Чэшская лазня без комплексаў

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Выстава сучаснага чэшскага мастацтва, якая прайшла не так даўно ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь, атрымалася не столькі ўражвальнай, колькі карыснай для параўнання.

/i/content/pi/cult/663/14692/IMG_9307.jpg

Фрагмент экспазіцыі. Аўтар — Вераніка Псоткава. / Фота Дзіяны ДАНІЛОВІЧ

Ладна пасоўгаўшыся не так даўно па арт-цэнтрах і галерэях Прагі, я змог выкрышталізаваць пэўны абагульнены адказ на пытанне, якое яно, чэшскае сучаснае мастацтва. Яно мілае і ўтульнае — бы самі вулачкі старога горада (а большасць галерэй там і размешчана), на якіх раз-пораз няспешна з’яўляюцца големы і кафкіянскія жамярыцы. Яно не спяшаецца апярэдзіць час, не цягнецца за навізной і ультраактуальнымі ідэйнымі трэндамі, не робіць стаўку на ашаламляльныя тэхналогіі і вострасацыяльныя тэмы, не імкнецца шакіраваць гледача і не занурвае яго ў багну канцэпцый. Яно не баіцца абвінавачванняў кшталту “правінцыя” і “гэта ж ХХ стагоддзе!” Яно проста існуе ў сваім рэжыме і тэмпарытме, і, мяркуючы па ўсім, цалкам тым задаволенае. Як мы бачым, паралелі з тутэйшым арт-кантэкстам напрошваюцца самі сабою, і ўбачанае на выставе ў Мінску гэта толькі пацвердзіла.

Як і айчынныя аўтары маладога і сярэдняга пакалення, чэшскія мастакі ахвотна выкарыстоўваюць старыя метады — кшталту пэндзлем па халсціне. У плане выяўленчай тэхнікі яны зазвычай асабліва не замарочваюцца, яўна і безнадзейна саступаючы тут нашым, а вось тэматыка сустракаецца даволі традыцыйная. Жывапісец Здэнек Данек і наогул робіць ці не правакатыўны па сённяшніх часах крок назад — ён малюе пейзажы! Здавалася б, у эпоху гаджатаў такі старамодны спосаб фіксацыі рэчаіснасці стаў поўным анахранізмам. Аднак Данек ідзе ў нагу з часам і з дапамогай пэндзля стварае адпаведнік фотаопцыі “Панарама”, якая дазваляе склейваць кадры ў адзін. Розніца з апошняй малаадчувальная, але… яна ёсць. Менавіта нюансы псіхалогіі ўспрыняцця (а зусім не акадэмічная тэхніка) мастака найперш і цікавяць — прыкладам, іншая серыя яго работ дазваляе ўбачыць свет “з пункту гледжання” жывёлаў.

Скульптар з шыкоўным імём Душан Ваня змешвае гіперрэалізм з фантазійнасцю, а выявам раслін надае рысы органаў чалавечага цела. З дапамогай кактэйльных трубачак ён стварае маналітную на першы погляд сцяну — і адначасова інструмент для трансфармавання рэчаіснасці, бо ўбачанае праз гэтую прызму дзівосна відазмяняецца ў залежнасці ад пазіцыі гледача. І атрыманы вынік дзякуючы сваёй прастаце, іранічнасці і філасафічнасці цалкам апраўдвае імя аўтара. Іншаму Дзюшану — Марселю — такое б, напэўна, спадабалася.

Як сведчыць выстава, чэшскія мастакі (як і многія іх беларускія аднагодкі) не цураюцца прыкладной работы, паспяхова выяўляючы сябе ў анімацыі (Раман Кудлачак) і прасунутым відэадызайне (Тэрэза Рулерава). Прычым з гэтай нагоды ў іх няма комплексаў, уласцівых папярэднім генерацыям, якія лічылі, што разлічаныя на масавы рынак праекты могуць вокамгненна сапсаваць рэпутацыю сур’ёзнага творцы. Такі экзатычны для выставы сучаснага мастацтва персанаж, як мульцяшны парасятка Лойзік, мог бы значна пашырыць яе аўдыторыю — каб арганізатары не ўвялі ўзроставы цэнз 16+.

Апошняе здарылася найперш дзякуючы скульптурам Веранікі Псоткавай, якая разам з Дзінай Даніловіч была і куратаркай выставы. Візуальна яе творы выглядаюць драматычна і пагрозліва, але насамрэч аўтарку цікавяць даволі прыземленыя і зразумелыя тэмы. Напрыклад, натуралістычна выяўлены аголены мужчына спрабуе здзмуць свой жывот, у той самы час, як яго спадарожніца робіць адваротную працэдуру з уласным бюстам. На падобных выставах рэдка трапляюцца творы, якія настолькі не патрабуюць інтэрпрэтацыі!

Напрыканцы наведвання экспазіцыі глядач трапляе ў зацемнены пакой, у глыбі якога праглядаюцца выкананыя з сеткі рабіцы постаці, аддзеленыя адмысловай загародкай. Нічога страшнага — гэта ўсяго толькі імітацыя лазні, прычым мужчынскай. А наведвальнік атрымлівае магчымасць адчуць сябе ў ролі гэткага вуаерыста.

Магчыма, шмат якім прадстаўленым на выставе творам бракуе сэнсавай глыбіні і моцнага пачуццёвага пасылу. Магчыма, далёка не кожны з іх здатны ўразіць да глыбіні душы. Магчыма, і выяўленчая мова не заўсёды выкшталцоная. Але затое прысутнічае адна несумненная вартасць: адсутнасць комплексаў з нагоды ўсяго вышэйпералічанага. Чэшскія аўтары пачуваюць сябе вельмі натуральна і ў ахвоту гэта дэманструюць. Чаго варта пажадаць і нашым мастакам.

Аўтар: Ілья СВІРЫН
Галоўны рэдактар газеты "Культура"