Новыя баталіі вакол Старога замка

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

У адрозненне ад колішніх сталіц Рэчы Паспалітай Вільні і Варшавы, у беларускім Гродне захавалася аўтэнтычная каралеўская рэзідэнцыя. Гэта Стары замак, пабудаваны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Стэфаніем Баторыем, вядомым на нашых землях таксама як Сцяпан Батура. Што праўда, лёс знакавага помніка спадчыны быў складаны і застаецца такім дасюль. Астатні значны рамонт там меў месца яшчэ ў 1950-я гады. Адпаведна, даўно прыспеў час аднаўленчых работ. І хто б мог падумаць, што іх доўгачаканы пачатак абудзіць такія жарсці.

/i/content/pi/cult/664/14700/111.jpg

Па слядах Санці Гучы

Сам па сабе Стары замак значна больш старадаўні за часы Баторыя. Першая яго “версія” з’явілася яшчэ ў ХІ стагоддзі. Але менавіта пры нашчадку трансільванскіх ваяводаў, абраным у 1575 годзе каралём польскім і вялікім князем літоўскім, замак дасягнуў піку сваёй велічнасці. Баторый перанёс сюды сваю афіцыйную рэзідэнцыю, і Гродна на пэўны час зрабілася сталіцай адной з самых вялікіх і магутных дзяржаў Еўропы.

Менавіта плён работы ці то італьянскага архітэктара Санці Гучы, ці то Скоты з Пармы і задумана аднавіць паводле праекта Уладзіміра Бачкова, які не першае дзесяцігоддзе займаецца гэтым помнікам беларускага дойлідства. Аднак рэалізацыя архітэктурных напрацовак усё адкладалася і адкладалася.

Неабходнасць рамонтнага ўмяшальніцтва ў замку відаць няўзброеным вокам. Яшчэ ў 2014 годзе там правалілася падлога. Відаць, гэта і было тым знакам, што далей пераносіць рэстаўрацыю — чытай, неадкладнае ратаванне — болей няма куды. І вось, сёлета прыпыненыя праз брак фінансаў работы нарэшце аднавіліся — што адразу выклікала крытыку ў адрас Уладзіміра Бачкова.

У сваіх шматлікіх публікацыях і каментарыях малады гісторык Мікола Волкаў указвае на шэраг неадпаведнасцяў прапанаванага рашэння рэальнаму гістарычнаму абліччу помніка беларускага дойлідства. Чутны галасы, што рэстаўрацыя замка — гэта адкрытая фальсіфікацыя. Больш за тое, бянтэжыць тая частка праекта, якая прадугледжвае “знішчэнне” іншых гістарычных пластоў аўтэнтычнай архітэктуры, што не адпавядаюць часам Баторыя, але ж не менш важныя для мінуўшчыны і самога
замка, і Гродна. Пры гэтым плануецца дабудаваць новыя аб’ёмы, гістарычная абгрунтаванасць якіх выклікае больш чым апраўданыя сумневы. Да ўсяго, Бачкову прыгадалі і мінулыя грахі: менавіта ён у свой час ініцыяваў з’яўленне ў Нясвіжы “няправільнага” завяршэння вежы, якое потым давялося мяняць.

Не так даўно навуковым кіраўніком стаў галоўны архітэктар праекта інстытута Гроднаграмадзянпраект Алег Шымбарэцкі. Ён добра знаёмы з творчасцю Гучы, вывучаў яго спадчыну ў Польшчы. Аднак на ход падзей гэтае прызначэнне асабліва паўплываць не павінна.

— Малаверагодна, што сама па сабе змена навуковага кіраўніка дасць нейкі плён, — сцвярджае Мікола Волкаў. — Тым больш, праект ужо зацверджаны і, галоўнае, на яго распрацоўку былі выдаткаваныя велічэзныя грошы.

І сапраўды, Алега Шымбарэцкага можна назваць паплечнікам Уладзіміра Бачкова: ён працяглы тэрмін працаваў з ім разам і падзяляе яго погляды.

— Я як навуковы кіраўнік працягваю рэалізацыю праекта свайго папярэдніка. — кажа ён. — Вядома, у мяне ёсць сваё разуменне некаторых асобных элементаў, фрагментаў і дэталяў, але саму ідэалогію я не маю права змяняць.

Аднак ці ўсё так дрэнна і адназначна? Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (а менавіта ён з’яўляецца “гаспадаром” замка) Юрый Кітурка лічыць, што наўрад ці варта згушчаць фарбы:

— Я таксама не ва ўсім быў згодны з пазіцыяй Уладзіміра Бачкова, але чым больш паглыбляюся ў тэму — і ў працэс распрацоўкі, і ў рэалізацыю рэстаўрацыйнага праекта, — тым больш яе прымаю. Вельмі цяжка знайсці годную альтэрнатыву гэтым прапановам. Але і аргументы, якія выказваліся супраць зацверджанага праекта, тыя ж заўвагі Міколы Волкава, таксама маюць права на існаванне. Іншая справа, што і ў аднаго боку, і ў другога ёсць як свае довады, так і свае хібы. Бо тых крыніц, якія мы маем на сёння — і археалагічных, і архіўных — недастаткова для таго, каб з пэўнасцю сцвярджаць, якім у той час быў замак.

Па словах дырэктара, архіўныя крыніцы, да якіх звяртаецца Мікола Волкаў, недасканалыя і невычарпальныя. Дакладна рэканструяваць “як усё было” па такіх апісаннях надзвычай складана. Да ўсяго, у 2014 — 2015 гадах у замку знялі тынкоўку, што дало магчымасць правесці грунтоўную даследчую работу. І яе вынікі пацвердзілі: Бачкоў у сваім праекце сапраўды “ішоў па слядах” Санці Гучы.

— Зыходзячы з майго разумення рэалізацыі замка ў часы Стэфанія Баторыя, я не маю сур’ёзных крытычных заўваг да праекта, — дадае дырэктар музея, — хаця ў мяне і ёсць сваё меркаванне па асобных знойдзеных артэфактах, канструктыўных падыходах і выкананнях, па рэалізацыі пэўных элементаў вонкавага выгляду і габарытных памераў. Ёсць моманты, якія выклікаюць сумневы і ў мяне, і ў гісторыкаў, і ў археолагаў.

Да ўсяго, як падкрэслівае Алег Шымбарэцкі, праект рэканструкцыі і ўзнаўлення Старога замка несупынна дапрацоўваўся з улікам усіх новых звестак — напрыклад, археалагічных даследаванняў:

— Уладзімір Бачкоў пастаянна карэктаваў і змяняў свой першапачатковы эскіз. Той варыянт, які калісьці выстаўляўся ў выглядзе “карцінак”, спазнаў вельмі істотныя карэкціроўкі.

З іншага боку, як адзначае Мікола Волкаў, мы не ведаем усіх гэтых змяненняў, таму не можам і абгрунтавана прыняць або крытыкаваць цяперашні выгляд праекта. На думку гісторыка, уся праблема ў тым, што гэтыя “дапрацоўкі” адбываюцца, абмяркоўваюцца і зацвярджаюцца кулуарна. Як ні дзіўна, пра тое самае казаў і яго апанент — сам Алег Шымбарэцкі:

— Калі паўстала пытанне пра ўзнаўленне работ на Старым замку, мы прайшлі экспертызу, і паводле заўваг былі ўнесеныя змяненні, часам даволі значныя — у плане выкарыстання матэрыялаў, падыходу да афармлення… Таму на сёння рабочая дакументацыя па першай чарзе рэстаўрацыйных работ на Старым замку, выкананая ў адпаведнасці з канцэпцыяй Уладзіміра Бачкова, адрозніваецца ад усіх выяваў і макетаў, якія ёсць у шырокім доступе. Гэтая дакументацыя з’яўляецца ўласнасцю заказчыка — галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, — і дэталёва, на жаль, пакуль не публікавалася. Толькі ў выглядзе фрагментаў.

“Гістарычна” — паняцце ўмоўнае

Як сцвярджае эксперт Міжнароднай Рады ICOMOS доктар гуманітарных навук Сцяпан Стурэйка, у сітуацыі вакол рэстаўрацыі Старога замка ў Гродне не варта занадта звужаць фокус ці вылучаць толькі пэўныя “асобныя” бакі, нават калі яны і вартыя крытыкі:

— Я б прапаноўваў не разглядаць гэтую рэстаўрацыю выключна праз прызму супрацьстаяння гістарычна — негістарычна, — кажа Сцяпан Стурэйка, — Па-першае, на ўсе сто працэнтаў “гістарычна” наогул не бывае, гэта міф! Па-другое, для мяне спадчына —
перадусім не старыя камяні, але камунікацыя паміж людзьмі, якая мусіць мець месца тут і цяпер. Гродзенскі Стары замак у тым выглядзе, якім мы яго ведаем і хацелі б ведаць у будучыні — як і любая іншая культурная каштоўнасць, — гэта выключна вынік працэсу дамаўлення паміж самымі рознымі зацікаўленымі бакамі: гісторыкамі, грамадствам, уладай, архітэктарамі, музейшчыкамі, мастакамі і гэтак далей. Дык вось, звядзенне камунікацыі да наўпростых апазіцый, як сёння гэта шмат кім прапаноўваецца, і вядзе акурат да паніжэння якасці зносінаў, стварае чарговы канфлікт. Тое, што яму надаецца столькі ўвагі — праява слабасці сацыяльнага праектавання рэстаўрацыі. У нас гэтаму не вучаць, можа, нават і патрэбы не адчуваюць. Вынік навідавоку!

Як тлумачыць Сцяпан Стурэйка, варта нарэшце рэальна вырашыць праблему рэстаўрацыі замка і стварэння музейнага цэнтру на яго базе. Толькі віртуальнымі спрэчкамі гэтага дасягнуць немагчыма — трэба рабіць штосьці канкрэтнае:

— Давайце паглядзім на праблему з іншага боку: амаль трыццаць гадоў цягнецца гэтая гісторыя, і вось нарэшце нешта пачало адбывацца. Даследаванні, археалогія, зандажы, выяўленне жывапісу — усё гэта старая добрая класічная рэстаўрацыя архітэктуры. У Гродне такога вельмі мала, таму можна радавацца, назапашваць вопыт, аналізаваць. Гораду гэта адназначна патрэбна. Я думаю, што працяг даследаванняў дасць яшчэ не адну нагоду для ўдакладнення бягучага праекта. І да іх трэба ставіцца спакойна: такое жыццё.

Каралеўскі пакой — з нуля

У звязку з запланаванай рэстаўрацыяй выклікае занепакоенасць і захаванне арыгінальных камяніц — работы мусяць весціся на небяспечным абрыве. Прыклад блізкай адтуль Каложы, якая ў выніку апаўзання схілу некалі страціла частку сцен і дагэтуль працягвае “спаўзаць” у Нёман, толькі падмацоўвае гэтыя страхі. А ўмацаванне схілу адназначна прывядзе да беззваротнай страты багатага археалагічнага слою.

— Зразумела, што ў тым месцы, дзе вядуцца будаўнічыя работы, парушаецца культурны слой, — тлумачыць Юрый Кітурка. — Пытанне толькі, каб археолагам далі магчымасць папярэдне яго даследаваць. І хаця гэтыя “затрымкі” ў плане фінансаў і часу даволі значна ўскладняюць работу будаўнікоў, у нас дасягнутае пагадненне, што вывучацца мае культурны слой цалкам на глыбіню катлавана і нават болей. Па магчымасці будуць закладзены шурфы ажно да мацерыка.

Згодна з рэстаўрацыйнымі планамі, аблічча замка даволі моцна зменіцца. Натуральна, зменіцца і сама экспазіцыйная плошча размешчанага ў ім музея, і яе напаўненне. Калі цяпер тут выстаўлены артэфакты, якія апавядаюць наведвальніку пра “прыроду і экалогію” і старадаўнюю гісторыю краю, то пасля рэстаўрацыйных работ у гродзенскім музеі плануецца аднаўленне не толькі экстэр’ераў, але таксама і асобных інтэр’ераў замка. Сярод іх — каралеўскія пакоі часоў Стэфана Баторыя. Але вось толькі ці ёсць у музея, чым “напоўніць” гэтыя залы?

— Праект жа так і называецца — рэстаўрацыя з прыстасаваннем пад музей! — кажа Юрый Кітурка. — Пры яго распрацоўцы адразу закладвалася аднаўленне інтэр’ераў — і вежаў, і капліцы, і другога паверха, дзе мусяць размясціцца каралеўская спальня і тронная зала. Гэтая задума вельмі добрая, але, на жаль, аднаўленне інтэр’ераў — справа складаная. Бракуе арыгінальных артэфактаў, таму прыйдзецца ствараць наватворы. Асобныя ж памяшканні будуць прыстасаваныя пад тэматычныя экспазіцыі з нашых фондаў.

Стварэнню новай экспазіцыі не абы-як паспрыяе даследча-рэстаўрацыйны цэнтр, які мае неўзабаве з’явіцца ў структуры музея. Грант на яго стварэнне гродзенцы не так даўно выйгралі ў рамках праграмы транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна” разам са сваім партнёрам — Музеем Падляшша з суседняга Беластока. Значная частка даволі вялікай сумы пойдзе на набыццё дарагога рэстаўрацыйнага абсталявання, маюць быць уладкаваны маразільная і фумігацыйная камеры для абеззаражвання цвілі і знішчэння шкоднікаў. Таксама грошы будуць укладзены ў павышэнне кваліфікацыі супрацоўнікаў. Дый штат рэстаўратараў плануецца павялічыць у паўтара разы. Да таго ж, рэгіянальны цэнтр будзе працаваць з усімі музеямі вобласці. Бо, як вядома, бяда “малых” музеяў — адсутнасць рэстаўратараў у штатах.

Пакуль што ў Старым Замку вядуцца толькі археалагічныя даследаванні і работы першага — падрыхтоўчага — перыяду. Шмат чаго можа быць зроблена альбо не зроблена ўжо зараз, аднак жа асноўныя этапы рэстаўрацыі і аднаўлення калісьці велічнага Старога замка ў Гродне мяркуецца праводзіць пазней. З іншага боку, калі цяпер не закласці адпаведны канцэптуальны вектар развіцця гэтых работ, то надалей іх ход можа быць цалкам непрадказальным. Як і вынік таксама.

Мінск — Гродна — Мінск / Фота аўтара