“Злачынства...” і пакаянне

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Сказаць, што сталічныя тэатралы любяць, калі ў Мінск прыязджаюць нашы тэатры з абласных гарадоў, — гэта значыць не сказаць нічога. Такія гастролі, асабліва калі яны не адна-двухдзённыя, а паўнавартасныя і грунтоўна падрыхтаваныя, выклікаюць у прыхільнікаў тэатральнага мастацтва непадробны інтарэс найперш таму, што даюць магчымасць паглядзець, чым цікавяцца і “дыхаюць” суседзі, нават “пажывіцца” новымі ідэямі і думкамі. Акурат такі інтарэс выклікалі і гастролі Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі, што з 3 па 9 чэрвеня ладзяцца на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Адметнасцю сёлетняга выступлення тэатра на сталічнай сцэне сталася тое, што кожны са спектакляў іграецца ўсяго толькі адзін раз. “К” паведамляла ўжо, што ў гастрольнай афішы брэстаўчан — “Рамэа і Джульета” В.Шэкспіра, “Дон Жуан” Ж.-Б. Мальера, “Крошка” Ж.Летраза, “Вечар” А.Дударава, “Беспарадак класа lux, альбо Скокі з нябожчыкам” Р.Куні, “Рэтра” А.Галіна. Пераважная большасць гэтых пастановак ужо зазнала поспех сярод брэстаўчан, пра што наша газета таксама неаднаразова пісала. А вось у якасці галоўнай “разыначкі” гастролей сталічным тэатралам была прапанавана найновая прэм’ера тэатра — “Злачынства і пакаранне” Ф.Дастаеўскага.
 /i/content/pi/cult/164/1472/Zlachynstva1.jpg
Што і казаць, зала Рускага тэатра была паўнюткая: Дастаеўскі на сучаснай сцэне — госць нячасты, гісторыя ж Раскольнікава на маёй прафесійнай памяці і ўвогуле ўвасабляецца айчыннымі тэатрамі ўпершыню за апошнія некалькі дзесяткаў гадоў. Натуральна, што пільную ўвагу выклікала тое, якім чынам прадстаўлены на сцэне гэты знакаміты раман Дастаеўскага. Як зазначыў рэжысёр спектакля Цімафей Ільеўскі, які сам з’яўляецца і аўтарам інсцэніроўкі, праца над пастаноўкай была карпатлівая і доўжылася больш за год. Прычым да твора Дастаеўскага паставіліся надзвычай паважна: ён стаў не нагодай для ўласных творчых эксперыментаў, а аб’ектам пільнай увагі і глыбокага даследавання. У сцэнічнай адаптацыі Цімафей Ільеўскі пакінуў аўтарскі тэкст максімальна поўным, з захаваннем амаль усіх пабочных ліній. І, як зазначыў ён сам, асноўную ўвагу акцэнтаваў зусім не на тым, што нельга забіваць бабуль. Нашмат больш важным для яго было выяўленне глыбінных, прынцыпова важных і для самога Дастаеўскага, хрысціянскіх матываў, якія за савецкім часам патаналі ў разважаннях іншага кшталту.
Сцэнаграфічнае рашэнне спектакля, прапанаванае Віктарам Лесіным, стварае адчуванне гранічнай нерэальнасці той прасторы, у якой разгортваюцца падзеі, нягледзячы на надзвычайную рэалістычнасць кожнай са сцэнічных дэталей. Пецярбург Дастаеўскага ператвараецца ў чэрава велізарнага напаўрэальнага-напаўмёртвага затопленага гіганцкага карабля-прывіда, своеасаблівага “Лятучага галандца”.
Ды і самі героі час ад часу нагадваюць прывідаў, асабліва калі аказваюцца па той бок дзвярэй-саркафагаў. У сваіх трунах-пакойчыках яны, аднак, працягваюць намагацца не толькі жыць, але і... філасофстваваць кожны на свой лад.
Своеасаблівым камертонам да ўсёй сцэнічнай дзеі становіцца сапраўдны тачыльны станок на авансцэне, на якім у першыя ж хвіліны спектакля вострыцца тая самая сякера. Сапраўдная, вострая, яна ўпіваецца ў калоду так, што ў гледачоў першых радоў па спіне прабягае лёгкі халадок. Неўзабаве гэтых сякер стане ажно тры, і на працягу ўсёй першай дзеі імі не раз будуць зацята і звар’яцела размахваць, бы ў стане афекту.
Зрэшты, сякеры — не адзіны “спецэфект” спектакля: класічнае, вядомае ўсім са школьных часоў забойства старой-працэнтшчцы і яе сястры проста... патанае ў агульным паталагізме існавання персанажаў Дастаеўскага: у дымным, няўцямным чадзе збіліся ў адно п’яніцы, дурні і юродзівыя, тапельцы-самазабойцы, Мармеладаў (Віктар Міхайлаў), які трапіў пад колы... Усё гэта напластоўваецца адно на адно так, што праз некаторы час амаль зусім забываешся на галоўную ахвяру — працэнтшчыцу. Здаецца, адной “раздаўленай вошшу” болей, адной меней — што з таго? Гледзячы на ўвесь гэты Вавілон, які разгортваецца на нашых вачах ва ўсёй сваёй непрыгляднасці, не ўдаецца пазбавіцца адчування таго, што гэткае жыццё папросту заганяе добрага малайца Раскольнікава ў пастку, робячы яго ахвярай абставін. Але ж у Дастаеўскага ён зусім не ахвяра, бо забойства здзяйсняе не з адчаю, не дзеля здабычы кавалка хлеба, а—дзеля эксперыменту. Ён — бы той грэшны анёл, які паспрабаваў скінуць Бога...
 /i/content/pi/cult/164/1472/Zlachynstva2.jpg

Калі ў першай дзеі спектакля рэжысёр заняты задачамі атмасфератворчымі, то пасля антракту яго ўвага цалкам канцэнтруецца на развіцці галоўных персанажаў Дастаеўскага. З іх найбольш яркай і глыбіннай прапрацоўкай вылучаюцца двое: галоўны герой Раскольнікаў у выкананні маладога акцёра тэатра Віктара Піскуна і яго антаганіст-адлюстраванне Свідрыгайлаў, сыграны Міхаілам Мятліцкім. Раскольнікаў у выкананні Віктара Піскуна на працягу ўсяго спектакля не выяўляе практычна аніякіх прыкмет той знакамітай дэградацыі асобы, вядомай усім нам са школьных падручнікаў. Ён — малады чалавек, які ніяк не можа прыйсці да ладу з сабой (а знешні свет да яго не “ліпне”). Здаецца, што з-за сваёй заглыбленасці ва ўласныя думы ён не заўсёды чуе і разумее, што ж адбываецца навокал. Спасцігнуць душу Раскольнікава—вось тая задача, якую ставіць перад акцёрам рэжысёр.
Калі Віктар Піскун на працягу спектакля паступова “выварочвае” патаемныя бакі свайго персанажа, то Міхаіл Мятліцкі, наадварот, не дае нам вызначыцца канчаткова, хто ж перад намі паўстае ў абліччы Свідрыгайлава? Хто перад намі: пасталелы “клон” Раскольнікава, ягоны персаніфікаваны вораг, ці можа— маяк у віры ўсеагульнага бязладдзя і ў пэўным сэнсе арыенцір на будучае? Сцэна Свідрыгайлава з Дуняй (Ірына Пашэчка) надзвычай яскрава выяўляе нам тое, што герой Мятліцкага якраз адзіны, хто, па сутнасці, разумее, адчувае і прымае ўсю дыялектычнасць чалавечай прыроды, дзе разам сужываюцца высокія, шчырыя памкненні і самыя нізкія, брудныя пачуцці. І, па сутнасці, Свідрыгайлаў Міхайлава завяршае той страшэнны “эксперымент”, задуманы Раскольнікавым.
А вось на класічнае пытанне аб тым, ці меў Раскольнікаў права на забойства, рэжысёр падкідвае нам крамольную думку, што герой, па сутнасці... так і не здолеў свядома забіць чалавека. Старую працэнтшчыцу, “вош” — так, прыхлопнуў, а вось Чалавека — сябе — так і не змог! Акурат тут рэжысёр і шукае адказ на пытанне: “Стварэнне я дрыжачае ці права маю?” І адказваючы на яго, Раскольнікаў Віктара Піскуна прыходзіць да глыбіннага разумення: шлях вырошчвання ў сабе ніцшэанскага Звышчалавека не прывядзе да магутнасці і велічы, бо адмаўляючы “сістэму каардынат” акаляючага цябе свету, ты і сам становішся па-за ёю. Шлях да душэўнай велічы, да вяртання самому сабе чалавечага аблічча, па Дастаеўскаму, можа быць толькі адзін— праз усведамленне ўласнай сутнасці “стварэння дрыжачага” і — свядомае, шчырае прыняцце пакаяння. Толькі праз веру “апошнія стануць першымі”. 

Таццяна КОМАНАВА
На здымках: (уверсе) Раскольнікаў — Віктар Піскун;
сцэна са спектакля “Злачынства і пакаранне”.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА