“БЕЛАЗ” эстрадны і акордавы

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

У Жодзіне ў 16-ы раз прайшоў Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”. За гэтыя гады ён стаў адным з самых сур’ёзных спаборніцтваў у гэтай галіне.

Народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі, які не ўпершыню ўзначальваў журы, адзначыў больш высокі ўзровень “Белазаўскага акорда” нават у параўнанні з адборачнымі турамі на Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Гэтыя словы дорага каштуюць, бо апошнія гады Зарыцкі “судзіць” ледзь не ўсе тутэйшыя эстрадныя конкурсы і праекты (як ён сам пра сябе жартуе, пасада ў яго такая — быць старшынёй журы).

Трывала высокі ўзровень — заслуга не адно канкурсантаў, а найперш арганізатараў, якія штогод праводзяць добры папярэдні адбор. Сёлета былі дасланы 53 заяўкі, у фінал патрапілі 16 удзельнікаў, з іх двое — з Расіі і Украіны, бо конкурс мае статус адкрытага. І тое, што сюды імкнуцца замежныя канкурсанты (рыхтуючы, паводле ўмоў, беларускамоўныя песні!), што складаецца моцная канкурэнцыя, таксама трэба лічыць паказальнікам прэстыжнасці конкурсу, слава пра які даўно распаўсюдзілася за межы краіны.

Зорнасцю вылучаўся не толькі склад удзельнікаў, але і журы, сярод чальцоў якога былі Ірына Дарафеева, Віктар Бабарыкін, Алег Елісеенкаў, Леанід Шырын, Алег Хаменка. Важна і тое, што згаданыя дзеячы культуры прадстаўляюць розныя бакі і адгалінаванні эстраднага мастацтва. Красамоўным быў і заключны гала-канцэрт, на якім некаторыя члены журы выступілі пасля лепшых канкурсантаў. Штосьці падобнае практыкуецца дастаткова часта. Але, здараецца, не на карысць мэтраў: на фоне адоранай моладзі, прагнай перамагчы, тыя ўспрымаюцца даволі блякла. У Жодзіне ж усё было на вышыні: майстры, як і мае быць, адрозніваліся яшчэ большай дасканаласцю, індывідуальнасцю. Іншымі словамі, не проста цікавым творчым пошукам, а ўжо знойдзенымі і выкшталцона пададзенымі знаходкамі.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, якая з’яўляецца дацэнтам кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ і дэпутатам палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, увогуле магла прэтэндаваць на Гран-пры: дзве рознахарактарныя песні, аздобленыя сольнымі кадэнцыямі, кантрасныя вобразы, разнастайныя тэмбравыя фарбы, бездакорны вакал, малады запал. Вось і паспрабуй пасля такога паверыць вядомаму прыслоўю: хто не ўмее спяваць (іграць, пісаць, лячыць і да т. п.), той выкладае!

А што ж уласна канкурсанты? Гран-пры атрымала Ірына Круглік — вельмі артыстычная, з адметным тэмбрам. Першую прэмію — кранальная, трапяткая Дар’я Часлаўская. Другую — Аляксандра Раманоўская, якая запомнілася цэласнай тэатралізавана-пластычнай кампазіцыяй на рускую народную песню “Рэчанька” — яе калісьці спявала Ала Пугачова. Цікава, што ўся гэта “першая тройка” — з Магілёўшчыны. Дый і чацвёртая прадстаўніца гэтага рэгіёна, Валерыя Шапялевіч, пакінула самыя лепшыя ўражанні: надзвычай складаныя песні, цудоўны, папраўдзе шыкоўны вакал, выбудаванасць кульмінацый.

Што ж, Магілёў здаўна славіцца сваёй вакальнай педагогікай, эстраднай студыйнасцю. Менавіта адтуль родам не толькі згаданая Дарафеева, але і Іна Афанасьева, Пётр Ялфімаў, оперныя салісты Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, іншыя знакамітасці, якія працягвалі навучанне і кар’еру ў сталіцы.

А вось Брэстчына, да прыкладу, сёлета ў фінал не ўвайшла. Арганізатары “Белазаўскага акорда” не імкнуцца да нейкіх квотаў ад кожнай вобласці, як гэта робіцца на некаторых конкурсах. Таму спіс удзельнікаў і пераможцаў за ўсе гады ўжо сам па сабе можа стаць нагодай для роздуму.

Дарэчы, сёлетнім адкрыццём стала яркая, запальная Ганна Мігура з Жодзіна. Толькі выпадковасць, здаецца, не дазволіла ёй атрымаць штосьці большае за адзін са спецыяльных прызоў і, разам з салісткай аркестра Узброеных Сіл Беларусі Янінай Арлоўскай, ратацыю на радыёстанцыі “Мінская хваля” — паводле галасавання радыёслухачоў. Астатнія спецпрызы атрымалі вядомая сталічная джазістка Кацярына Худзінец, Вікторыя Дзівеева з Гродна, Уладзіслаў Вінсковіч з Наваполацка.

Яшчэ адным кірункам сацыялагічных і мастацтвазнаўчых даследаванняў маглі б стаць канкурсанты — выхаванцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якія паступаюць у БДУКіМ і працягваюць свой шлях як на канцэртнай, так і на
педагагічнай ніве, рыхтуючы ўдзельнікаў далейшых конкурсаў. Ну а сам “Белазаўскі акорд” адсочвае лёс сваіх пераможцаў, запрашае іх да ўдзелу ў гала-канцэртах. А некаторыя лаўрэаты мінулых гадоў самі вырашаюць яшчэ раз прыехаць у Жодзіна — зноў канкурсантамі (паўторна не дапускаюцца толькі ўладальнікі Гран-пры).

Той жа Яўген Доліч, які сем гадоў таму заваяваў тут трэцюю прэмію, сёлета паўтарыў свой вынік. А паміж двума “Акордамі” станавіўся лаўрэатам Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, дыпламантам “Славянскага базару ў Віцебску”, пераможцам іншых конкурсаў, гастраляваў з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь (кіраўнік калектыву Віктар Бабарыкін, адмовіўшыся ад штатных вакалістаў, імкнецца супрацоўнічаць са многімі маладымі выканаўцамі). За гэты час спявак значна вырас, асабліва ў вакальным плане. Але яго схільнасць да тонкай лірыкі часам пачала перарастаць у залішнюю манернасць.

Ды і конкурс не стаяў на месцы! У гэтым можа пераканацца любы, хто пажадае, бо кожнае спаборніцтва суправаджаецца выпускам альбома з лепшымі выступленнямі. З гэтых кампакт-дыскаў ужо можна скласці міні-энцыклапедыю беларускай песні, бо арганізатары настойліва прапануюць удзельнікам не паўтараць праграмы мінулых жодзінскіх конкурсаў, шукаць новыя песні. Тым не менш, выбар менавіта свайго рэпертуару застаецца адной з асноўных праблем многіх маладых спевакоў, якая часцяком падводзіла іх і сёлета.

Але ж як цікава было сачыць за выкананнем беларускіх песень замежнікамі! Кіяўлянка Настасся Фралова выканала песню нашага Фёдара Жыляка лепей за родную ўкраінскую. А Марыя Лазарава з расійскіх Мыцішчаў трактавала песняроўскую “Бялявую, чарнявую” Алега Аверына, бы гэткі мыльны серыял. Гераіня-бландзінка, якую ўвасабляла спявачка, — бязвінная пакутніца. Брунетка і асабліва “рыжа кучаравая” — вераломныя разлучніцы. Шчадралюбны хлапец — таксама персанаж адмоўны.

У 2018-м БелАЗ будзе святкаваць 70-годдзе. “Белазаўскі акорд” пачаў рыхтавацца да юбілею свайго заснавальніка ўжо цяпер. Сярод шматлікіх думак і прапаноў абмяркоўваюцца магчымасці прывезці гала-канцэрт конкурсу з вельмі шырокім удзелам пераможцаў розных гадоў у Мінск. Можа, тады тэлебачанне, нарэшце, заўважыць гэтую падзею?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"