Смут­куем…

№ 44 (1327) 04.11.2017 - 11.11.2017 г

У маім жыцці — яшчэ адна страта, вялікая страта: Георгій Георгіевіч Паплаўскі. І ўсё, што адбываецца і будзе адбывацца з яго краінай, мастацтвам, з тымі, каго ён любіў, — спраўдзіцца ўжо без яго, ён завяршыў свой зямны шлях.

/i/content/pi/cult/663/14680/DSC_5551_opt.jpgАле думкай прыняць гэта вельмі цяжка. Я не магу ўсвядоміць, што ён аддзяліўся ад нас, жывых. У мяне такое пачуццё, быццам з майго лёсу выкраслена штосьці вельмі важнае, магчыма, самае дарагое: маладыя нашы гады, бурныя і непаўторныя, шматлікія мастацкія вернісажы, прагулкі па азёрных берагах любімай ім Браслаўшчыны і па вуліцах Мінска, творчыя мастакоўскія размовы, дыскусіі, частыя вячоркі ў яго майстэрні…

І ўсё гэта было напоўнена нейкім жывым натхненнем і асаблівым шчасцем нашага ўзаемаразумення. Паплаўскі ніколі не быў падобны да пустэльніка, які ў адзіноце рэалізуе свае творчыя задумы. Ён увесь час знаходзіўся на пярэднім рубяжы нашай вельмі няпростай, напружанай мастацкай рэчаіснасці. Дзіўна, але заўсёды і ўсюды паспяваў…

А перш за ўсё ён заставаўся сапраўдным творцам, сапраўдным падзвіжнікам вялікага мастацтва. У сваім жыцці Маэстра паспеў вельмі шмат, больш за 60 гадоў ён аддаў улюбёнай справе — станковай і кніжнай графіцы, жывапісу, акварэлі, малюнку. Майстэрня Георгія Георгіевіча ў легендарным мастацкім “слупку” на вуліцы Сурганава ў любы час была адкрытая для ўсіх, хто жадаў бачыць аўтарскія творы і, канешне, паслухаць цікавыя апавяданні мастака пра падарожжы па розных “паралелях і мерыдыянах” планеты, падчас якіх нараджаліся яго сапраўдныя шэдэўры. Думаю, што ніхто з савецкіх і постсавецкіх мастакоў не аб’ездзіў столькі краін і мацерыкоў, колькі гэта зрабіў Георгій Георгіевіч. Толькі адна Антарктыда засталася па-за яго ўвагай…

Вось такі ён быў, Паплаўскі! Чалавек са сваім колерам, святлом, пахам, позіркам, са сваім ні на што не падобным духоўным напружаннем. Чалавек, для якога мастацтва — форма і сэнс ягонага існавання.

Што тут яшчэ сказаць у гэтую журботную гадзіну? Цяжкасць і непапраўнасць страты наўрад ці патрабуюць тлумачэнняў. У такія хвіліны хочацца перажыць жалобную падзею моўчкі, але і маўчаць немагчыма — занадта ўжо важкім быў унёсак Народнага мастака не толькі ў наша мастацтва, але і ў сусветнае.

Ведаю адно: мастак не памірае, бо застаецца жыць у сваіх творах — гэтых дзівосных “аўтапартрэтах чалавечай душы”. Застаецца жыць для людзей — для сучаснікаў і тых, хто будзе пасля нас. І радаваць усіх чыстым святлом чароўных ліній і фарбаў. Як Сталкер у Таркоўскага — улюбёнага кінарэжысёра нябожчыка, — Георгій Паплаўскі вёў гледача да мэты, да сэнсу не наўпрост, а складаным, філасофскім шляхам. Шляхам спазнання, шляхам пластычных глыбокіх асацыяцый і нечаканых метафар, дзе кожная лінія, кожная пляма, кожны штрых гаварылі: “Тут быў Чалавек!”

Мы будзем помніць Георгія Георгіевіча, таленавітага Творцу, высакароднага рыцара сваёй прафесіі, які служыў верай і праўдай Яго Вялікасці Мастацтву. А таксама і добрага, бескарыслівага, спагадлівага чалавека, побач з якім мы ўсе станавіліся дабрэйшымі і лепшымі.

Царства Нябеснае табе, дарагі мой сябра!