Гісторыя як набор парадоксаў

№ 45 (1328) 11.11.2017 - 17.11.2017 г

Змешчаная ў мінулым нумары падборка меркаванняў, прысвечаная сучаснаму асэнсаванню савецкай культуры, выклікала ў чытачоў даволі неадназначную рэакцыю. Некаторыя нас нават абвінавачвалі: маўляў, навошта апраўдваць сацрэалізм? Зразумела, такой мэты мы не ставілі, і атрыманая ў выніку сугучнасць думак самых розных паводле ўсіх крытэрыяў творчых асобаў атрымалася ненаўмысна. Хаця, напэўна, яна сведчыць пра вельмі важную тэндэнцыю: стаўленне на набыткаў “тых” часоў ужо куды больш спакойнае, узважанае і пераборлівае, чым было яшчэ дзесяцігоддзе таму.

/i/content/pi/cult/664/14699/4-11_opt.jpegПрызнацца, тое пытанне доўгі час здавалася складаным і для мяне. З аднаго боку, я заўсёды любіў і праспект і, скажам, тую ж Асмалоўку. З іншага, слова “сталінка” не магло выклікаць у мяне прыемных эмоцый ужо апрыёры. Тым больш, пра повязь паміж ідэалогіяй і архітэктурай у дадзеным выпадку лішне нават казаць.

Але аднойчы мне давялося транзітам патрапіць у Вену і прабадзяцца там цэлую ноч. Вена некалі была сталіцай вялізнай і амбіцыйнай імперыі, а стала цэнтрам маленькай і ўтульнай дзяржавы — чым, па-мойму, амаль усе задаволеныя. Архітэктура з тых былых імперскіх часоў, зразумела ж, захавалася, аднак успрымаецца яна сёння зусім-зусім іначай — як прыгожая праява мінуўшчыны. Менавіта як архітэктура, а не як увасобленая ў камяні ідэалогія.

І гэты прыклад дазваляе зразумець: жыццё культуры бывае куды даўжэйшым за жыццё ідэалогій. Вось, напрыклад, тыя ж фараоны даўно зніклі, а звязаныя з імі помнікі спадчыны і пасюль выклікаюць “ваў-эфект”. Прычым турыстаў, якія ездзяць паглядзець на піраміды, чамусьці ніхто не вінаваціць у падтрымцы той папраўдзе таталітарнай ідэалогіі, што панавала ў старажытным Егіпце. Бо фараоны ўжо сталі гісторыяй, якая не мае ніякага наўпроставага ўплыву на цяпершчыну. І нікому не прыйдзе да галавы змагацца з іх ідэямі — як, зрэшты, і ўздымаць іх на шчыт.

Ніводнага разу не чуў, каб Асмалоўку альбо Трактарагорад абаранялі перакананыя бальшавікі. Падазраю, гэтым займаюцца людзі мо і супрацьлеглай пазіцыі. З іншага боку, менавіта захаванне савецкай культурнай спадчыны дазваляе нам правесці ўдумлівую рэвізію і самой той эпохі — даўно, здавалася б, спісанай ва ўтыль. Ты бачыш утульны дамок, разглядаеш выкшталцоны дэкор, дзівішся густоўнаму спалучэнню архітэктурных элементаў — і разумееш, што людзі, якія да гэтага спрычыніліся, вартыя падзякі.

Акрэсліць ролю савецкага перыяду ў развіцці беларускай культуры адной фразай наўрад ці магчыма — хаця многія каментатары з сацыяльных сетак актыўна спрабуюць. Нават тое ж “расстралянае пакаленне” паэтаў не толькі знішчанае камуністычнай уладай, але і (што вельмі парадаксальна!) шмат у чым ёю спароджанае. Калі не верыце, пачытайце іх творы. І ў гісторыі такіх парадоксаў шмат. Гісторыя наогул сатканая з парадоксаў.

Таму дзеля элементарнай справядлівасці належыць канстатаваць, што савецкія часы прынеслі нам не толькі ідэалагічны ўціск і ментальныя хібы. Так ужо сталася (хочам мы таго альбо не), што менавіта ў пару БССР утварыўся рэальны эканамічны і гуманітарны падмурак сённяшняй незалежнай Беларусі: прадпрыемствы, урадавыя, адукацыйныя і
культурныя інстытуцыі. Не будзем забываць і пра сістэмы ўсеагульнай асветы альбо той жа культработы, якая, на шчасце, дзейнічае і пагэтуль. Так, яны недасканалыя, як і ўсе іншыя мадэлі ў свеце, але… да іх нічога падобнага не было.

Нейкім цудоўным чынам у паваенны час было сфармаванае і новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі. Створаны магутны корпус навуковых даследаванняў, літаратурных тэкстаў і твораў выяўленчага мастацтва, якія сёння лічацца несумненнай класікай. Урэшце, усё гэта не стала адзінкавым выплескам, але мела пераемнасць, спарадзіўшы сапраўдныя нацыянальныя школы, якія з тым альбо іншым поспехам і пасюль захоўваюць сваю жыццяздольнасць.

Зразумела, быў і іншы бок месяца, пра які сёння многія любяць прыгадваць асабліва. Але так ужо заведзена, што месяц мае розныя бакі — як і кожны аб’ёмны аб’ект. Гэтым яны і адрозніваюцца ад плоск

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"