IFMC трыццаты!

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

15 лістапада ўрачыста адкрываецца юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Яго абрэвіятура IFMC добра вядомая ўсяму свету, бо ён першым на тады яшчэ савецкай прасторы пачаў плённа распрацоўваць найноўшыя пластычна-танцавальныя тэндэнцыі, не аспрэчваючы пры гэтым неакласіку.

Невыпадкова ў англамоўнай назве фестывалю, які традыцыйна сумяшчаецца з конкурсам, закладзена слова “мадэрн”. Гэты тэрмін тут разумеюць не толькі як штосьці выключна “мадэрновае”, але і як “мадэрнізаванае”, вітаючы сінтэз мастацтваў.

Сёлета адным з вынікаў такога сінтэзу стане кінастужка “Пасля цябе” — пра артыста балета, які пасля траўмы вяртаецца ў мастацтва і адкрывае ў сабе талент харэографа. У гэтай ролі зняўся славуты Сяргей Бязрукаў, а пластычныя фантазіі героя стварыў сусветна знакаміты Раду Паклітару. Колішні выпускнік нашага Валянціна Елізар’ева, стваральнік і кіраўнік аўтарскага калектыва “Кіеў-мадэрн-балет”, Раду калісьці таксама ўдзельнічаў у віцебскім конкурсе, а цяпер ледзь не штогод уваходзіць у склад журы ці нават яго ўзначальвае. На юбілейным форуме, акрамя згаданага фільма, будуць паказаны два балеты Паклітару: “Доўгі калядны абед” і “Кармэн-TV”. Гасцявая праграма ўключае ў сябе і іншыя спектаклі, сярод якіх нядаўнія расійскія прэм’еры: “Песні апошняй травы” Сяргея Смірнова і яго “Эксцэнтрык-балет” з Екацярынбурга, “Поры года” тэатра “Балет Масква” на аднайменны цыкл кампазітара Уладзіміра Мартынава, дзе прыродныя з’явы асацыююцца з мастацкімі эпохамі, перададзенымі праз музычныя цытаты. Асобны канцэрт складуць выступленні пераможцаў мінулых гадоў.

Ды ўсё ж у цэнтры IFMC, паводле традыцыі, апынецца конкурс. Сёлета ён будзе нацыянальным, бо чаргуецца з міжнародным. Акрамя заўсёдных прэмій ды прызоў, да юбілею была заснавана Спецыяльная ўзнагарода “За значны ўнёсак у развіццё сучаснай харэаграфіі і асабісты ўклад у развіццё Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску”. Імёны ўсіх лаўрэатаў стануць вядомы на заключным гала-канцэрце 19 лістапада.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"