“Спрабуй стварыць уласны свет!”

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

Год таму рэдакцыя “К” збіралася ў майстэрні Георгія Паплаўскага пагутарыць пра яго творчасць і ўзаемаадносіны з грамадствам, Браслаўшчыну і Палессе, творы Салжаніцына, студэнцкія выставы… Некаторыя фрагменты з доўгай і шчырай размовы, што адбылася падчас той сустрэчы з народным мастаком Беларусі і была апублікавана ў леташнім № 42, хочацца цяпер нагадаць.

/i/content/pi/cult/663/14681/2.jpgУсё сваё творчае жыццё я імкнуўся рабіць тое, што хацеў, і як чалавек па натуры яршысты вельмі рэдка ішоў на кампрамісы.

Я не прыхільнік дзяліць мастацтва на левае і правае, на “чыстае” і “нячыстае”. Я памяркоўна стаўлюся да любых кірункаў у праявах творчасці. Гэта — як кветкі на лузе: чым іх больш, тым лепш. Нельга ўсю колерамузыку прыроды зводзіць да манахромнасці. Але нельга і кветку прыраўноўваць да пустазелля.

Пагадзіцеся, што лепшыя творы, якія прайшлі выпрабаванне часам, ствараліся ў рэалістычнай манеры. Рэалізм у самым высокім сэнсе слова — заўсёды толькі праўда.

Зараз усе імкнуцца ў Еўропу. Ведаеце, гэта не тое што смешна, гэта — журботна. Французская правінцыя ў Беларусі нікому не патрэбна. “Быць як у Еўропе” — на мой погляд, убогасць. Я разумею, маладым ахвота растапырыцца, паглядзець і туды, і сюды. Але як не згадаць, адкуль ты родам?

Вось я гляджу на маладых і бачу: гэты працуе пад Полака, Кандзінскага, гэты — пад Далі і Дзюшана, гэты — пад Раўшэнберга ці Малевіча. Мы ж таксама не аднаклетачныя, ездзім, бачым… А маладыя думаюць, што яны іх “адкрылі”! Журботна. Маладыя гады, маладыя пачуцці — спрабуй стварыць уласны свет!

Маім улюбёным часам дня раней была раніца, цяпер — позні вечар, калі я — у сваёй майстэрні; месяц — кастрычнік, колер — бэзавы, а кветка — касач. З дрэў — дуб, а лічба — “тры”. Люблю жывёл — маленькіх, а птушак — вялікіх. Вольны час у бяздзейнасці — непрымальны, але раней мог згуляць і ў азартныя гульні. У людзях мяне раздражняе нахабства, прагнасць, эгаізм і неабгрунтаваная прэтэнцыёзнасць бяздарнасці, чалавечая подласць. А шчасце для мяне — калі спакойна працуецца і ўсе ў сям’і здаровыя.

Я чалавек веруючы. У сэнсе веры ў тое, што трэба заўсёды быць сумленным і справядлівым, паважаць свабоду іншых і быць свабодным у сваёй волі. Веру ў сваю сям’ю, у блізкіх сяброў, у сваю прафесію, дадзеную мне звыш.

Мая галоўная задача — захаваць прысутнасць духу і пачуццё ўласнай годнасці, каб процістаяць цынічнаму нігілізму, які імкнецца “скінуць” інтэлект, набыты стагоддзямі, які заклаў фундамент нацыянальнай незалежнасці нашай краіны…