Запазычыць прафесіяналізм

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Савецкая спадчына… Згадваць пра яе можна бясконца. Калі я скончыў мастацкае вучылішча, тады на недасягальнай вышыні знаходзіліся такія скульптары, як Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў ды Сяргей Селіханаў. Больш карыфеяў у гэтым жанры не існавала. Асноўная дзяржаўная замова тады была адзінай — бюст Леніна ці помнік Леніну. І давяралася яна толькі “правераным” народным. Просты скульптар пра такую работу і марыць не мог. Рашэнне зацвярджалася ў Маскве. Праз маскоўскі мастацкі фонд і бронза прабівалася, і адліўка, бо ліцеек Мінск не меў. Вось такія мастацкія рэаліі СССР.

Іван МІСКО, народны мастак Беларусі:

А беларускую ленініяну ў аснове стварыў Азгур. Ён тут лідарам быў. І зрабіў гэта вельмі таленавіта. Зрэшты, ён і Сталіна, кажуць, мог вылепіць так, што ўсе думалі, нібыта аўтар рабіў правадыра ўсіх народаў з натуры. Заір Ісаакавіч быў вялікім майстрам партрэта.

Неаспрэчна, лепшы з мастацкага пункту гледжання помнік Леніну знаходзіцца ля Дома ўраду. Аўтар — ленінградзец Мацвей Манізер. Калі наш Леў Гумілеўскі зрабіў для Масквы помнік Янку Купале, да нас прыехала вялікая група маскоўскіх архітэктараў ды скульптараў. Сярод іх аказаліся і вучні Манізера. Яны, натуральна, захацелі паглядзець на работу свайго настаўніка жыўцом, былі вельмі ўражаны ўбачаным і сышліся на адным: ніхто так больш не вылепіць, не ўставіць так удала аб’ём у аб’ём ды не закампануе будынак з помнікам. Сапраўды, архітэктурная прывязка, комплекснае вырашэнне аб’екта — ідэальныя. Я не кранаю палітыку, кажу пра талент мастацкага ўвасаблення.

Я быў у многіх краінах свету, бачыў лепку помнікаў, любаваўся яе дасканалай пластыкай, майстэрствам скульптара і не надта задумваўся пра палітычнае крэда героя скульптурнай работы. А ў нас ці не век дылетантызму наступае. Культура і мастацтва ўвогуле не церпяць людзей, якія не маюць дачынення да стваральнай і творчай працы. Што мы павінны ўзяць на ўзбраенне ды захаваць з савецкай спадчыны, дык гэта прафесійную школу самага высокага ўзроўню. Але гэтая школа не мае на сёння дзяржзамоў.

У нас знікла тэматычная карціна. У гарадах хранічна не стае помнікаў. Вось выявы вераб’я ці гурка ўжо існуюць. А помніка, скажам, Льву Сапегу — не дачакацца. У Год навукі згадваю і пра тое, што мною распрацаваны макет помніка Казіміру Семяновічу — збройніку, ваеннаму інжынеру, аднаму з пачынальнікаў ракетнай справы ў Еўропе. Ці ўбачу я яго ўвасабленне на гарадской вуліцы?

Адпаведна, з савецкіх часоў нам сапраўды ёсць што запазычыць. У прыватнасці — варта тэрмінова распрацаваць тэматычны план манументальнай прапаганды. Вельмі прадуманы план, змест якога быў бы вядомы беларускаму народу.