Танцы на ўсю акругу

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Паспяховая сельская дыскатэка: міф, які стаўся рэальнасцю
“Добрай ночы, малышы!” Пад гэтую вядомую ўсім калыханку заканчваецца кожны суботні дыскатэчны вечар у вёсцы Плябанаўцы Ваўкавыскага раёна. Каля 200 чалавек разыходзяцца па хатах або раз’язджаюцца на машынах у суседнія вёскі ды гарадскі пасёлак Рось, райцэнтры Ваўкавыск, Масты, Зэльву і нават Гродна. Чым жа вабіць моладзь дыскатэка ў гэтым аддаленым кутку Гродзеншчыны?

/i/content/pi/cult/664/14711/120.jpg400 чалавек: многа ці мала?

Адным словам адказаць на гэтае пытанне цяжкавата, таму пачну па парадку. Напачатку прывяду крыху статыстыкі. На 19 кастрычніка пазабюджэтныя даходы Плябанаўскага ДК Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці склалі прыкладна 22,5 тысячы рублёў. Такім чынам, сярэдні даход сельскага (яшчэ раз гэта падкрэслю!) клуба складае 2 тысячы 367 рублёў штомесяц, а сярэдняя наведвальнасць платнай дыскатэкі — 183 чалавекі.

— Людзей бывае ў нас і болей, — распавёў “К” дырэктар установы Аляксандр Бабін. — Напрыклад, рэкорд майго клуба — каля 400 чалавек у адзін суботні вечар. Але часцей за ўсё бывае 200 — 250 чалавек. Каб крыху зменшыць колькасць удзельнікаў дыскатэчных вечароў, давялося сёлета падняць кошт білетаў — з 2,5 да 3 рублёў. Дзякуючы гэтаму, значна павялічыліся і даходы: на 25 % у параўнанні з мінулым годам.

І яшчэ крыху статыстыкі: на сёння ў суполцы “Плёбы”, створанай у адной з папулярных сацыяльных сетак, зарэгістравалася каля 4 800 удзельнікаў. Тут ладзяцца абмеркаванні трэкаў, што прагучаць на бліжэйшай дыскатэцы, разнастайныя апытанні, а таксама даюцца аб’явы пра культурныя мерапрыемствы, запланаваныя ў клубе.

У сярэдзіне кастрычніка ў суполцы запусцілі апытанку наконт таго, адкуль прыязджаюць наведвальнікі дыскатэк Плябанаўскага СК. Адказы (у апытанні прыняло ўдзел больш за 500 чалавек) размеркаваліся наступным чынам: Ваўкавыскі раён — 58 %, Мастоўскі раён — 18 %, Гродзенскі — 8 %. Таксама сюды едуць з Зэльвенскага, Свіслацкага, Бераставіцкага і іншых раёнаў Беларусі.

Поспех = грошы, атмасфера і псіхалогія

— Мяркую, на поспех нашай дыскатэкі ў першую чаргу ўплывае грашовы фактар, — кажа Аляксандр Бабін. — Лічыце самі: у Ваўкавыску ці Гродне толькі за ўваход на дыскатэку трэба аддаць 8 — 12 рублёў. Плюс трэба набыць ваду, сок, чай — гэта таксама ўляціць у добрую “капейчыну”. У нас жа ўваход каштуе ўсяго 3 рублі. Вось і атрымліваецца, што моладзі лепей прыехаць у вёску на машыне, набыўшы ў складчыну бензін, чым ісці на дыскатэку ў раённым ці абласным цэнтры.

Але ж, натуральна, не ўсё вымяраецца грашыма. Наведванню дыскатэк спрыяюць і разняволеная ды сяброўская атмасфера, створаная загадчыкам клуба, добрая музыка. Пра гэта гавораць у сацсетках многія наведвальнікі дыскатэк у Плябанаўцах.

— Так, добрую атмасферу згадваюць усе наведвальнікі, бо я пастаянна адсочваю сітуацыю падчас дыскатэкі, часам нават “разрульваю” праблемныя моманты яшчэ напачатку, — кажа дырэктар установы. — Тут, як мне падаецца, трэба выкарыстоўваць псіхалагічны падыход, а таксама мець пэўны аўтарытэт сярод моладзі. Як на мой погляд, цалкам слушная думка: каб стаць паспяховым дырэктарам клуба, трэба быць і псіхолагам, і аўтарытэтным лідарам, да слоў якога абавязкова прыслухаюцца, і ісці на кантакт з наведвальнікамі. Бо кожнаму важна адчуваць на дыскатэцы свабоду, радасць ад зносін з іншымі людзьмі, а таксама ўпэўненасць у тым, што твой адпачынак не будзе раптоўна ці гвалтоўна перапынены.

Акрамя таго, не варта забываць: на “раскрутку” сваёй дыскатэкі Аляксандр Бабін аддаў блізу 10 гадоў.

— Спачатку, калі мы развешвалі аб’явы аб дыскатэцы па ўсёй вёсцы, давалі рэкламу ў СМІ і на сайце райвыканкама, некаторыя мне казалі, што паспяховай дыскатэкі на сяле я не ствару, што гэта нейкі міф і недасяжная мара, — успамінае дырэктар СК. — Але мы не апускалі рукі: стварылі групу ў сацыяльнай сетцы, зладзілі пенныя і пенапластныя, рэтра і рок-н-рольныя дыскатэкі, запрасілі дзіджэяў і МС з Ваўкавыска і Гродна, увялі апытанне ў групе наконт рэпертуару (ратацыя плэй-ліста дасягае 30 % ад запланаванага), набылі самую сучасную гукаўзмацняльную і светлавую апаратуру... Такім чынам і “заваявалі” аўдыторыю.

Сёння дыскатэка ў вёсцы Плябанаўцы (дзе, між іншым, пражывае ўсяго 135 чалавек, з іх толькі 15 падлеткаў) прызнана найлепшай у Ваўкавыскім раёне і ўвогуле адной з лепшых у Гродзенскай вобласці. А Аляксандр Бабін атрымаў прызнанне не толькі на раённым і абласным узроўнях, але і на рэспубліканскім. Так, на сёлетнім урачыстым сходзе з нагоды свята работнікаў культуры міністр
культуры Беларусі Юрый Бондар уручыў крэатыўнаму дырэктару Ганаровую грамату Міністэрства культуры краіны.

Праблемы і перспектывы

Але ж не варта думаць, што шлях да паспяховай дыскатэкі на сяле быў абкладзены ружамі. Ёсць, былі і будуць у гэтым кірунку дзейнасці свае “падводныя камяні”.

— Нас фактычна ўжо і закрывалі, абмежаваўшы час правядзення дыскатэк 12 гадзінамі ночы (а не 2 гадзінамі, як цяпер), — кажа Аляксандр Бабін. — Толькі дзякуючы СМІ (у тым ліку і газеце “Культура”), а таксама калектыўнаму звароту мясцовай моладзі да старшыні Гродзенскага аблвыканкама, нам аднавілі рэжым правядзення дыскатэк. Але ж многія праблемныя пытанні ўсё яшчэ засталіся.

Напрыклад, гэта датычыць надзялення залішняй, на думку дырэктара клуба, адказнасцю арганізатараў дыскатэкі, якім даводзіцца самастойна сачыць за наведвальнікамі, за аховай парадку па-за межамі клуба і гэтак далей. А тое, па сутнасці, проста нерэальна, бо ва ўстанове культуры, як вядома, працуе 2 — 3 чалавекі, якія ўсё пракантраляваць не могуць. Лепей, каб гэта рабілі праваахоўныя органы. Хаця сёння ў клубе ўжо ўсталявалі 2 відэакамеры.

— Да таго ж, на маю думку, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры трэба неяк удакладніць пункт 9.2 артыкула 237 (паводле якога прадугледжана не дапускаць асоб у алкагольным ап’яненні на дыскатэчныя мерапрыемствы), — працягвае Аляксандр Бабін, — бо зрабіць сапраўдны медыцынскі агляд наведвальніка клубныя супрацоўнікі проста не ў стане. Акрамя таго, у нас не прадугледжана матэрыяльнага стымулявання за паспяховае правядзенне дыскатэкі, а гэта, натуральна, адбівае ахвоту ў маіх калег змагацца і перамагаць на дыскатэчным полі. І сапраўды, навошта псаваць сабе нервы, калі ніякай узнагароды ад гэтага ты проста не атрымаеш?

Акрамя таго, ёсць і яшчэ адно пытанне, пра якое сёння многія забываюць.

— Я ўжо бачу канкурэнцыю з боку прыватных асоб, якія паспяхова “шчыруюць” на культурнай “дзялянцы”, — кажа Аляксандр Бабін. — Прыкладам, цяпер на Беларусі створаны камерцыйныя гурткі ды калектывы для культурнага абслугоўвання насельніцтва. Вось да нас у клуб прыязджалі артысты Брэсцкага абласнога тэатра, якія працуюць на прыватнай аснове і робяць выдатнае шоу, завітваў лідскі калектыў, што дэманстраваў прыгожае фаер-шоу. Таму цяпер трэба думаць пра тое, якім чынам перахапіць ініцыятыву ў прыватнікаў. А мы часта проста плывём па цячэнні, сядзім і думаем: як жа зарабіць, скажам, 10 тысяч рублёў на год? А вось якім чынам: ствараючы запатрабаваны прадукт. Людзі сёння, як і заўжды, хочуць відовішча. Варта толькі ўмець яго паказаць — і поспех будзе забяспечаны.

Шлях — на перспектыву

Як кажа Аляксандр Бабін, яму не хацелася б, каб Плябанаўцы асацыяваліся толькі з дыскатэкамі. Таму сёння ён шукае новыя формы работы з наведвальнікамі.

— Так, нядаўна мы пачалі працаваць з дзіцячымі аніматарамі, якія прыязджаюць да нас з розных куткоў Гродзеншчыны, — кажа дырэктар СК. — Ладзім бясплатныя гульнёвыя праграмы для ўсіх ахвотных (да нас вельмі часта едуць бацькі з дзецьмі з Ваўкавыска), запрашаем на іх артыстаў, якія ператвараюцца ў клоўнаў, піратаў, казачных герояў. Аншлаг у нас на гэтых мерапрыемствах бывае заўсёды.

Акрамя таго, ужо 4 разы ў Плябанаўцах праходзіла “Свята Лета” — своеасаблівае бясплатнае культурнае мерапрыемства для жыхароў вёскі і наваколля. На свяце выступалі ўдзельнікі тэлепраекта “Ведай нашых” з Гродна, лаўрэат Міжнародных конкурсаў, пастаянны ўдзельнік фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” Аляксандр Варанішча, удзельнік тэлешоу “Фактар смеху” на тэлеканале АНТ Дзмітрый Буланаў і многія іншыя славутыя артысты ды калектывы.

Ёсць у Аляксандра Бабіна і іншыя планы, якія датычаць матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, наведвальнікі дыскатэк скардзяцца на тое, што ў Плябанаўцах ім не хапае вялікага памяшкання, гардэроба, прыбіральні і бара, выказваюць меркаванне пра тое, што няблага было б зрабіць рамонт у клубе, а яшчэ — паставіць туды кандыцыянеры, бо летам ладзіць танцы ў задушлівай атмасферы закрытага памяшкання проста немагчыма.

— Кандыцыянеры нам абяцалі ў хуткім часе паставіць, — кажа кіраўнік СК. — А вось наконт усяго астатняга ёсць пэўныя праблемы. Будзем іх паступова вырашаць. Галоўнае — каб нам не перашкаджалі. А мы ўжо самі зробім усё неабходнае.

Што ж, бадай, дзеяслоў “не перашкаджаць” напрыканцы гэтай гутаркі сапраўды дарэчы. А яшчэ, едучы з Плябанаўцаў у Мінск, я задаваў сабе толькі адно пытанне: чаму на Беларусі так многа інертных клубнікаў, для якіх уся праца зводзіцца адно толькі да традыцыйных формаў работы і якія дзейнічаюць па прынцыпе “адчыніў-зачыніў” дзверы? Чаму клубныя работнікі, маючы сёння так шмат магчымасцей, уключаючы і найноўшыя камп’ютарныя тэхналогіі, не робяць так, як, прыкладам, дырэктар Плябанаўскага СК Аляксандр Бабін? Чаму не пераймаюць вопыт сваіх калег з іншых рэгіёнаў? У мяне на гэтыя пытанні адказаў за ўсю доўгую дарогу да Мінска так і не ўзнікла. Можа, яны ёсць у вас, шаноўныя чытачы?

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"