. Першая, і самая важная з іх, — гэта планавасць. Трэба распрацаваць алгарытм і няўхільна яго выконваць, карэктуючы хіба з улікам непрадбачаных абставінаў. Але для гэтага неабходнае найперш стабільнае фінансаванне. Паўтаруся: невялікае, але своечасовае.

Другая праблема ў пэўнай меры вынікае з першай. Гэта галоснасць. Вельмі сумна, калі грамадскасць атрымлівае навіны пра ход складаных работ з пастоў у “Фэйсбуку” — зробленых, як правіла, выпадковымі мінакамі. Упэўнены, што той жа Андрэй Мяцельскі — археолаг вядомы і аўтарытэтны, які не адзін год прысвяціў гэтаму аб’екту — мог бы сваімі каментарыямі ладна суцішыць жарсці. Але, на жаль, многія прафесіяналы пагарджаюць стасункамі з прэсай ды іншымі “прафанамі”. Не надта рупяцца пра належны піяр і мясцовыя ўлады — хаця тут варта адзначыць добрым словам Навагрудскі райвыканкам у асобе Наталлі Жышко, якая заўжды гатовая адказаць на любыя пытанні.

Калі спадарыня Наталля паведаміла, што нядаўна набыла гумовыя боты, бо рэгулярна сама аглядае ваколіцы замка, пачынаеш разумець самае істотнае. Гэты канфлікт (як і ўсе папярэднія) — канфлікт аднадумцаў. Ніхто не спрачаецца, што Навагрудскі замак — сапраўдны наш скарб. Але чаму тады гэты скарб застаецца заклятым?