Гуліверы і ліліпуты

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

У першую чаргу, трэба заўсёды памятаць, што савецкі праект — гэта праект мадэрнісцкі, дзе мэта мастака — не “лакаваць” рэчаіснасць, не павучаць класава непаўнавартасных, не прышчапляць ім марксісцкія каштоўнасці, а будаваць новы свет. Не прыстасоўвацца, не абслугоўваць, не чакаць ушанаванняў, прывілеяў, грошай, а менавіта — тварыць. Не калажыраваць іранічна, не пакорліва фіксаваць рэальнасць, не эстэтычна медытаваць, а экстатычна ўспрымаць наваколле, асэнсоўваць, трансфармаваць, ствараць. Без такой устаноўкі існаванне мастацтва і ў мастацтве для мяне бессэнсоўнае.

Андрэй КУДЗІНЕНКА, кінарэжысёр:

Я не буду адхіляцца ў бок разваг пра рэпрэсіі, бесчалавечнасць, перагіны і злачынствы ў дачыненні да дзеячаў савецкай культуры, бо я кажу пра першапачатковую ўстаноўку, пра ідэал. Гэта як ікона, што з’яўляецца рухам да ідэалу, марай пра чалавека, але не самім чалавекам. Можна доўга разважаць пра сярэднявечную інквізіцыю або разбэшчанасць асобных служкаў культу розных канфесій, але гэта ніяк не адмаўляе ідэю Хрыста, веру ў Яго і само хрысціянскае вучэнне.

Яшчэ важна адзначыць, што менавіта мадэрнісцкі чалавек выратаваў свет ад фашызму. Менавіта мадэрнісцкае светаўспрыманне мелі мае дзяды, для якіх уласнае жыццё было жыццём адной суцэльнай ідэі. Цяпер можна па-рознаму да гэтага ставіцца і ладзіць медыя-вэрхал, але ў параўнанні з намі мадэрністы былі сапраўднымі волатамі духу. Варта паглядзець цудоўны па форме фільм “Дзюнкерк”, каб зразумець сказанае мной вышэй. Ні рацыянальны чалавек ліберальнага капіталізму, ні ўніверсальны постіндустрыяльны грамадзянін не здзейснілі б тое, што зрабілі героі фільмаў “Дваццаць дзён без вайны”, “Беларускі вакзал”, “Я родам з дзяцінства” (для прыкладу я спецыяльна выбраў не ўра-патрыятычнае кіно, а стужкі, якія пры савецкай культуры самі ў гэтую культуру траплялі з вялікімі праблемамі).

Варта пачытаць, як Клімаў і Шапіцька гадамі жылі надгаладзь, але не згаджаліся на кан’юнктурныя праекты. А пасля адкрыць інтэрв’ю ільснянага маскоўскага прадзюсара — быццам з “окон РОСТА” Маякоўскага — які нам, мінскім абарыгенам, загружае, як “падмяў” пад сябе кінапакаленне “новых ціхіх” у Расіі, пра нейкую прадзюсарскую базу “Афрыка”, куды ўносяць нязручных прадзюсарам аўтараў, каб перакрыць ім шляхі для любой працы, і як амбіцыйныя маладыя творцы нізкапаклоннічаюць, каб іх з гэтай базы выдалілі. Пры знаёмстве менавіта з такой, а не савецкай, культурай “рука цягнецца да пісталета”...

У пачатку 1990-х нам распавядалі казкі пра кінарынак, камерцыйнае кіно, прадзюсарскі падыход... Цяпер, як і ў савецкі час, дзяржава ва ўсім былым СССР — галоўны інвестар кінематографа, толькі ключавой фігурай кінапрацэсу стаў ужо не рэжысёр, а псеўдапрадзюсар з савецкіх карыкатур, які корміцца з дзяржаўнай кішэні, “адкатвае” сабе і змоўшчыкам да паловы бюджэту фільма і чамусьці лісліва распавядае ім жа набытай прэсе аб тым, што трэба гледачу.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Што было ў савецкай культуры — і хто і якія часы прыйшлі на змену. Гулівер і ліліпуты. Эйзенштэйн, Пудоўкін, Козінцаў, Даўжэнка, Барнет, Ром і іншыя — людзі бліскучай адукацыі, якія амаль сто гадоў таму стаялі ў авангардзе сусветнага кіно.

Чаплін, які захапляўся “Сімфоніяй Данбаса”...

Лелуш, які ў сярэдзіне 1950-х едзе не ў Галівуд, а на здымачную пляцоўку фільма “Ляцяць жураўлі”...

Берталучы, які сваё “ХХ стагоддзе” паказвае ў першую чаргу менавіта савецкім рэжысёрам...

Копала, які перад здымкамі кожнага фільма глядзіць “Кастрычнік”...

Ларс фон Трыер, які прысвячае кіно Таркоўскаму...

Таркоўскі, дарэчы, называў сябе так: “я — рыба глыбакаводная”...

Вось куды трэба імкнуцца і што рабіць з савецкай культурай. Гэта нам, фэйсбучным людзям, “вадамеркам”, якія ляніва слізгаюць па люстраной роўнядзі, што адлюстроўвае неба (з-за чаго мы памылкова ўспрымаем сябе птушкамі ў палёце) — нырнуць углыб, стаць больш складанымі, “глыбакаводнымі”, не пераймаць гатовыя канструкцыі звонку, а ствараць свае светы. Стаць мадэрністамі.