Але думкай прыняць гэта вельмі цяжка. Я не магу ўсвядоміць, што ён аддзяліўся ад нас, жывых. У мяне такое пачуццё, быццам з майго лёсу выкраслена штосьці вельмі важнае, магчыма, самае дарагое: маладыя нашы гады, бурныя і непаўторныя, шматлікія мастацкія вернісажы, прагулкі па азёрных берагах любімай ім Браслаўшчыны і па вуліцах Мінска, творчыя мастакоўскія размовы, дыскусіі, частыя вячоркі ў яго майстэрні…
І ўсё гэта было напоўнена нейкім жывым натхненнем і асаблівым шчасцем нашага ўзаемаразумення. Паплаўскі ніколі не быў падобны да пустэльніка, які ў адзіноце рэалізуе свае творчыя задумы. Ён увесь час знаходзіўся на пярэднім рубяжы нашай вельмі няпростай, напружанай мастацкай рэчаіснасці. Дзіўна, але заўсёды і ўсюды паспяваў…
А перш за ўсё ён заставаўся сапраўдным творцам, сапраўдным падзвіжнікам вялікага мастацтва. У сваім жыцці Маэстра паспеў вельмі шмат, больш за 60 гадоў ён аддаў улюбёнай справе — станковай і кніжнай графіцы, жывапісу, акварэлі, малюнку. Майстэрня Георгія Георгіевіча ў легендарным мастацкім “слупку” на вуліцы Сурганава ў любы час была адкрытая для ўсіх, хто жадаў бачыць аўтарскія творы і, канешне, паслухаць цікавыя апавяданні мастака пра падарожжы па розных “паралелях і мерыдыянах” планеты, падчас якіх нараджаліся яго сапраўдныя шэдэўры. Думаю, што ніхто з савецкіх і постсавецкіх мастакоў не аб’ездзіў столькі краін і мацерыкоў, колькі гэта зрабіў Георгій Георгіевіч. Толькі адна Антарктыда засталася па-за яго ўвагай…
Вось такі ён быў, Паплаўскі! Чалавек са сваім колерам, святлом, пахам, позіркам, са сваім ні на што не падобным духоўным напружаннем. Чалавек, для якога мастацтва — форма і сэнс ягонага існавання.
Што тут яшчэ сказаць у гэтую журботную гадзіну? Цяжкасць і непапраўнасць страты наўрад ці патрабуюць тлумачэнняў. У такія хвіліны хочацца перажыць жалобную падзею моўчкі, але і маўчаць немагчыма — занадта ўжо важкім быў унёсак Народнага мастака не толькі ў наша мастацтва, але і ў сусветнае.
Ведаю адно: мастак не памірае, бо застаецца жыць у сваіх творах — гэтых дзівосных “аўтапартрэтах чалавечай душы”. Застаецца жыць для людзей — для сучаснікаў і тых, хто будзе пасля нас. І радаваць усіх чыстым святлом чароўных ліній і фарбаў. Як Сталкер у Таркоўскага — улюбёнага кінарэжысёра нябожчыка, — Георгій Паплаўскі вёў гледача да мэты, да сэнсу не наўпрост, а складаным, філасофскім шляхам. Шляхам спазнання, шляхам пластычных глыбокіх асацыяцый і нечаканых метафар, дзе кожная лінія, кожная пляма, кожны штрых гаварылі: “Тут быў Чалавек!”
Мы будзем помніць Георгія Георгіевіча, таленавітага Творцу, высакароднага рыцара сваёй прафесіі, які служыў верай і праўдай Яго Вялікасці Мастацтву. А таксама і добрага, бескарыслівага, спагадлівага чалавека, побач з якім мы ўсе станавіліся дабрэйшымі і лепшымі.
Царства Нябеснае табе, дарагі мой сябра!