Пра кузню кадраў і “Прамень” кінасвятла

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

У Рагачове поле для творчых эксперыментаў ёсць, нават для “прасунутых неандэртальцаў”
Здавалася б, ужо настолькі тоўстая мая скура, столькі пабачылі ў жыцці мае вочы, з якімі толькі людзьмі і пра што толькі ні гутарыў я ў розных мясцінах, а вось… зачапіла мяне нешта ў Рагачове! Быццам бы і нічым сенсацыйным горад мяне не ўразіў, ніякіх неймаверных сустрэч не прапанаваў, пранізлівых прызнанняў не паднёс, а, ідзі ж ты, сістэма мая нервовая трохі ўскалыхнулася. І пакуль я буду гадаць над прычынай таго, што здарылася, вам прапануецца экспрэс-тур па Рагачове з Дзмітрыем Галавачом — мясцовым фота- і відэёграфам, музыкантам гурта TOR.

/i/content/pi/cult/664/14707/117.jpg“...дзе гэты дом?..”

З усіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць пры Гарадскім доме культуры, яго дырэктар Наталля Дзегялевiч асабліва адзначае наступных перадавікоў: заслужаны аматарскі калектыў “Добры вечар”, народны тэатр (існуе ўжо 55 гадоў!), народны тэатр “Мэтр”, народны вакальны ансамбль “Экспромт”, народны клуб народнай песні “Спеўныя сэрцы” (узрост яго ўдзельнікаў — ад 60 і старэй).

Наогул, фарміраванням ГДК дазволена ўсё — у рамках разумнага, зразумела, хаця яны ў дадзеным выпадку даволі шырокія. Асноўны творчы прынцып у працы Наталлі Васільеўны — прапануйце, спрабуйце, адважвайцеся, эксперыментуйце, рэалізуйце.

— Не чакайце ўказанняў, не сядзіце на месцы, нараджайце новыя ідэі, — агучвае яна сваё крэда. — А калі здарыцца няўдача — у ёй буду вінаватая перш за ўсё я. Перамога ж падштурхне людзей на чарговыя здзяйсненні.

Урэшце, у ГДК наладжаныя шчыльныя сувязі з абодвума гомельскімі і бабруйскім тэатрамі і абласной філармоніяй. Адпаведна, жыхары Рагачова забяспечаны і прывазнымі пастаноўкамі, і канцэртамі.

— Ведаеце, што мяне выводзіць з сябе? — нечакана пытаецца спадарыня Дзегялевiч. — Мы працуем з радасцю, з энтузіязмам, з усіх сіл, часам без выхадных, досыць агрэсіўна рэкламуем мерапрыемствы і гурткі, але, аказваецца, у горадзе ёсць тыя, хто пра ГДК нават ніколі не чуў! Хто наогул адарваны ад культуры, каму яна не патрэбна, а калі патрэбна, то ў выглядзе нізкаякаснага гумару.

Ніколькі не абараняючы гэтых грамадзян ад Наталлі Васільеўны, адкажу ёй за іх крылатай фразай з фільма “Бумер”: “Не мы такія, жыццё такое”. Некаторыя людзі думаюць адно пра тое, як здабыць хлеб надзённы — і не толькі ў Рагачове. Тут, дарэчы, трэба аддаць належнае дырэктару, якая зарабляе грошы, умела балансуючы паміж пракатам высокага мастацтва і, да прыкладу, бяспройгрышнай антрэпрызай.

— Хтосьці сказаў пра наш Дом культуры так: кузня кадраў, — мяняе тэму Наталля Дзегялевiч. — І гэта праўда: колькі выхадцаў з яго працуе ў іншых установах культуры горада, у раённых, абласных, па краіне! Мне нашы “выпускнікі” неаднаразова распавядалі, што пры прыёме іх на новую працу “пакупнік” рэагаваў прыблізна аднолькава: “З рагачоўскага ДК? Бярэм адразу!”

А з маладымі спецыялістамі, якія прыходзілі ў ГДК за апошнія гады, дырэктару шанцавала не заўсёды: ёй даводзіцца не проста давучваць іх, што ўвогуле нармальна, а часам і літаральна перавучваць — а гэта кажа ўжо пра ўзровень падрыхтоўкі ў навучальных установах. І не заўсёды, прызнаецца Наталля Васільеўна, атрымоўваецца чалавека перарабіць. Сярод іншых яе клопатаў — неабходнасць рамонту будынка, які апошнім разам абнаўляўся 13 гадоў таму, дый тое часткова, а таксама пера- і даабсталявання сваёй установы.

Каментарый Дзмітрыя ГАЛАВАЧА:

— У ГДК дыскатэкі з розных прычын сталі праводзіцца радзей. Я згодны, што гэтая форма адпачынку ў цэлым у Беларусі карыстаецца ўсё меншым попытам. Але калі ў Рагачове на яе зусім махнуць рукой, то моладзь, не ўключаную хоць у якое культурнае жыццё (а такой навалам), мы дакладна пакінем сам-насам з сацыяльнымі сеткамі. І якой яна тады выйдзе (і ўжо выходзіць) у рэальнае жыццё? Ні бэ, ні мэ — “прасунутымі неандэртальцамі” нейкімі. А танцавальныя вечары прадстаўляюць магчымасць юнакам і дзяўчатам непасрэдна кантактаваць адзін з адным. Глядзіш, яны потым і ў гурток які-небудзь зойдуць і затрымаюцца ў ім.

“Дапамажыце, людзі добрыя! Самі мы не мясцовыя”

Кіраўніцтва кінатэатра “Прамень” нежартоўна занепакоена: пайшоў адток гледача. Яшчэ амаль год таму ён абслугоўваў і Жлобінскі раён, але пасля таго, як у яго цэнтры аднавіў працу сабрат “Радзіма”, суседзі ў Рагачоў на фільмы масава ездзіць перасталі. Не вабяць іх больш дзве залы з сучаснымі наваротамі — вялікая на дзве сотні месцаў і 3D — на 46.

Намеснік дырэктара “Праменя” Ігар Старасценкаў самакрытычна заўважае, што іх гукавое абсталяванне магло б быць і лепшым, ды і над абнаўленнем інтэр’еру задумацца варта. Кампенсаваць грашовыя страты прызначаныя два бары. Адзін — звычайны — ужо працуе, другі (з прыстаўкай “кіна-“) — у працэсе запуску. Камп’ютарны клуб таксама ўносіць сваю лепту ў пазабюджэтны фінансавы паток установы. Па выхадных моладзь будуць запрашаць і на дыскатэкі. Аэрахакей і гульнявыя аўтаматы раней прыносілі прыбытак, але не ў такіх аб’ёмах, каб апраўдваць сваё існаванне, таму іх аднойчы і “аптымізавалі”.

— Вось шмат хто кажа: маўляў, у кіно не ходзяць таму, што глядзець няма чаго, — уступае ў гутарку рэдактар рэпертуарнага планавання “Праменя” Марына Саўкова. — І я з імі салідарная: новая фантастыка падобная на старую, свежая драма — на папярэднюю. Няма нейкага прарыву ў гэтым відзе мастацтва, каб людзі зноў палюбілі яго безаглядна. Тым не менш, выратоўваюць нас менавіта касавыя карціны: пастаў іх хоць пасярод дня — усё роўна глядач прыйдзе.

Адмовіцца ад прахадных стужак у кінатэатры не могуць, паколькі яны ўваходзяць у адзін пакет з фільмамі камерцыйнымі — замежныя дыстрыб’ютары рэалізуюць іх нашым пракатчыкам толькі на такіх умовах. Тыя, каму цяпер 40+, павінны памятаць, як у СССР дэфіцытныя рэчы прадаваліся ў наборы з якім-небудзь шырспажывам, і ніяк інакш. Тут
падобны выпадак.

Пра беларускую кінапрадукцыю прысутныя журботна прамаўчалі хвіліну. Ад Ігара Уладзіміравіча і Марыны Мікалаеўны больш за ўсё імгненняў цішыні дасталася экшэну пра братоў. Перапыніла бязмоўе спадарыня Саўкова, успомніўшы апошні баявік “Сляды на вадзе”, які быў “на ўра” прыняты і дарослымі, і дзецьмі. Сустрэча з яго здымачнай групай таксама выклікала ажыятаж (падобныя і іншыя прэзентацыйныя кінамерапрыемствы ў “Прамені” практыкуюць рэгулярна). Але “Сляды...” — на жаль, выключэнне.

Каментарый Дзмітрыя ГАЛАВАЧА:

— Я памятаю стары “Прамень”. Абноўлены ў параўнанні з ім — казка! Ён стаў значна камфортней, але… чым яшчэ, акрамя як блакбастарам, можна сюды завабіць гледача, асабліва маладога? Дапусцім, антыкафэ, наведвальнікам якога будуць даступны бясплатны “вай-фай” і прапанаваны не вельмі дарагія гарбата з бутэрбродамі. Сцены залаў я б перафарбаваў у больш святочныя колеры, у першую чаргу гэта тычыцца малой (і пуфікi ў ёй жа ўсталяваў бы).

Наогул, на мой погляд, многія беды “культурнага Рагачова” заключаюцца ў тым, што старымі метадамі, якія ўсё яшчэ практыкуюцца ў некаторых яго ўстановах, апрыёры немагчыма прыцягнуць мала- і неактыўную ў кантэксце культуры частку моладзі ў гэтую сферу. Для пачатку я б навучыўся размаўляць на яе мове, аж да слэнгу, зразумець, да чаго яна імкнецца, што яе турбуе. І вось так паступова, не спяшаючыся, паспрабаваў бы выбудаваць з ёй дыялог. Не думаю, што яна так ужо крытычна індыферэнтная да культуры роднага горада.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"