Атэлье па канструяванні спектакляў

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Традыцыйна пасля прагляду спектакля крытыкі задаюцца пытаннем, чаму рэжысёр абраў для пастаноўкі менавіта гэтую п’есу. Звычайна тут пачынаюць разважаць пра суадноснасць з сучаснасцю, рэжысёрскую звышідэю і гэтак далей. Але апошнім часам размова паварочваецца ў бок “навошта?”, бо ў свеце канструкцый некаторых сучасных сцэнічных дзеянняў прозвішча драматурга ў афішы выглядае хутчэй данінай традыцыям.

/i/content/pi/cult/664/14704/114.jpgАпошняя прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага — паводле Булгакава. Імя Міхаіла Афанасьевіча па-ранейшаму прыцягвае магнітам натоўпы тэатралаў. І няхай аднаго яно заваблівае веліччу класікі, другіх — флёрам былой забароны, трэціх — загадкавасцю містыкі, у любым выпадку тэатральныя касіры застануцца задаволенымі. А вось гледачы… Што рабіць, калі Булгакава, з яго занурваннем у паднаготную ўчынкаў чалавека, далей назвы практычна не бачна?

“Зойкіну кватэру” ў НАДТ імя Максіма Горкага прывёз выпускнік ГИТИСа Павел Пронін. Малады маскоўскі рэжысёр прапанаваў беларусам некалькі варыянтаў, выбар спыніўся на дадзенай п’есе. Як пазначана на афіцыйным сайце тэатра, спектакль узнік у рамках праекта “Рускі след”. Гэтая праграма супрацоўніцтва з'явілася пры падтрымцы Расійскага дзяржаўнага тэатральнага агенцтва. Яна ладзіцца пад патранатам заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі, прафесара, тэатральнага прадзюсара і менеджара Давіда Смялянскага. Адпаведна задуме, выпускнікоў тамтэйшых тэатральных ВНУ выпраўляюць ставіць рускую класіку ў краінах бліжэйшага замежжа.

Сцэнаграфію і касцюмы для мінскага спектакля стварала мастак Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя Уладзіміра Маякоўскага Ганна Румянцава. Колішняя выпускніца ГИТИСа дзёрзка разрэзала сцэну на два трохкутнікі. Меншы па памеры хаатычна застаўлены мэбляй, праз якую перыядычна праходзяць другарадныя героі. У супрацьлегласць гэтаму выкананаму наўмысна ў цёмных адценнях закутку, што нагадвае камуналку — велізарны прасторны белы трохкутнік Зойкінай кватэры. Узняты пандусам, ён не проста ўзвышаецца над новым светам пераможных Саветаў (у касцюмах дакладна прасочваюцца 1920 — 1930-я гады — час напісання п’есы), а яшчэ хавае нямала сакрэтаў: з роўнядзі падлогі перыядычна вымаюцца кубы, ператвараючыся то ў сталы для швачак, то ва ўзвышэнне для спакуслівых танцаў (ладна пастаўленых харэографам Вольгай Скварцовай) мадэляў з атэлье, то ў сховы ад караючых органаў. Шкада, што шыкоўныя візуальныя знаходкі мастака не былі ў поўнай меры абыграны рэжысёрам, прынамсі, так і засталося незразумелым прызначэнне “цёмнай” паловы сцэны.

/i/content/pi/cult/664/14704/115.jpgУ прапанаваных інтэр’ерах спадар Пронін прачытвае папулярную п’есу Булгакава як заліхвацкую буфанаду, дадаючы да класічнага тэксту модны трэнд а-ля мюзікл: падборку песень тых гадоў у акапэльным выкананні. Ён разварочвае авантурную гісторыю хвэцкай і нават хамаватай Зоі Пельц (заслужаная артыстка Беларусі Аксана Лясная), якая разам з харызматычным круцялём Амяціставым (Уладзімір Глотаў) і былым графам, каханкам Зоі Паўлам Абальянінавым (заслужаны артыст Беларусі Сяргей Чэкерэс) пад прыкрыццём атэлье арганізуе ў сябе на кватэры публічны дом. Напрыканцы ўсё заканчваецца трупам і раскрыццём заганнага месца, аднак да сумнага (ці наадварот?) фіналу рэжысёр паспявае зладзіць мора мізансцэн для ўвесялення публікі.

Напрыклад, ён ідзе правераным многімі шляхам: пераапранае мужчын у жаночую вопратку, прычым усіх без разбору. У спіс трапляюць і швачка атэлье, і хадакі, якія хочуць туды ўладкавацца на працу. А каб замацаваць смешны эфект, у трансвестыта ператвараецца Мымра — адна з танцоўшчыц дома спатканняў (якую Булгакаў напрыканцы сваёй п’есы назваў Наташкай — хочацца верыць, што хаця б ён не меў на ўвазе мужчыну). І хоць Сяргею Жбанкову атрымалася стварыць з Мымры даволі абаяльны вобраз, пытанне застаецца: ці настолькі ўжо неабходна было для такога, шчыра кажучы, намуліўшага вока прыёму браць булгакаўскую п’есу?

Для забаўляння публікі сцэнічнаму кітайцу Херувіму размалявалі твар пад белую маску з суровымі бровамі. На ім жа апрабавалі зноў-такі папулярны прыём, калі на адной пляцоўцы адначасова адбываецца некалькі не звязаных паміж сабой дзеянняў. Не магу сказаць, што гэтым разам ход атрымаўся: дыялог Херувіма з пакаёўкай Манюшкай занадта моцна накладваўся на размову галоўных герояў, прымушаючы акцёраў перакрыкваць адзін аднаго, з-за чаго гледачам было цяжка разабраць як адну, так і другую гутарку.

Крытык Таццяна Арлова калісьці агучвала канцэпцыю мадэлявання тэатральнага спектакля. Падаецца, “Зойкіна кватэра” якраз такі канструктар з папулярных прыёмаў, якія можна збіраць у нізку, пераносячы на любы літаратурны матэрыял. Вось толькі за ўсім гэтым губляюцца булгакаўскія алюзіі і застаюцца незапатрабаванымі падтэксты, што звязваюць п’есу мінулага стагоддзя з нашым часам… Можа таму і дваранін Абальянінаў, які, па адным са смелых літаратурных меркаванняў, натхніў Ільфа і Пятрова на вобраз Кісы Вараб’янінава, у дадзенай сцэнічнай версіі хутка пераходзіць амаль што ў другарадныя персанажы. За буфанадай губляюцца прычыны ўчынкаў герояў, таму становяцца незразумелымі наступствы, ды ў поўнай цішыні глядзельнай залы тонуць знакавыя булгакаўскія цытаты. Нават фінальныя словы Зоі “Бывай, бывай, мая кватэра!” на прэм’еры выглядалі хутчэй ледзь не забытай рэплікай, чым рэквіемам па надзеі.

Міхаіл Булгакаў назваў “Зойкіну кватэру” трагічным фарсам. Многія бачаць у гэтым тэксце горыч немагчымасці ўпісацца чалавеку адной эпохі ў новыя правілы жыцця. Нехта аплаквае каханне, якое падштурхоўвае да агідных рэчаў. Маўляў, Зоя стварае на сваёй кватэры публічны дом, бо ёй гэта падаецца адзінай магчымасцю выратаваць каханага мужчыну, хутка завесці патрэбныя сувязі і назбіраць грошы, каб набыць візы і вывезці яго ў Парыж. Хтосьці вычытвае ў п’есе думку пра тое, што ні адна мэта не можа быць апраўданнем амаральных сродкаў.

Рэжысёр Павел Пронін адмовіўся ад складанасцяў трагедыі, пазначыўшы жанр спектакля, як “камедыю няспраўджаных надзей”. Шкада, але праз шматлікія акцёрскія гэгі і рэжысёрскі сцёб тыя надзеі не змаглі прабіцца, таму няспраўджанасць (не гаворачы пра занурэнне ў развагі “чаму?”, “з-за чаго?” і “ці магло быць па-іншаму?”) засталася неадчувальнай. Магчыма, сказалася нервовасць прэм’ернага паказу…

Фота Настассі ТАРАЧЭНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"