Аграгарадок міжваеннага перыяду

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Разам з прыняццем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады на Беларусі ўзнік новы тып паселішчаў — аграгарадок, што характарызуецца як “добраўпарадкаваны населены пункт, у якім створана вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забеспячэння сацыяльных стандартаў насельніцтва”. Між тым, на нашых землях некалі ўжо быў своеасаблівы прэцэдэнт гэтай з’явы, варты асэнсавання і пераймання — прынамсі, з пункту гледжання архітэктуры і горадабудаўніцтва.

/i/content/pi/cult/664/14713/122.jpgПераўтварэнне буйных вёсак у аграгарадкі не толькі ставіла на мэце паляпшэнне жыллёвых умоў і стварэнне лепшай інфраструктуры жыхароў сяла, але і прадугледжвала пэўную ўнутраную каланізацыю, прапануючы месцы ў катэджных пасёлках узамен за ўладкаванне на адпаведную пасаду ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Новае агражыллё павінна было сведчыць пра прэстыжнасць пражывання ў сельскай мясцовасці і забяспечваць яе жыхару ўсе патрэбныя яму побытавыя выгоды, а таксама псіхалагічны камфорт.

Аднак архітэктурная рэалізацыя ідэі выклікала пэўную крытыку з боку навукоўцаў-этнографаў. Атрыманая ў выніку тыпавая забудова, якая распаўсюдзілася па ўсёй краіне, бадай цалкам адмаўляла ідэю традыцыйнай беларускай хаткі — нават праз выкарыстаныя матэрыялы. Узнікненне аднолькавых “аграгламурных” катэджаў з жалезабетоннымі гаспадарчымі прыбудовамі пацягнула за сабой дзіўныя змены ў плане ўспрымання цэласнага вобразу нашых вёсак.

Будаўніцтва тыпавых кварталаў не толькі цягнула за сабою матэрыяльныя страты звыклай вясковай забудовы, якую часцяком прыносілі ў ахвяру як неадпаведную статусу аграгарадка, але таксама і парушэнне традыцыйнай лакальнай планіроўкі. Між тым, для беларуских тэрыторый з’ява каланіяльных тыпавых будынкаў зусім не новая. Мэта папярэднікаў была не надта высакародная, а вось рэалізацыя — даволі ўдалая.

Мэтанакіраваная палітыка паланізацыі “крэсаў усходніх” у міжваенны час прадугледжвала і такую з’яву, як асадніцтва. У этнічна беларускіх і ўкраінскіх рэгіёнах ствараліся калоніі перасяленцаў з уласна польскіх тэрыторый. Свабодныя землі атрымлівалі былыя вайскоўцы, а таксама чыноўнікі і настаўнікі, што прыбывалі сюды на працу. Зразумела, іх трэба было забяспечыць прывабным жытлом. Такую мэту ставіла ўрадавая акцыя па будаўніцтве адмысловых комплексаў — калоній дзяржаўных дамоў.

Не засяроджваючыся на маральнай ацэнцы палітыкі асадніцтва (думаецца, у наш час з гэтым усё зразумела), варта звярнуць увагу на вельмі важную станоўчую рысу. Прынцыповым патрабаваннем да праектаў калоній было гарманічнае іх спалучэнне з існай мясцовай забудовай і адпаведнасць тагачаснаму ўзроўню ўрбаністыкі.

Хаця пры гэтым распрацаваныя праекты грунтаваліся на даследаваннях менавіта польскага стылю. Паводле задумы, калоніі павінны былі адыгрываць і важную прапагандысцкую ролю — садзейнічаць развіццю культуры на “крэсах усходніх” і адлюстроўваць трываласць і стабільнасць новай улады. Аднак апрача ідэалагічных, улічваліся і практычныя патрабаванні: кліматычныя ўмовы і ўжо існае архітэктурнае асяроддзе. Дзеля таго, каб новыя будынкі гарманічна ўпісаліся ў сфармаваную гарадскую забудову, праводзіліся адмысловыя работы на мясцовасці.

Над распрацоўкай праектаў працавалі 14 лепшых польскіх архітэктараў. Імі былі створаны 33 тыпы будынкаў, з якіх 8 драўляных і 25 каменных — дамы для старастаў і баракі для паліцыі. Дзякуючы шчодрай дзяржаўнай падтрымцы, будаўніцтва вялося імкліва. У 1920-я гады на тэрыторыях заходнебеларускіх ваяводстваў бы грыбы пасля дажджу раслі катэджныя пасёлкі для каланістаў: у Браславе, Шаркаўшчыне, Плісе, Глыбокім, Свянцянах, Дунілавічах, Смаргоні, Вілейцы, Пінску, Валожыне, Лідзе, Навагрудку, Стоўбцах, Нясвіжы, Баранавічах, Слоніме, Косаве, Пружанах, Кобрыне, Драгічыне, Пінску, Брэсце, Століне.

Некаторыя з іх захаваліся і да нашых часоў, перажыўшы і антыбеларускую санацыйную палітыку, і саму Другую Рэч Паспалітую. І цяпер гэтыя дамкі ўспрымаюцца не толькі як узор тагачасных стылёвых архітэктурных адметнасцей, але і як добры прыклад забудовы мястэчак і гарадоў. А таксама і сведчанне таго, наколькі мэтазгодна прыцягваць да такіх маштабных ініцыятываў лепшых архітэктараў свайго часу ды шукаць натхненне ў глыбі гісторыі ўласнага дойлідства.

У аснову праектаў дамоў для асаднікаў былі пакладзены закапанскі і дварковы (сядзібны) стылі. Першы з іх быў створаны яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя знакамітым польскім архітэктарам Станіславам Віткевічам. Яго канцэпцыя палягала ў тым, што менавіта той тып народнай забудовы, які захаваўся ў Татрах (назва стылю — ад горада Закапанэ), у старажытнасці была распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Польшчы, аднак з часам яе выцеснілі чужародныя стылі.

Паводле Віткевіча, адметнымі рысамі закапанскага стылю былі адмысловая форма даху і драўляныя арнаментальныя матывы. На аснове народных канструктыўных і вобразных прыёмаў (часам даволі ўтрыраваных) і ствараліся новыя тыпы будынкаў.

Своеасаблівым паслядоўнікам Віткевіча на тэрыторыі Заходняй Беларусі стаў польскі архітэктар Юліюш Клос, які займаў прафесарскую кафедру Віленскага ўніверсітэта. Менавіта ён спрычыніўся да стварэння каланіяльнай забудовы Браслава, якая лічыцца найбольш яскравым узорам стылю на нашых землях. Аднапавярховыя дамкі з высокімі чатырохсхільнымі дахамі і сіметрычнымі франтонамі, аздобленымі салярнымі знакамі, вабяць вока і сёння.

Акрамя раскіданых па Беларусі катэджаў, рысы закапанскага стылю прасочваюцца і ў культавых будынках міжваеннага перыяду. Сярод іх нават праваслаўная царква — у вёсцы Лыскава на Пружаншчыне, у абрысах якой цыбулепадобныя купалы наздзіў гарманічна спалучаюцца з традыцыйным для праектаў Віткевіча нізкім дахам. Адпаведна, прыўнесеныя звонку парасткі прараслі і ў беларускай народнай архітэктуры.

Дварковы стыль меў у якасці ўзору ідэалізаваны вобраз шляхецкай сядзібы, радавога гнязда і выспы культуры, дзе з пакалення ў пакаленне перадаваліся патрыятычныя настроі. Адметнымі рысамі стаў ганак з цаглянымі атынкаванымі калонамі — увесь астатні дом быў драўляны — і чатырохсхільны альбо скошаны дах. Акрамя таго, сам будынак сядзібы меўся патанаць у зеляніне, мець невялічкі парк альбо хаця б алейку. Краявід наогул адыгрываў значную ролю ва ўспрыняцці агульнага віда сядзібы.

Немалую ролю ў развіцці і распаўсюджванні дварковага стылю ў Заходняй Беларусі адыграў і рамантычны флёр, які атачаў нашыя землі яшчэ з часоў Міцкевіча. Дзеянне ў шматлікіх знакавых польскіх і польскамоўных творах адбываецца менавіта ў гэтых мясцінах. І бадай кожны з іх утрымлівае апісанне старадаўняй панскай сядзібы! Таму і нядзіўна, што дварковы стыль асабліва прыжыўся менавіта ў Навагрудку.

Каланіяльная забудова мястэчак і гарадоў Заходняй Беларусі, пры стварэнні якой улічваліся не толькі кліматычныя ўмовы, але і ўжо сфармаванае архітэктурнае асяроддзе, сёння ўжо ўспрымаецца як неад’емная частка нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Больш за тое — як падаецца, яна павінна стаць для сучасных архітэктараў прыкладам таго, як трэба праектаваць і будаваць, захоўваючы гармонію і цэласнасць забудовы населенага пункта. І ў той час, калі нашы вёскі і невялічкія гарады напаўняюцца аднолькавымі безгустоўнымі будынкамі, чый стыль іранічна называюць “аграгламурам”, міжваенны досвед асабліва карысны.

Алена ЖАСТКОВА