15 фільмаў у год — ужо не міф!

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Гэты тыдзень стаў багатым на падзеі кіно. Акурат у той дзень, калі завяршаўся Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” разам з міністрам культуры краіны Юрыем Бондарам генеральны дырэктар Ігар Поршнеў і мастацкі кіраўнік Вячаслаў Нікіфараў правялі экскурсію па адноўленай кінафабрыцы.

/i/content/pi/cult/664/14714/KULTURA-obl-45-2017-S.jpg

/i/content/pi/cult/664/14714/_MG_6572-S.jpg

Падчас першай экскурсіі па кінастудыі.

Падчас капітальнага рамонту быў прыведзены ў парадак не толькі сам гістарычны будынак “Беларусьфільма”, але і пабудаваны новы вытворчы комплекс з двума павільёнамі — па 100 квадратных метраў кожны.

Як адзначыў Юрый Бондар, дзякуючы рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі, ужо ў наступным годзе плануецца нарасціць аб’ёмы фільмавытворчасці:

— Я магу вызначыць тры шляхі, па якіх можна пайсці, каб дасягнуць нашай мэты. Першы: ствараць нацыянальны прадукт за кошт тых сродкаў, якія будзе выдзяляць Міністэрства культуры. Дарэчы, фінансаванне павялічыцца на 80%. Другі: пачаць сумесную вытворчасць з вядучымі кінакампаніямі іншых краін, і для гэтага будуць створаны зразумелыя і выгадныя ўмовы. Трэці: прадставіць пляцоўкі кінастудыі для тых людзей, якія гатовы здымаць кіно ў нашай краіне.

Па словах міністра культуры, ёсць наступныя пункты, якіх павінна прытрымлівацца ў сваёй рабоце абноўленая кінастудыя: добра працаваць са сцэнарыямі, ствараць якаснае кіно і разумна ацэньваць перспектывы пракату стужак. Усё гэта — “галоўнае сістэмаўтваральнае пытанне”, якое будзе ў полі зроку Міністэрства культуры пастаянна.

Дырэктар “Беларусьфільма” Ігар Поршнеў таксама вылучыў некалькі праблемных пытанняў кінастудыі: “За гэтыя гады рэдакцыйны аддзел значна прасеў. Разам з Вячаславам Нікіфаравым мы хочам аднавіць творчую атмасферу ў калектыве незалежна ад пасады і ўзросту работнікаў”.

На базе Нацыянальнай кінастудыі сумесна з Беларускім саюзам кінематаграфістаў збіраюцца стварыць спецыяльнае творчае аб’яднанне маладых кінематаграфістаў, каб не толькі арганізаваць унікальнае асяроддзе, але і прыцягнуць туды новыя таленты.

На дадзены момант у вытворчасці кінастудыі знаходзіцца 8 неігравых фільмаў, запуск яшчэ 8 запланаваны ў наступным годзе. Наогул, “Беларусьфільм” ставіць перад сабой вялікія планы: магутнасці кінастудыі дазваляюць вырабляць 15 ігравых карцін у год. У хуткім часе кінакампанія павінна прынесці ў Міністэрства культуры план фільмавытворчасці да 2020 года, які, будзем спадзявацца, удасца ўвасобіць у жыццё. І тады тыя тэмпы вытворчасці нацыянальнага кіно, якія раней здаваліся міфічнымі, стануць рэальнасцю.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

/i/content/pi/cult/664/14714/pages-2-3-S.jpg

/i/content/pi/cult/664/14714/_MG_6567-S.jpg

У павільёнах ужо ідзе праца над васьмю неігравымі фільмамі.

Аўтар: Ганна ШАРКО
карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"