“Мікеланджала” з бензапілой

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Люблю нестандартныя лісты. Парадаваў, да прыкладу, настаўнік прафесійна-тэхнічнага каледжа гарпасёлка Відзы, што на Браслаўшчыне, Леанід Дзікцяроў. Ён, аказваецца, стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам мастацкага фільма, прэм’ера якога адбылася ў Відзаўскім ДК. Стужка, калі казаць сцісла, — пра магчымыя наступствы сужыцельства без шлюбу ў маладзёжным асяроддзі. Леанід кіруе прадзюсарскім цэнтрам, сам адшукаў сцэнарыста (Фёдар Палачанін з Докшыцаў), аўтараў музычнага афармлення і песень (Леанід Лаўрыновіч з Браслава і Вольга Беразень з вёскі Нурвянцы Браслаўскага раёна).

/i/content/pi/cult/663/14695/pages-12-13.jpg

Фільма я пакуль не бачыў, але знайшоў у Сеціве іншыя відэаработы (каля трох дзясяткаў) Дзікцярова. Збольшага гэта дакументальныя фільмы пра мінулае роднага краю (Леанід па адукацыі — гісторык). Але знайшоў я і стужку-партрэт пра вандроўнага разьбяра па дрэве (своеасаблівага паслядоўніка Язэпа Драздовіча) Мікалая Аляксеева, які жыве там, дзе атрымлівае замову на скульптуру. Працуе спачатку бензапілой, потым — разцамі. Дзікцяроў назваў яго Мікеланджала з бензапілой. А сваю першую мастацкую стужку рэжысёр ацаніў досыць крытычна: аператарская работа патрабуе ўдасканалення. На такіх вось дзіваках, як Леанід ды Мікалай, наш творчы свет і трымаецца. Цікава, у выніку ўдасканалення кінапрацэсу ці патрапяць стужкі Леаніда Дзікцярова на мясцовае тэлебачанне? Будзем спадзявацца на лепшае.

Пра Верцялішкаўскую сельскую бібліятэку — інфармацыйна-краязнаўчы цэнтр напісала галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык. Тут для навучэнцаў Верцялішкаўскай сярэдняй школы прайшла гадзіна краязнаўства “Завітайце да нас у Верцялішкі!” “А Скідзельская гарадская бібліятэка, — працягвае аўтар, — правяла экскурсію па кніжным храме, паказала дзецям кніжны фонд. У аграгарадку Свіслач бібліятэкары абвясцілі адзін з дзён школьных канікулаў аранжавым. Дзеці прынялі ўдзел у фотасесіі з кніжкамі аранжавага колеру”.

Пахрумстаць капустай прапанавалі ўсім у філіяле “Дзітвянскі дом культуры” Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. “Свята капусты, — піша вядучы метадыст Лідскага РЦК Ганна Некраш, — праект брэндавы. На мерапрыемстве выступілі народны ансамбль песні і танца “Лідчанка”, народны вакальны гурт “Ятранка” з Дзятлаўшчыны. А гаспадыні з аграгарадка Дзітава далі майстар-клас па квашанні капусты. Самыя ж лепшыя качаны вырасціла Марына Бартось з аграгарадка Ваверка”. На конкурс “Алена-Льняніца”, працягвае расповед Ганна Некраш, работнікі філіяла “Ганчарскі дом культуры” сабралі ўдзельніц з аграгарадкоў Пескаўцы, Беліца, Ходараўцы, Мінойты. Натуральна, годна былі прадстаўлены і Ганчары. Усе без выключэння конкурсы былі звязаны з ільном. Вось як апісвае аўтар конкурс “Церніца”: “Лён трашчаў, ляцела кастрыца (адсюль і назва месяца — кастрычнік), але ніхто не баяўся ўкалоцца, і траста на вачах пераўтваралася ў валакно”.

У Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы прайшла сустрэча з навагрудскім пісьменнікам Міхаілам Зізюкам. Ён прэзентаваў вучням 5 — 6 класаў мясцовай гімназіі № 1 свае новыя кніжкі. Пра гэта паведамілі бібліятэкары ўстановы Марына Лапушка і Алена Хрышчановіч.

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук правёў Міжнародны навуковы форум “Традыцыйны беларускі касцюм у еўрапейскай культурнай прасторы”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі, Эстоніі. На форуме была прадстаўлена і Бабруйшчына ў асобе Юліі Літвінавай — кіраўніка этнастудыі “Традыцыйны строй”, што існуе пры Палацы культуры горада Бабруйск. Гаворка ішла пра вынікі экспедыцыі па Бабруйскім раёне.

Навіны з Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. У Ліноўскай сельскай бібліятэцы ў рамках праекта “Дом, у якім жыве Культура” прайшоў духоўны вечар, прысвечаны лёсам артыстак эстрады і кіно Ірыне Дзянісавай, Вользе Кармухінай, Вользе Гобзевай і Валянціне Талкуновай. А ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы чытачы сустрэліся з літаратарам Анатолем Бярнацкім. У апошняй установе ладзілася і вечарына, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Пімену Панчанку. Кляпацкая сельская бібліятэка правяла свята “Прысвячэнне ў юныя эколагі”.

XXXI абласны семінар-конкурс повараў, кандытараў, афіцыянтаў прайшоў на Ашмяншчыне. Стравы можна было пакаштаваць. Завяршылася мерапрыемства канцэртам народнага тэатра танца і песні “Імпульс”.

Тэму культурнай Ашмяншчыны працягвае Аліна Беліцкая. Яна распавядае пра тэатралізаванае маладзёжнае свята “Восеньскі карнавал”. У раённым цэнтры культуры сабраліся школьнікі і навучэнцы каледжаў. Ацэньваліся касцюмы і прычоскі, фантазія і сцэнічныя здольнасці ўдзельнікаў. У канцэртнай праграме выступалі маладзёжныя калектывы раёна.

Фёдар Шкіранда з Віцебска распавёў пра традыцыйныя Дні культуры і мастацтва Латвіі ў абласным цэнтры. Яны пачаліся з выставы жывапісу школы імя Яна Разэнталя, якая адкрылася ў мастацкім музеі пры падтрымцы латвійскага консульства ў Віцебску. “У экспазіцыі, — піша аўтар, — 75 работ вучняў славутай школы. Выстава дэманструе развіццё мастацкай думкі ў Латвіі і ў самой школе. На розных пляцоўках Віцебска рэалізуюцца яшчэ чатыры праекты. Гэта выставы жывапісу Андрыса Віталіньша і тэкстылю Дзіяны Янушонэ ў мастацкім музеі. У выставачнай зале мастацка-графічнага факультэта Віцебскага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава экспануецца калекцыя габеленаў студэнтаў Латвійскай акадэміі мастацтваў. А ў абласной бібліятэцы можна пазнаёміцца з латвійскай геральдыкай, аўтарамі якой з’яўляюцца Юрыс Іваноўс і Ілза Лібіет”.

Яшчэ адна інфармацыя з Браслава. Бібліятэкар Валянціна Лук’янава распавядае пра семінар “Сучасныя мадэлі прапаганды літаратуры ў публічных бібліятэках: лепшыя традыцыі і інавацыйныя падыходы”. Мерапрыемства прайшло ў Цэнтральнай бібліятэцы. Супрацоўнікі ЦБС абмяняліся прафесійным досведам. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч дадае, што ў Браслаўскай цэнтральнай бібліятэцы сярод іншых інавацый ёсць і такая: растамер ў кнігах. За адзінку вымярэння ўзята “Вайна і мір” Льва Талстога. Да прыкладу, рост у 160 сантыметраў адпавядае 26-ці тамам класічнага твора. Пасля кожнага вымярэння чытач атрымлівае сувенірную картку, дзе ўказаны яго “кніжны” рост. На звароце карткі — бібліятэчная рэклама. А растамер зроблены перанасным.

Свята “Бульбяная маёўка” парадавала жыхароў аграгарадка Бенін Навагрудскага раёна. Мясцовыя бібліятэкары падрыхтавалі выставу для бульбяных гурманаў. Натуральна, прысутнічалі і самі стравы. А за насычанасць канцэртнай праграмы адказвалі работнікі Усялюбскага дома культуры, Бенінскага і Няўдзянскага СК.

З Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі нам піша яе супрацоўніца Алена Хрышчановіч. Гаворка пра тое, каб слоган “Чытаць — модна, наведваць бібліятэку — прэстыжна” быў максімальна набліжаны да рэальнага жыцця. Варта згадаць толькі адзін факт: ва ўстанову былі запрошаны дзеці з бацькамі. Дзеці распавядалі пра свае любімыя выданні, а бацькі падзяліліся сваімі кніжнымі інтарэсамі. Так узнікла “дрэва парад”. Ім вельмі актыўна карыстаюцца цяпер юныя аматары прыгожай славеснасці. А дрэва ў сваю чаргу расце і буяе.

Бібліятэкары Карэліцкай і Ашмянскай раённых устаноў правялі рэгіянальны семінар, пазнаёміліся з дзейнасцю бібліятэк аграгарадкоў Гальшаны, Баруны, Кальчуны, Ашмянскай дзіцячай бібліятэкі. Такой навіной парадавала метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз. І дадала, што на карэліцкай зямлі разглядаўся досвед працы Аюцавіцкай сельскай і Мірскай гарпасялковай бібліятэк. У цэнтры ўвагі знаходзілася бібліятэчнае краязнаўства як рэсурс турыстычнага развіцця.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"