Драматургія без эпітэту “савецкая”

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Скажы мне хто-небудзь гадоў пяць таму, што ў маёй біяграфіі складзецца перыяд, калі я буду раз за разам звяртацца да драматургіі савецкага часу, я толькі пасміхнуўся б, бо за савецкім часам мне здавалася нейкім “дурным густам” чытаць такія п’есы. Сёння я прызнаю — тое было ад неадукаванасці і зазнайства.

Цімафей ІЛЬЕЎСКІ, рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы:

Тады ўсё савецкае для многіх падавалася фальшывым і вартым пагарды. Зразумела чаму: перакармілі нас тэатральнымі агіткамі, надуманымі літаратурнымі схемамі і пустымі заклікамі. Давялося мне ў маладосці шэсць гадоў правесці слесарам на заводзе. Ах, як адрознівалася бюракратычная завадская рэальнасць ад ідэалістычнай Гельманаўскай “Прэміі” ці недарэчных “Сталявараў” Генадзя Бокарава…

Сёння мы — тыя, хто застаяўся ў савецкіх тэатральных рамках, — з усім славянскім размахам наглядзеліся і наставіліся забароненых і недрукаваных калісьці Мрожакаў, Іанэска, Равенхілаў, Мюлераў і іншых, начыталіся новых расійскіх драм. І зразумела стала, што постмадэрнізм — не самы запатрабаваны жанр сярод беларусаў, і мат неяк не вельмі на вуха нашага гледача кладзецца. Выкрышталізавалася простая думка: глядач ходзіць у тэатр не толькі “паржаць” на камедыях, але таксама хоча бачыць і спектаклі пра сябе сённяшняга, пра свае праблемы і надзеі. А “нікчэмная” савецкая драматургія не такая ўжо і плакатная, як падавалася калісьці, і не такая прамалінейная, і не такая простая, калі насамрэч занурыцца ў яе.

Мы ў Брэсце доўга займаліся пошукам сучасных п’ес пра сённяшняга чалавека, разумеючы, як запатрабаваная гледачамі гэта тэма. У тэатры пяць гадоў паспяхова ішоў спектакль “Чорны анёл з белымі крыламі” Дзіяны Балыка, быў пастаўлены “Ураджай” Паўла Пражко. Абмяркоўваліся, аднак не былі ўзяты ў працу яшчэ некалькі сучасных п’ес. Шчыра кажучы, у цяперашняга аўтара прэваліруюць апатыя, мізантрапія, нігілізм і іншыя атрыбуты нашага часу распаду каштоўнасцей, страты арыенціраў і духоўнай дэградацыі. І вось вам галоўны аргумент у абарону вяршынных п’ес савецкай эпохі: у іх ёсць вера, надзея, любоў, якіх вельмі моцна не хапае ў новай драме.

Так склалася мая квадра спектакляў у Брэсцкім тэатры драмы: “Мой бедны Марат” Аляксея Арбузава, “Маладая сям’я здыме кватэру” Міхаіла Рошчына (у арыгінале — “Муж і жонка здымуць пакой”), “Дарагая Алена Сяргееўна” Людмілы Разумоўскай і “Старэйшы сын” Аляксандра Вампілава. Мне падаецца, усе гэтыя п’есы — не мэйнстрым савецкай драматургіі, а хутчэй — артхаус таго часу. Мэйнстрым, мяркуючы па ўсім, назаўсёды адышоў у небыццё: Карняйчук, Шатроў, Пагодзін, Сафронаў… Але засталіся няпафасныя аўтары, інтарэс да якіх не прападаў і не прападзе. Якія галоўныя тэмы Арбузава, Рошчына, Вампілава? Каханне, вернасць, рэўнасць, выбар, сям’я, сяброўства, здрадніцтва. Ды пра адвечнае пісалі! Усё ж менавіта ў пошуках гэтых трох асноўных складнікаў глядач, які схільны думаць і адчуваць, цягнецца да вакенца тэатральнай касы.

Не забывайма і пра літаратурную вартасць савецкай драматургіі. Сёння ў прасторы мастацтва зашмат невыразных дылетантаў, якія кінуліся “выратоўваць” тэатр сваімі тэкстамі, але самі пры гэтым не паспелі прачытаць ніводнай кнігі па тэорыі драмы. Усё ж раней былі фільтры: літ- і мастацкія саветы, рэдактары выдавецтваў. Надрукаваць п’есу ў той час было куды складаней, чым сёння перамагчы на “Любімаўцы” (фестываль маладой драматургіі — незалежны некамерцыйны праект расійскіх драматургаў — “К”). Але і рэзананс быў усесаюзны!

На мой погляд, тэрмін “савецкая драматургія” такі ж невыразны, як, напрыклад, “драматургія царскай Расіі”. У адным стагоддзі могуць сысціся другарадныя творцы і цудоўныя аўтары, чыя творчасць па-за часам. Шэкспір жа таксама быў вялікім драматургам у агіднай, крывавай гістарычнай эпосе. Для аналізу і разумення творчасці савецкіх драматургаў лепш за ўсё забыцца на слова “савецкі” і чытаць п’есы. Мне падаецца, прайшло дастаткова часу, каб пааддзяляць зярняты ад пустазелля і паглядзець на калісьці ласкава прынятых Арбузава, Вампілава, Розава з чыстым сэрцам. Яны ж таксама пісалі з чыстым сэрцам пра свой час.

Што тычыцца мяне, я імкнуся ставіць п’есы добрых аўтараў, якія жылі ў няпростую савецкую эпоху, у якой сам жыў і быў “шчаслівы шматразова і разнастайна”, як гаварыў адзін з герояў Валодзіна. Дарэчы, Валодзіна я чамусьці да гэтай пары не ставіў.