Беларускі плакат: першыя крокі

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Нідзе ў свеце палітычнай прапагандзе не надавалася столькі ўвагі, як у Савецкай дзяржаве. Гэтага вымагалі грандыёзныя маштабы сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, нязменны экстрым, які іх суправаджаў, патрэбы ва ўніверсальных вобразах, якія мусілі аднолькава ўспрымацца людзьмі розных культурных традыцый (што надзвычай актуальна для шматнацыянальных утварэнняў), неабходнасць хутка рэагаваць на ўнутраныя і вонкавыя пагрозы, пастаяннае чаканне рознага кшталту падлянак як ад відавочных ворагаў, так і ад ненадзейных саюзнікаў і няўдзячных сатэлітаў. І трэба сказаць, што савецкія прапагандысты справу сваю ведалі і рабілі яе якасна.

/i/content/pi/cult/663/14698/pages-14-15-S.jpg

Менавіта ў Савецкім Саюзе былі створаны шэдэўры прапагандысцкага мастацтва. Гэта проза Максіма Горкага, паэзія Уладзіміра Маякоўскага, скульптуры Веры Мухінай і Івана Шадра, палітычная карыкатура Барыса Яфімава і Кукрыніксаў, плакаты Дзмітрыя Моара (“Ты записался добровольцем?”) і Іраклія Таідзэ (“Родина-мать зовёт!”).

Адносна плаката можна сказаць, што ягоны ўплыў на грамадскую свядомасць, ягоны мабілізацыйны патэнцыял пры пэўных умовах і ў пэўных сітуацыях пераўзыходзіць класічную трыяду жывапіс-графіка-скульптура. Як адзін журналісцкі артыкул можа часам зрабіць большую справу, чым шматтомная літаратурная эпапея, так і плакат можа спрацаваць на тую ці іншую ідэю эфектыўней, чым манумент на гарадской плошчы. Прынамсі, так было ў дакамп’ютарную эпоху.

Але пры гэтым доўгі час, пакуль дызайн увогуле і графічны дызайн у прыватнасці не заваявалі ў культурнай прасторы годны статус, стаўленне да плакатыстаў з боку прадстаўнікоў “вялікай трыяды” было, так бы мовіць, паблажлівым. Маўляў, у плакатысты ідзе той, каму не хапіла таленту стаць “нармальным” графікам. Да разумення таго, што тыражаваная графіка прапагандысцкага ці інфармацыйнага характару — гэта помнік гісторыі і культуры, грамадства даспела хіба напачатку 1970-х гадоў, калі савецкія аўтары пачалі браць удзел у сусветных аглядах плакатнага мастацтва.

Знаёмства з іншымі школамі плённа паўплывала на стылістыку і змест савецкага плаката, значна іх узбагаціўшы. Але высветлілася і непрыемная акалічнасць. Рэчы, зробленыя па канонах “унутранага рынку”, для савецкага спажыўца, замежжу не былі цікавыя. Прыблізна ў той самы час у Савецкім Саюзе акрэслілася цікавасць да рэвалюцыйнага авангарду і асабліва УНОВИСа. Нанова асэнсоўвалася, у прыватнасці, спадчына Лазара Лісіцкага — аўтара славутай у свой час агітацыйнай графікі. З гэтага, лічы, і пачалося вывучэнне ды навуковая сістэматызацыя савецкага плаката. У тым ліку і ў Беларусі.

Найбольшай калекцыяй айчынных плакатаў савецкай пары валодае Беларускі саюз дызайнераў. Фарміравацца яна пачала з ініцыятывы старшыні БСД Дзмітрыя Сурскага. Найбольш каштоўная частка калекцыі — плакаты, створаныя да Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя з іх прадстаўлены ў гэтай падборцы.

Былі ў той час і тэатральныя афішы, і сякая-такая гандлёвая рэклама, але дамінаваў менавіта палітычны плакат. Ад мастака патрабавалася, каб ён праз візуальныя вобразы патлумачыў малапісьменным людзям чарговыя задачы Савецкай улады. Часта такія творы рабіліся ў выглядзе коміксаў, дзе праз паслядоўнасць сюжэтаў раскрываўся сэнс важнай для дзяржавы дзеі ці з’явы.

Плакаты заклікаюць ісці ў шэрагі Чырвонай Арміі, бараніць сацыялістычную айчыну ад знешніх ворагаў, быць пільнымі да ворагаў унутраных, якія толькі і чакаюць, каб вярнулася ўлада памешчыкаў і капіталістаў; сумленна выконваць прадразвёрстку, дапамагаць галадаючым і пацярпелым ад вайны, вучыцца грамаце і гэтак далей. Галоўным было давесці, што ўсё гэта — у інтарэсах працоўнага народа. Часта выкарыстоўваецца прынцып супрацьпастаўлення, калі выразна паказваецца, якія жудасці могуць здарыцца, калі зробіш не тое, што раяць. Скажам, не пойдзеш на фронт грамадзянскай — і Чырвоная Армія пацерпіць паразу, вернуцца былыя гаспадары і адбяруць зямлю, з якой ты кормішся.

Відаць, што ідзе пошук стылю, які адпавядаў бы замоўленай тэматыцы і быў бы зразумелым грамадзе. Тут і спробы канструктывісцкіх рашэнняў паводле канцэпцый, тэарэтычна абгрунтаваных Казімірам Малевічам, і водгулле мадэрну, і прыёмы, запазычаныя з тэатральных плакатаў, і агрэсіўная пластыка экспрэсіянізму. Гэта потым, у 1950-я гады, акрэсліцца стыль, у якім спалучаецца фатаграфічная дакладнасць і манументальная выразнасць. А пакуль — пошук і шырокае поле для творчага самавыяўлення.

Згадаю, аднак, што пра ўласна беларускую мастацкую школу ў дадзеным выпадку гаварыць не даводзіцца. Нашы плакаты тае пары досыць выразныя і тэмы замоўленыя раскрываюць, але… неяк без натхнення. Нібыта не прайшло гэта праз сэрца, толькі праз розум. У беларускім плакаце міжваеннага часу не было асоб маштабу згаданага Дзмітрыя Моара альбо Аляксандра Дайнекі. Гэта цяжка патлумачыць, беручы да ўвагі, што ў той самы час актыўна фарміравалася ўласна беларуская школа станковай і прыкладной графікі, жывапісу, скульптуры. Але зробленае ў Савецкай Беларусі ў згаданы час упісваецца ў агульнасаюзны культурны кантэкст і на агульным фоне выглядае прыстойна.

А потым была вайна… Яна дала штуршок высокай эмацыянальнасці ва ўсіх галінах нашага мастацтва і на доўгія гады стала для Беларусі нацыянальнай тэмай. У тым ліку і ў мастацтве плаката.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"