Страта

№ 23 (841) 07.06.2008 - 13.06.2008 г

Як паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Лукашэнка ў сувязі са смерцю знанага дзяржаўнага дзеяча Ніны Сняжковай выказаў спачуванні яе родным і блізкім.

 /i/content/pi/cult/164/1469/Strata.jpg
СНЯЖКОВА Ніна Лявонаўна
4 чэрвеня 2008 года на 83-ім годзе пайшла з жыцця былы намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Лявонаўна Сняжкова.Ніна Лявонаўна Сняжкова нарадзілася 25 красавіка 1926 года ў г. Ветцы Гомельскай вобласці ў сям’і сялян.

Н.Л. Сняжкова рана пачала сваю працоўную дзейнасць, бо за год да Вялікай Перамогі на фронце загінуў яе бацька.

У пасляваенны час Н.Сняжкова з адзнакай скончыла Гомельскае педвучылішча, а потым — факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Усё сваё жыццё Ніна Лявонаўна звязала з родным беларускім краем. Працоўную біяграфію яна пачала ў рэдакцыі газеты “Гомельская праўда”, дзе на працягу пяці гадоў працавала літаратурным супрацоўнікам аддзела партыйнага жыцця, затым загадчыцай аддзела культуры і быту.

Несумненны талент і працавітасць, аўтарытэт і прафесіяналізм Н.Сняжковай у далейшым былі запатрабаваны на разнастайных пасадах у сістэме дзяржаўнага кіравання — у Гомельскім абкаме КПБ, Цэнтральным камітэце КПБ, Магілёўскім абкаме КПБ, Усесаюзным таварыстве “Веды”.

Найбольш яркім радком біяграфіі Ніны Лявонаўны стала праца ва Урадзе Беларусі, дзе з 1970 па 1985 гады яна з’яўлялася намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР. За гэты час Н.Сняжкова сумела праявіць сабе як кіраўнік высокага дзяржаўнага ўзроўню, згуртаваўшы вакол сябе калектыў прафесіяналаў і аднадумцаў. Свой асабісты ўклад Н.Сняжкова ўнесла ў развіццё беларускай культуры і літаратуры, нацыянальнай навукі, адукацыі, айчыннай кінематаграфіі і аховы здароўя.

Асаблівую ўвагу на дзяржаўным узроўні Ніна Лявонаўна надавала будаўніцтву сельскіх школ і медыцынскіх устаноў, падрыхтоўцы для іх кадраў.

У ліку дзяржаўных узнагарод Н.Сняжковай — тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Дружбы народаў, медалі, ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР. За час свайго працоўнага жыцця Ніна Лявонаўна выбіралася членам ЦК КПБ і дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

Лёс падарыў гэтаму чалавеку яркае, напоўненае добрымі справамі і павагай жыццё. На вялікі жаль, гэтае светлае жыццё абарвалася і цяпер застанецца светлай памяццю ў нашых сэрцах. Для нас Ніна Лявонаўна назаўсёды запомніццачалавекам, якому былі ўласцівы прынцыповасць і прыстойнасць, добразычлівасць і бескарыслівасць, працавітасць і высокі аўтарытэт.

Светлая памяць аб Ніне Лявонаўне Сняжковай, пачуццё шчырай павагі да гэтага чалавека назаўсёды застануцца ў нашых сэрцах.

С.С. СІДОРСКІ, Г.В. НАВІЦКІ,
В.А. ПАПОЎ, Г.М. НЯВЫГЛАС,
У.І. СЯМАШКА, І.М. БАМБІЗА,
В.П. БУРА, А.У. КАБЯКОЎ,
А.М. КОСІНЕЦ, А.М. РУБІНАЎ,
Л.В. АНФІМАЎ, В.І. ЖАРКО,
У.Ф. МАТВЕЙЧУК, А.М. РАДЗЬКОЎ,
Б.В. БАТУРА, Л.Ф. КРУПЕЦ,
А.С. ЯКАБСОН, М.Я. ПАЎЛАЎ,

Н.А. ЕРМАКОВА